Среда, 20 ноября 2019

Рэцэпты на Біс: батон запечаны з сырам і часнаком

537

Рэцэпт ад загадчыцы аддзела вэб-інфармацыі газеты «Раённыя будні» Кацярыны ПАШКЕВІЧ.


Добры дзень, паважаныя чытачы і аматары рубрыкі «Рэцэпты на Біс». У кастрычніку нашаму выданню споўніцца ні многа ні мала — 80 гадоў. Мы ўжо пачалі рыхтавацца да выпуску святочнага нумара, а пакуль вырашылі пазнаёміць вас з нашым калектывам праз… кулінарную рубрыку.
Мяне завуць Кацярына Пашкевіч і амаль усе «Рэцэпты на Біс», якія былі на-друкаваны ў газеце, падрыхтаваны мною, таму на рэдакцыйнай нарадзе было вырашана, што мне першай і пачынаць.
Я люблю гатаваць і ў запасе маю сотні самых разнастайных рэцэптаў. На жаль, не ўсе з іх магу выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці, бо гатую, у першую чаргу, для вельмі прыдзірлівага гурмана — дачкі Марыі (вельмі спадзяюся, што яна гэтага не прачытае, інакш дома мяне будзе чакаць сур’ёзная размова). У маленстве накарміць Машу было вельмі няпроста: яна не дакраналася да страў, у якіх больш за тры інгрэдыенты. На шчасце, з кожным годам дагадзіць ёй усё прасцей і ў спіс «дазволеных» трапляюць усё новыя прадукты.
Рэцэпт, якім я сёння з вамі падзялюся, стаў у свой час для мяне сапраўдным выратавальнікам.
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
батон,
цвёрды сыр — 150-200 г,
масла сметанковае — 200 г,
часнок і зеляніна — на смак.
ПРЫГАТАВАННЕ
У батоне (пажадана не надта свежым) зрабіць папярэчныя надрэзы прыкладна праз кожны сантыметр. Сыр і масла (папярэдне ахалоджанае) нацерці на буйной тарцы, дадаць здробнены часнок і зеляніну, усё добра перамяшаць. Атрыманую масу размеркаваць па надрэзах. Батон загарнуць у фольгу і адправіць у духоўку на 15-20 мінут, пасля разгарнуць фольгу і пакінуць яшчэ на пяць мінут. Страву ўжываць у гарачым выглядзе. Адметна, што батон не губляе сваіх якасных вартасцей і на наступны дзень. Для гэтага толькі трэба змясціць яго ў мікрахвалёўку на некалькі секунд або мінуту (у залежнасці ад памераў кавалка).
Смачна есці!