Понедельник, 23 сентября 2019

В благоустройстве Ружан принял участие студенческий отряд

464

Практыка студэнцкіх атрадаў не аджыла сябе. Традыцыйна на тэрыторыі раёна летам працуюць і юныя пружанцы. Як правіла, штогод гатовы даць магчымасць маладым людзям папрацаваць шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Гэтым летам магчымасць набрацца працоўнага вопыту і зарабіць грошай дало моладзі і Пружанскае КУВП «Камунальнік»: тут прынялі на работу членаў нават двух студатрадаў. Абодва працавалі на базе зялёнай гаспадаркі. Першы — з ліку гарадскіх школьнікаў — дзейнічаў у ліпені. 14 маладых людзей, пераважна дзяўчаты, вырошчвалі расаду, палолі клумбы і расадны матэрыял, займаліся абрэзкай дэкаратыўных кустоў на гарадскіх вуліцах. За сваю змену, якая доўжылася дзесяць дзён, яны атрымалі каля 200 рублёў.

А літаральна на днях закрыў змену другі студатрад, які шчыраваў у г.п.Ружаны. Складаных заданняў яго байцам не давалі. Дзевяць мясцовых падлеткаў дапамагалі добраўпарадкоўваць гарадскі пасёлак да «Дажынак»: фарбавалі платы, займаліся праполкай, прыбіралі смецце і выконвалі іншыя пасільныя работы.

Тым часам трэці працоўны семестр на Пружаншчыне наблізіўся да завяршэння. І тыя, хто ўпершыню далучыўся да студатрадаўскага руху, прызнаюцца, што для іх гэта бясцэнны вопыт: яны навучыліся працаваць у калектыве, паважаць чужую працу, дапамагаць адзін аднаму і, што немалаважна, даведа-ліся цану заробленай капейкі.

НА ЗДЫМКАХ: працоўны атрад у Ружанах.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.