За «польскім часам» незабудаваны вялікі пляц на выездзе з горада выкарыстоўваўся для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Як узгадвае ў сваіх успамінах ураджэнец Пружан Анджэй Свяньціньскі, падчас розных святкаванняў вайскоўцы (а размяшчаліся ў нашым горадзе часці лёгкай артылерыі і 25-ы полк уланаў вялікапольскіх) наладжвалі паказальныя выступленні коннікаў, спаборніцтвы па валоданні шабляй і кап‘ём. Сродкі, сабраныя падчас бяспройгрышных латарэй, якія традыцыйна разыгрываліся ў святочныя дні, ішлі на дабрачыннасць.
«Акрамя парадаў, конкурсаў, вайсковых выступленняў, спяваў хор, ігралі аркестры, праводзілі фестываль. Фестывальныя дзеі наладжваліся па вуліцы 3 Мая. Бацька аддаў мяне пад апеку нашага засімавіцкага каваля Сяргея Ракіцкага. У латарэю мы выйгралі парася, якое выменялі на стрэльбішчы на магчымасць пастраляць для Сяргея, а мне дасталіся ласункі, сярод якіх вялізная цукровая вата на палачцы»…
Аўтар апісвае першую палову 1930-х гадоў, а фота, якое мы сёння змяшчаем, зроблена ў 1938-м, падчас правядзення свята песні. Паводдаль бачна тое самае «стрэльбішча», або цір.
Пасля вайны былая вуліца 3 Мая пачала называцца Чырвонаармей-скай. На месцы «пляца» да 1966 года размяшчаўся гарадскі стадыён, цяпер тут – Пружанскі завод радыёдэталяў.
Ірына СЯДОВА.
Фота з архіва А.М.Куроўскай.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас ёсць свае «гісторыі з фатаграфіямі», дасылайце іх на электронны адрас RRBud2@brest.by або тэлефануйце нам па нумарах: 9-12-36, 9-15-02.