Суббота, 14 декабря 2019

Этап велогонки «Тур де Брест» прошел через Пружаны

373

На працягу шасці дзён з 13 па 18 жніўня на дарогах Брэсцкай вобласці праходзіў адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па веласпорце ў шматдзённай гонцы на шашы сярод мужчын на прызы «Сельскай газеты». На старт выйшла 53 велагоншчыкі з Мінска і шасці абласцей краіны.


Для лідараў беларускага веласпорту спаборніцтва, якое атрымала неафіцыйную назву «Тур дэ Брэст», стала важным этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату свету. Для моладзі — магчымасцю атрымаць месца ў прафесійным клубе.
За шэсць дзён велагоншчыкі пераадолелі больш за 700 кіламетраў па тэрыторыі Брэсцкага, Камянецкага, Пружанскага, Драгічынскага і Бярозаўскага раёнаў.
Перад шматдзёнкай у Камянцы вызначыліся прызёры чэмпіянату краіны ў каманднай гонцы на 50 кіламетраў. Перамогу атрымалі прадстаўнікі Гомельскай вобласці. На другім месцы каманда Брэсцкай вобласці, трэцімі сталі мінчане.
Першы этап шматдзённай велагонкі працягласцю 138 кіламетраў стартаваў ад сцен Брэсцкай крэпасці. Фінішавалі велагоншчыкі ў пасёлку Белавежскі. Першым на фінішы быў Аляксей Шнырко з каманды Мінскай вобласці. У тройку мацнейшых трапілі таксама Раман Раманаў (Гомельская вобласць) і Канстанцін Клімянкоў (Мінская вобласць).
Другі этап велагонкі фінішаваў на стадыёне ў Камянцы. Тут першым стаў Яўген Каралёк — прызёр II Еўрапейскіх гульняў, які прадстаўляў Гродзенскую вобласць. Другое і трэцяе месцы падзялілі адпаведна Дзяніс Мазур (Брэсцкая вобласць) і Уладзіслаў Кібісаў (Віцебская вобласць). У гэты ж дзень адбылася і індывідуальная гонка на 25 кіламетраў.


Чацвёрты этап шматдзённай велагонкі працягласцю 144 кіламетры фінішаваў у мінулую пятніцу на плошчы ля райвыканкама ў Пружанах. Першым фінішаваў Аляксей Пяшкун з каманды Мінска. Другім стаў Станіслаў Бажкоў з Віцебскай вобласці, трэцім — Артур Кірыевіч з Брэсцкай. Тут жа на плошчы адбылася цырымонія ўзнагароджвання лепшых велагоншчыкаў па выніках чацвёртага этапу.


У суботу на плошчы ля райвыканкама стартаваў пяты этап шматдзёнкі па маршруце Пружаны-Белаазёрск. На завяршальным шостым этапе спартсмены пераадолелі звыш 100 кіламетраў па маршруце Белаазёрск-Драгічын-Бяроза.
Па выніках спаборніцтваў у камандным заліку першае месца дасталася велагоншчыкам з Гомельскай вобласці. У тройку прызёраў трапілі таксама каманды Брэсцкай і Віцебскай абласцей.
А.М.Логвін, Заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён XXII Алімпійскіх гульняў у Маскве ў каманднай гонцы на шашы:


— Пераможцы шматдзённай велагонкі вызначаюцца па суме ўсіх этапаў. Кожны з этапаў захоўвае сваю інтрыгу. Часта гоншчыкі ідуць у адрыў з надзеяй захаваць яго да самага фінішу.
Свае карэктывы ўносіць і нябесная канцылярыя. Напрыклад, першы этап прайшоў ва ўмовах дажджлівага надвор’я. Абышлося без траўмаў, і гэта вельмі добра. Сёння ў Пружанах сонечна, што нас, безумоўна, радуе.
У гонцы ўдзельнічае шмат маладых спартсменаў, якія імкнуцца пазмагацца з вядомымі велагоншчыкамі.
Мікола АРХУЦІК.
На здымку: падчас узнагароджвання пераможцаў велагонкі ў Пружанах.
Фота аўтара.