Среда, 11 декабря 2019

Малина, клубника, ежевика. Молодая семья год назад арендовала 8 га земли и уже может похвастаться урожаем

909

Кірыл Ерафееў нарадзіўся ў сям’і вайскоўца. Калі хлопчыку было тры гады, бацьку перавялі на новае месца службы — у Засімавіцкі гарнізон. Пасля школы ў Брэсцкім ПТВ-65 набыў прафесію будаўніка. Працаваў некаторы час па спецыяльнасці, а потым займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю.


У мінулым годзе Кірыл з жонкай Алёнай атрымалі каля 8 гектараў зямлі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Участак знаходзіцца недалёка ад дома, што вельмі зручна.
— На месцы зямельнага ўчастка рос хмызняк, — гаворыць Кірыл Генадзьевіч. — Спачатку трэба было яго выкарчаваць і прывесці зямлю ў належны выгляд. На зямельным участку прабілі свідравіну і арганізавалі кропельнае арашэнне.
Сёлета на ўчастку Ерафеевых растуць маліна, клубніцы і ажына. Заняліся таксама вырошчваннем часнаку. Высадзілі 40 дрэўцаў буйнаплоднай алычы.
З тэхнікі Ерафеевы маюць пакуль толькі мотаблок. Хаця вядуцца размовы і пра набыццё ўласнага трактара. Пакуль жа карыстаюцца паслугамі тэхнікі ААТ «Жураўлінае» і абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі. А вось з уборкай ураджаю спраўляюцца самі. Дочкі Паліна і Вераніка таксама працуюць — з задавальненнем дапамагаюць бацькам.
— Рэалізуем вырашчаную прадукцыю часцей за ўсё аптовым пакупнікам, — кажа Кірыл.
На перспектыву сям’я Ерафеевых плануе заняцца вырошчваннем вінаграду. А ўвогуле, як яны лічаць, вырошчванне ягадных культур у нашай мясцовасці — гэта выгадны накірунак дзейнасці.

На здымку: Кірыл і Алёна Ерафеевы з дочкамі Палінай і Веранікай на сваім зямельным участку.
Мікола Архуцік. Сяргей Талашкевіч (фота).