Понедельник, 19 августа 2019

В Городечно прошел II военно-исторический фестиваль

251

Салдаты ў форме расійскага і напалеонаўскага войскаў, азарт атакі і горыч паражэння… І гэта не радкі з нейкага класічнага твора. Гэта – атмасфера бітвы, якая ў гісторыю Айчыннай вайны 1812 года ўвайшла як “Бітва пад Гарадзечна”, і якую пастараліся перадаць рэканструктары гістарычных падзей у мінулую нядзелю менавіта ў той самай вёсцы — Гарадзечна.

Ваенна-гістарычны фестываль «Дзень памяці-1812», які ладзіцца па ініцыятыве Брэсцкага аддзела Беларускага казацтва рэлігійнай абшчынай «Праваслаўны прыход храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў в.Гарадзечна», праходзіў другі раз.


Сёлета ўдзел у мерапрыемстве прынялі госці з Мінска – ваенна-гістарычнае грамадскае аб’яднанне «Мінскі пяхотны полк», маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Інтэлект. Інфармацыя. Прагрэс», а таксама кадэты клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Грэнада» з Брэста. Менавіта яны і правялі інсцэніроўку бою ў мундзірах рускіх і напалеонаўскіх салдатаў.


Але спачатку на месцах пахавання загінулых 1812 года былі ўскладзены кветкі і праведзена заўпакойная ліція. Гістарычныя дакументы сведчаць, што тут у выніку бітвы 3-й расійскай арміі пад камандаваннем генерала Тармасава з войскамі Напалеона загінула і было пахавана некалькі тысяч рускіх, аўстрыйскіх і саксонскіх воінаў.
Малебен адбыўся і перад так званым боем. У прывітальным слове настаяцель прыхода айцец Георгій Хадыніцкі напомніў важнасць гістарычнай бітвы пад Гарадзечна, а таксама тое, што мясцовы храм быў пабудаваны ў памяць менавіта аб тых падзеях. І святар, і кандыдат гістарычных навук, выхадзец з гэтых мясцін Леанід Несцярчук заклікалі людзей памятаць сваё мінулае, каб найперш шанаваць мір, у якім мы жывём.

На стадыёне былой Гарадзечненскай школы, дзе і разгарнулася галоўнае дзейства, гучалі стрэлы, раздаваліся вайсковыя каманды. Цікаўныя са сваімі пытаннямі падыходзілі то да «рускіх», то да «французаў», і тыя не толькі ахвотна давалі адказы, але і фатаграфаваліся з усімі жадаючымі. А затым сваю артыстычную пляцоўку разгарнулі работнікі Шаняўскога сельскага клуба, дзе далі асалоду душы прадстаўнікам пажылога насельніцтва. І калі бабулі з дзядулямі з замілаваннем слухалі песні, то маладзейшыя вяскоўцы пускаліся танцаваць. Для многіх, хто знарок прыехаў на гэта дзейства ў Гарадзечна, была яшчэ і цудоўная нагода для прыемных сустрэч з сябрамі дзяцінства і юнацтва.

Варта адзначыць, што як след арганізавала прыём гасцей і мясцовая ўлада. Быў значна пашыраны асартымент тавараў у магазіне, з дапамогай ДЭУ-140, лясніцтва і сельгаспрадпрыемства наведзены належны парадак на месцах правядзення вызначаных мерапрыемстваў. Малая радзіма не толькі вабіць, але, як і раней, працягвае радаваць.

Галіна Каляда. Фота аўтара і Аляксея ГАНЧУКА .