Понедельник, 19 августа 2019

Гісторыя з фатаграфіяй. «Белыя лаўкі» ў перыяд застою

334

Зараз бывае часам цяжка ўявіць, што некалі Пружаны былі вось такімі: шэранькімі, з разбітымі дарогамі і гразкімі ў непагадзь вуліцамі, нязручнымі і для пешаходаў, і для аўтамабілістаў. Затое ў цэнтры горада раслі дрэвы, галіны на якіх увесну камунальшчыкі бязлітасна абстрыгалі пад самыя ствалы.


Не ўсе памятаюць і нашы знакамітыя «Белыя лаўкі» да таго, як да іх датыкнулася рука рэстаўратара. Гэтае фота зроблена не раней пачатку 1970-х гадоў (можна меркаваць аб гэтым па пяціпавярхоўках на заднім плане, узведзеных у 1971-72 годзе). Разваленыя месцамі прыступкі, шмат разоў залатаны дах. Тут тады яшчэ працавалі крамы райспажыўтаварыства: прадавалі гаспадарчыя тавары, бакалею, кнігі…
А яшчэ з гэтага боку, прыкладна там, дзе на здымку стаіць дзіцячая каляска, была незразумелая цяперашнім пакаленням шыльда: «Запраўка сіфонаў». Газаваная мінералка з магазіна ў шкляных бутэльках была не вельмі папулярнай: і дорага, і бутэлькі потым трэба здаваць — тая яшчэ праблема. А двухлітровы сіфон з кранікам можна было шматразова напаўняць вадой, якую насычалі газам са спецыяльнага балона, і каштавала гэтая паслуга нейкія капейкі. Зразумела, па ваду ганялі падлеткаў. Не вельмі любілі мы гэтую справу. Аднойчы падыходжу да патрэбнай крамы, бачу: дзверы замкнёныя, а на іх запіска: «Газы скончыліся»…
Ірына СЯДОВА.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас ёсць свае «гісторыі з фатаграфіямі», дасылайце іх на электронны адрас RRBud2@brest.by або тэлефануйце нам па нумарах: 9-12-36, 9-15-02.