Вторник, 19 ноября 2019

А где вы делаете покупки к школе?

790

Зборы ў школу — справа хоць і звычайная, але кожны год хвалюючая. Прыгожа выглядаць жадаюць усе: ад першакаласнікаў да выпускнікоў. І перад бацькамі паўстае праблема: як задаволіць патрэбы дзіцяці і зберагчы пры гэтым сямейны бюджэт. Кожная сям’я з часам набывае шэраг уласных сакрэтаў, якія дазваляюць зрабіць падрыхтоўку менш затратнай па часе і сродках. Падзяліцца сваімі лайфхакамі мы папрасілі і жыхароў Пружан.


У сям’і Курачынскіх дзве дачкі. Старэйшая Вікторыя сёлета стане першакласніцай СШ №5. Па першую школьную форму Курачынскія прыйшлі ўсёй сям’ёй у «Дзіцячы свет». Бацькі прызналіся, што пакуль прыглядаюцца да цэн, але ўжо дакладна ведаюць, што частку экіпіроўкі набудуць у Пружанах. Для першакласніцы, лічаць яны, тут ёсць нядрэнны выбар.


Зразумела, кожны з бацькоў імкнецца зрабіць пакупкі, зыходзячы і са свайго даходу, і сваіх густаў, і, нарэшце, упадабаных месцаў для падобнага шопінгу. Мы звярнуліся да пружанскіх мам з пытаннем, як яны збіраюць сваіх дзяцей у школу і дзе гэта робяць?
Святлана Кавальчук:


— Усе канцтавары мы набываем у магазіне “Вясёлка”, а вось па адзенне і абутак едзем у Брэст. Я не люблю гатовыя касцюмы, а імкнуся сама ствараць вобраз. Вось і сёлета мы ўжо купілі штаны, кашулю і камізэльку ў фірменным магазіне “LC Waikiki». Што тычыцца абутку, то нас поўнасцю задавальняе выбар і сістэма скідак у “Мегатопе”.

Таццяна Казлоўская:


— У мяне трое дзетак, двое з якіх школьнікі. Кожны год у канцы лета я еду разам з дзецьмі да мамы ў Пінск. Менавіта там мы і збіраемся ў школу. У Пінску ёсць два вялікія рынкі і мноства магазінаў, якія задавальняюць патрэбы самага пераборлівага пакупніка. Таму зборы ў школу ў нас праходзяць за адны выхадныя.

Алена Шопік:


— Літаральна на днях я была ў Брэсце, дзе і рабіла пакупкі для школы для сваіх трох школьніц.
Звычайна я выбіраю дзяржаўныя магазіны ЦУМ і “Дзіцячы свет”. За адну паездку можна падабраць адзенне адразу на ўсіх, у тым ліку і на маленькага сына.
Абутак амаль заўсёды мы набываем у магазінах “Марка”, мяне задавальняюць суадносіны цаны і якасці. А вось сшыткі і іншыя прылады я купляю побач з домам у кіёску «Белдруку».

Вольга Мазіна:


— У мяне два хлопчыкі-школьнікі. Здаецца, збіраць хлопцаў у школу прасцей, чым модніц-дзяўчынак.
Я ўжо не першы год літаральна ўсё неабходнае для школы (ад сшыткаў да абутку) заказваю ў некалькіх інтэрнэт-магазінах. Гэта дазваляе мне значна эканоміць, а маім дзецям выглядаць стыльна. За гады такіх пакупак у мяне назапасілася мноства бонусаў, што дазваляе набываць рэчы са значнымі зніжкамі.

Аксана Грышанкова:


— У мяне трое дзяцей. Старэйшая дачка сёлета стала студэнткай, сярэдняя – дзесяцікласніца.
З дзяўчынкамі прасцей, яны дарослыя і ўжо самі ведаюць, што жадаюць апрануць. На працягу ўсяго лета мы паступова робім пакупкі, прычым у розных гарадах. Часцей за ўсё — у Гродне ці Брэсце. У Пружанах мяне задавальняе выбар канцылярскіх тавараў.
А вось сынок толькі ў гэтым годзе пойдзе ў школу. Яго мы яшчэ не “апраналі”. Зоймемся гэтым у бліжэйшы час і паспрабуем пераўтварыць шопінг у свята для яго.

Ганна Солад:


— Сваіх школьнікаў я апранаю паступова. Ужо з красавіка я сачу за распродажамі ў інтэрнэт-магазіне, не чакаю апошняга моманту. Часам заказваю нешта з Польшчы. У нашым горадзе вельмі малы выбар адзення, а цэны вышэй, чым у буйных гарадах.
Сын сёлета адпачываў у лагеры «Юны турыст», дзе за актыўны ўдзел у мерапрыемствах атрымаў алоўкі, фламастары, пластылін і многае іншае, што з гонарам перадаў малодшай сястры. На дадзены момант нам засталося купіць толькі сшыткі. Думаю, што набудзем іх у Пружанах.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).