Понедельник, 19 августа 2019

Ружаны готовятся к «Дожинкам»

1 048

Пакуль аграрыі Брэстчыны шчыруюць на палетках, у Ружанах працягваюць рыхтавацца да ўшанавання перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці. Наколькі пасёлак гатовы да абласнога свята працаўнікоў сяла «Дажынкі», кожны тыдзень ацэньваюць члены адпаведнага штаба на чале са старшынёй райвыканкама Ю.Ю.Бісуном. І гэты чацвер не стаў выключэннем.

Нягледзячы на тое, што да «Дажынак» застаецца ўсяго каля месяца (дарэчы, па аб’ектыўных прычынах было прынята рашэнне перанесці мяркуемую дату правядзення з 24 жніўня на больш позні час), гаварыць, што ў пасёлку ўжо ідуць апошнія прыгатаванні, яшчэ рана. Аб’ектаў, якія завершаны цалкам, калі так разабрацца, няшмат: на адных праца ўсё яшчэ кіпіць, на іншых падчас абходу было выяўлена нямала недахопаў, якія трэба выправіць у самы бліжэйшы час. Ды і лічбы гавораць самі за сябе: па стане на восьмага жніўня працэнт асваення сродкаў, выдзеленых на падрыхтоўку да фестывалю з раённага бюджэту, складае 52,6%, з абласнога — 87%.

Варта адзначыць, што ў спісе больш за сотню аб’ектаў, якія павінны паўстаць у абноўленым выглядзе. І гэта не толькі аб’екты арганізацый, але і жыллёвы фонд пасёлка. Што да рамонту фасадаў, то Ю.Ю.Бісун незадаволены безгаспадарчым падыходам, з якім гэтыя работы выконваліся.

— Няўжо нельга было прадугледзець водаадводы?! Што назіраем у выніку? Фасады яшчэ толькі пафарбавалі, а фарбы на некаторых пачынаюць «адлятаць», — выказаўся на гэты конт Юрый Юр’евіч.

На шэрагу аб’ектаў можна было б ужо і паставіць фінальную кропку, але такія дробязі, як непрыбранае будаўнічае смецце, раскіданыя дошкі, неахайныя газоны, не дазваляюць гэта зрабіць. Прычым на такую безгаспадарлівасць звяртаецца ўвага адказных службовых асоб не першы раз.

У ходзе абходу прымаліся рашэнні ўнесці карэкціроўкі ў план добраўпарадкавання канкрэтных аб’ектаў. Што адметна, усе — з улікам зручнасці для саміх пасялкоўцаў.

— Да ўсяго неабходна па-гаспадарску падыходзіць, быццам для сябе робіш, — зазначыў кіраўнік раёна. — Проста  абы зрабіць — недастаткова: трэба, каб людзям на гады засталося.

Краевугольным каменем аказаўся будынак былога манастыра базыльян, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Дзякуючы мясцовай гаспадарцы, якая выдзеліла спонсарскую дапамогу, справа не стаіць на месцы. Але трэба вырашыць, як надаць помніку архітэктуры прывабнасць і пры гэтым захаваць яго выгляд як мага больш набліжаным да першаснага. Будучы заціснутымі ў часавыя рамкі, рабочыя, вядома, могуць наляпаць тынкоўкі, якую    неўзабаве давядзецца збіваць і перарабляць усё па-новаму. Каб не аказалася так, што грошы будуць выкінуты на вецер, мясцоваму святару Аляксандру Сеню прапанавалі наладзіць супрацоўніцтва з прафесійнымі рэстаўратарамі.

«Вялікая будоўля» разгарнулася ў цэнтры пасёлка і каля сажалкі: тут разбіта рэкрэацыйная зона — месца для адпачынку. Будаўнікі спадзяюцца, што мясцовым жыхарам яно спадабаецца.

Паварушыцца варта і рабочым, якія шчыруюць у мясцовым кафэ «Ружанка». Згодна з планам, рабочыя павінны да 12 жніўня завяршыць аддзелачныя работы, пасля чаго ў жыццё пачне ўвасабляцца сам дызайн праекта. Марудзіць з рамонтам будынка, які выкупіў для фірменнага гандлю, ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат».

Жадаючы атрымаць адказы на надзённыя пытанні, жыхары вуліцы Урбановіча ў той дзень чакалі членаў штаба каля сваіх домаўладанняў. Людзі выказвалі занепакоенасць тым, ці будзе усё-такі па іх вуліцы пакладзены тратуар, зроблены з’езды ў двары. Старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун параіў людзям чэрпаць інфармацыю з афіцыйных крыніц, а не з чутак. У прыватнасці, ён супакоіў, што па правым баку вуліцы Урбановіча тратуар будзе пакладзены да скрыжавання з вуліцай Казіміра Марача.

Разам з тым, раённая ўлада лічыць сваім абавязкам вырашыць пытанне з добраўпарадкаваннем праблемнага скрыжавання вуліц Урбановіча і Косаўскай, дзе зімой здарылася страшная трагедыя, якая  стала  рэзананснай. Пакуль справа марудзіцца з-за неразумення з боку гаспадыні домаўладання, якое знаходзіцца побач са злашчасным месцам. Але пашырэнне тэрыторыі для ўладкавання тратуара — справа часу.

Тым часам мясцовая ўлада вызначае месцы, дзе ў пасёлку з’явяцца арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі. Напярэдадні «Дажынак» у Ружанах запланавана правядзенне традыцыйнага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод рабочых зялёных гаспадарак вобласці.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).