Понедельник, 19 августа 2019

Голос «за кадром», или хлопоты дежурного по станции Оранчицы

392

Голас дзяжурнага па станцыі Аранчыцы М.В.Лукіна часта чуюць пасажыры чыгункі. Хаця сам Міхаіл Валер’евіч зазначае, што абвяшчэнне прыбыцця цягніка — гэта не самы галоўны і нават, так бы мовіць, пабочны яго абавязак. На працягу 12 гадзін сваёй змены дзяжурны сочыць за дакладнасцю работы маршрутнай сеткі, адказвае за паступовы рух цягнікоў і, зразумела, за спакойную дарогу тых, хто рухаецца «з пункта А да пункта Б».


— Сачыць за гэтым, звязвацца з машыністамі і калегамі на іншых прыпынках даводзіцца дзясяткі разоў за змену, асабліва ў гарачыя перыяды, калі вядзецца рамонт рэйкавых шляхоў,— расказвае М.В. Лукін.— У абавязкі ўваходзіць таксама размеркаванне вагонных брыгад і кантроль іх работы. І начное дзяжурства не менш насычанае за дзённае.
Міхаіл Валер’евіч літаральна зжыўся са сваёй прафесіяй, хаця пасля школы планаваў стаць ваенным. Але лёс распарадзіўся па-свойму — і хлопец вырашыў падысці да рэалізацыі сваёй мары з іншага боку: у 1988 годзе апрануў форму чыгуначніка.
Больш за тры дзесяцігоддзі Лукін працуе на станцыі Аранчыцы: пачынаў з манцёра пуці, быў аглядчыкам і рамонтнікам вагонаў. Усе асаблівасці нялёгкай працы спазнаваў з дапамогай старэйшых настаўнікаў. Як сам зазначае, «пашчасціла трапіць на зрэз эпох, калі старэйшае пакаленне саступала дарогу малодшаму». Добрую навуку атрымаў ад Міхаіла Васілюка, Івана Патапчука, Мікалая Ціткова. Атрыманы вопыт яму неаднаразова спатрэбіўся, калі сам вучыў маладых.
Апошнія шэсць гадоў М.В.Лукін працуе дзяжурным па станцыі. Аб тым, што так склалася жыццё, заслужаны чыгуначнік ніколі не пашкадаваў. Многае, што мае зараз, дала яму чыгунка. Падчас працы тут стварыў сям’ю, выгадаваў дзяцей, атрымаў павагу ад калег.
На працягу нашай размовы Міхаіл Валер’евіч некалькі разоў перапыняўся: адказваў на тэлефонныя званкі, выдаваў распараджэнні па радыёстанцыі. А напрыканцы карэспандэнту «раёнкі» пашчасціла пачуць «ужывую», а не па рэпрадуктары абвестку: «На першую платформу прыбывае электрацягнік Баранавічы-Брэст. Стаянка — дзве мінуты».
Алег Сідарэнка. Фота аўтара.