Понедельник, 23 сентября 2019

Сотыми молодоженами в этом году стали Анна Лукьянчук и Дмитрий Жук. Совет да любовь!

1 429

У аддзеле ЗАГС райвыканкама прайшла сотая з пачатку года рэгістрацыя шлюбу. Маладымі, якія сёлета аказаліся «юбілейнай» парай, сталі Ганна Лук’янчук і Дзмітрый Жук.
Перш чым зрабіць такі важны і сур’ёзны крок, як стварэнне сям’і, маладыя людзі на працягу шасці гадоў будавалі адносіны, прыглядаліся адзін да аднаго, выпрабоўвалі пачуцці на трываласць. Затое цяпер ведаюць, што падпадаюць пад дзеянне закона фізікі: супрацьлегласці прыцягваюцца. Ганна — актыўная, вясёлая, гаваркая, рухавая дзяўчына. А вось Дзмітрый вылучаецца спакоем, ураўнаважанасцю, разважлівасцю. І яны лічаць, што гэта да лепшага: Дзмітрый не сумуе побач з абранніцай, якая, у сваю чаргу, робіць кожны іх сумесны дзень яркім і насычаным.


Ганна па прафесіі — культар-ганізатар, працуе ў Палацы культуры. Ураджэнка вёскі Чапялі закончыла Гродзенскі каледж мастацтваў, спачатку па размеркаванні трапіла ў Шарашэва. Дзякуючы рабоце, сустрэла і мужа. Дзмітрый хаця і не культработнік, а вадзіцель, працуе ў гэтай жа сферы.
— Аднойчы Дзіма прывёз на нараду свайго начальніка, а сам зайшоў у Дом культуры, каб забавіць час. Так і пазнаёміліся, — падзялілася маладая гісторыяй знаёмства з мужам.
Ён жа, згадваючы пра той выпадак, сёння прызнаецца: яго ногі быццам самі прывялі туды, дзе была другая палавінка. Калі ўбачыў прыгажуню Ганну, адразу зразумеў, што губляцца нельга.
Паставіць кропку на сваім халасцяцкім жыцці Дзмітрый вырашыў прыгожа: прыехаў на работу да любай з пярсцёнкам і кветкамі.
— Адказ трэба было даваць тэрмінова: Дзіму раптоўна выклікалі на работу, — усміхаецца яна, згадваючы той дзень. — Амаль так жа і заяву ў ЗАГС падавалі…


Для маладых стала прыемным сюрпрызам, калі, акрамя родных і сяброў, у ЗАГС з віншаваннямі і падарункамі прыйшлі і прадстаўнікі адміністрацыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама галіновага прафсаюза. І пра тое, што яны аказаліся сотай парай, якая сёлета рэгіструе шлюб, Ганна і Дзмітрый таксама даведаліся ў апошні момант.
— Спадзяёмся, што гэта нейкі ўдалы знак, які будзе садзейнічаць шчасліваму сямейнаму жыццю. Хаця самі па сабе мы — людзі, якія не вераць у забабоны і «магічныя» супадзенні лічбаў. Таму на нашы пачуцці гэта не паўплывае: яны і без таго шчырыя і моцныя.
Марына Вакульская.