Понедельник, 19 августа 2019

Ход уборочной в ОАО «Отечество» оценил Михаил Мясникович

797

Напрыканцы мінулага тыдня ў Брэсцкай вобласці з рабочай паездкай пабываў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч. У пятніцу ён наведаў Пружаншчыну, каб азнаёміцца з ходам уборачнай кампаніі. На адным з палеткаў ААТ «Айчына», паблізу вёскі Задвараны, Міхаіла Мясніковіча разам са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Ю.І.Наркевічам сустракалі старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Т.А.Вараб’ёва, дырэктар ААТ «Айчына» П.Т.Жук.
Аб ходзе сёлетняга жніва ў гаспадарцы М.У.Мясніковічу расказаў дырэктар П.Т.Жук. У прыватнасці, Пётр Тамашавіч паведаміў, што справіліся з уборкай азімага ячменю і рапсу. Ураджайнасць азімага ячменю атрымалася 46,1 ц/га, а азімага рапсу — 23,4 ц/га.

Цяпер на палетках на ўборцы збожжавых і зернебабовых працуе 13 камбайнаў, а нагрузка на адзін з іх складае 280 гектараў. Кіраўнік зазначыў, што камбайнавы парк патрабуе абнаўлення. Напрыклад, камбайн «Джон Дзір», які працуе на палетках, 2002 года выпуску.
Здараюцца выпадкі і паломкі ўборачных машын.
Што датычыцца ўборкі збожжавых і зернебабовых, то яны былі ўбраны на палове плошчаў. Ураджайнасць пры гэтым склала 33 ц/га. Як адзначыў М.У.Мясніковіч, яна магла б быць і вышэйшай, калі б больш уносілася мінеральных угнаенняў.

Цікавіўся Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і становішчам спраў у эканоміцы гаспадаркі.
Вядома, што асноўную частку грашовых паступленняў ААТ «Айчына» атрымлівае ад рэалізацыі малака і мяса. Але праблема ў тым, што на мінулую зімоўку было недастаткова назапашана кармоў. Гаспадарка была вымушана набываць іх за межамі раёна, а гэта ўсё дадатковыя затраты. Небагата пакуль нарыхтавана травяністых кармоў і сёлета: на адну ўмоўную галаву жывёлы — 5,7 цэнтнера кармавых адзінак.Адшукваюцца дадатковыя рэзервы павелічэння нарыхтовак кармоў. Так 1,5 тысячы тон сенажу нарыхтавана ў Ганцавіцкім раёне. Нарыхтоўка кармоў будзе праводзіцца яшчэ і на тэрыторыі ААТ «Роўбіцкае».

Па разліках разам з кукурузай ёсць магчымасць нарыхтаваць сёлета на адну ўмоўную галаву жывёлы 28 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў.
Як зазначыў М.У.Мясніковіч, неабходна запусціць у эксплуатацыю ўласны камбікормавы завод, што дасць магчымасць знізіць затраты ў жывёлагадоўчай галіне.
Праблема ААТ «Айчына» яшчэ і ў тым, што гаспадарка мае вялікую крэдыторскую запазычанасць, у тым ліку і па валютных крэдытах. Дырэктар ААТ «Айчына» П.Т. Жук унёс прапанову змяніць тэрміны пагашэння валютных крэдытаў.

Старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун праінфармаваў М.У. Мясніковіча аб ходзе жніва ў Пружанскім раёне.
Як запэўніў кіраўнік раёна, уборка збожжавых і зернебабовых культур будзе завершана на працягу двух тыдняў. Валавы збор збожжа чакаецца на ўзроўні 114 тысяч тон. Ён будзе дапоўнены кукурузай, якой плануецца ўбраць на зерне на плошчы 1900 гектараў. Гаспадаркі раёна для дзяржаўных патрэб паставяць 8800 тон збожжа.
Ю.Ю.Бісун адзначыў, што ў раёне адноўлена пагалоўе свіней у колькасці 55 тысяч галоў. На сустрэчы было за-кранута таксама пытанне далейшай работы СТАА «Данон Пружаны».
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.