Вторник, 12 ноября 2019

Кто остановит трагедии на воде?

584

З пачатку бягучага года на Брэстчыне патануў 41 чалавек, гэта на 15 больш, чым за той жа перыяд мінулага года. За сухімі лічбамі хаваецца гора многіх сем’яў, дзе трагедыі заўчасна абарвалі жыццё родных. Практычна ўсе загінулыя — працаздольнага ўзросту. І самае трагічнае, што сярод тых, хто трапіў у няўмольную статыстыку, ёсць дзеці…
Самае крыўднае заключаецца ў тым, што з году ў год людзі гінуць не таму, што сталі ахвярамі непераадольнай стыхіі або раптоўнага збегу абставін. Усюды, ва ўсіх сумных гісторыях вінаваты так званы «чалавечы фактар». Адзін вырашыў заплыць на матрацы на глыбіню, хаця і не ўмеў плаваць, другі пайшоў у ваду пасля ўжывання спіртнога, трэція — дзеці — увогуле не ведалі пра тую небяспеку, што тоіць глыбокая вада, а дарослых, якія павінны былі растлумачыць гэта, побач не аказалася.
Ці можна пазбегнуць росту выпадкаў гібелі на вадзе, а ў ідэале ўвогуле зрабіць так, каб іх не было зусім?
З аднаго боку, гэта здаецца немагчымым. Але ж на дзяржаўным узроўні прыкладаюцца ўсе намаганні, выкананне ахоўных мерапрыемстваў строга кантралюецца праваахоўнымі органамі і пракуратурай. Уладкоўваюцца месцы для купання, арганізуюцца пасты выратавання, для адпачынку людзей абсталёўваецца прыбярэжная зона… Але нерэальна такой работай ахапіць усе рэкі, сажалкі і невялікія «лужыны», на якіх бавяць вольны час беларусы. Мы ж жывём не на Аравійскім паўвостраве, дзе вадаём з’яўляецца нацыянальным гонарам і запаветным месцам. Ля кожнай сажалкі немагчыма ўладкаваць выратавальны пост, наладзіць адпаведныя ўмовы для адпачынку грамадзян.

Тым не менш, робіцца многае. Гэта пацвердзілі жыхары суседняй Расіі, з якімі мы пагаварылі на беразе возера Паперня пад Ружанамі падчас правядзення рэйдаў сумесна з аддзелам унутраных спраў, службай МНС і раённым таварыствам выратавання на водах. Расіяне прызналіся, што не першы год кожнае лета праязджаюць больш за тысячу кіламетраў, каб з задавальненнем некалькі тыдняў правесці ў прыгожым кутку пружанскай прыроды. Няўжо на расійскіх прасторах няма такіх месцаў?
— Ёсць — і нямала, але няма такога парадку, што наведзены ў вас,— дзеляцца сваімі ўражаннямі нашы суразмоўцы.— У нас каля вадаёма кожны паводзіць сябе так, як яму хочацца. І ніякія правілы не выконваюцца. А таксама ніхто не кантралюе абстаноўку, ніколі не бачылі там паліцэйскіх або выратавальнікаў.


Расіян здзіўляе, што на Паперні для адпачываючых зроблены лаўкі і грыбкі, месцы для пераапранання і туалеты, спецыяльна абсталяваны месцы для прыгатавання ежы. У наяўнасці папярэджваючая інфармацыя, з якой можна даведацца аб правілах паводзін ля вады, азнаёміцца з рознымі рэкамендацыямі і адказнасцю за парушэнне патрабаванняў. Таксама нагадваюцца тэлефоны экстраннай дапамогі.
Падобнымі ўражаннямі падзялілася з намі і Кацярына з Новых Засімавіч, якая разам з сям’ёй другі раз адпачывае на Паперні.
— Усё тут выдатна, і для сямейнага адпачынку лепшага месца мы не ведаем,— зазначае наша зямлячка.— Толькі не хапае пітной вады.
Тое ж самае мы пачулі і ад адпачываючых са Слонімскага раёна, з Івацэвіччыны і жыхароў сталіцы…

Здаецца, можна супакоіцца і не чакаць трагічных выпадкаў.
Але там жа, на Паперні, мы пабачылі, што адпачынак можа быць небяспечным і ў самым добра абсталяваным месцы. Напрыклад, засталі кампанію на лёгкім падпітку. Не, гэтыя грамадзяне не злоўжывалі спіртным, але старшы ўчастковы інспектар Андрэй Жук запрасіў іх пакінуць бераг вадаёма і адправіцца дамоў. Кампанія нібы паслухалася…
Дзе гарантыя, што чалавек, які крыху «расслабіўся» на беразе, потым не адправіцца купацца? Як тлумачаць работнік МНС Вольга Ліпко і старшыня раённага таварыства выратавання на водах Юрый Амельянчук, пераважная большасць заінуўшых на вадзе на тэрыторыі вобласці была ў нецвярозым стане.


яўжо трэба за кожным вадаёмам замацаваць міліцыянера, які б адганяў ад вады аматараў спіртнога? Або пастаянна сачыў за парадкам, бо знаходзяцца і такія, хто на сваёй машыне паркуецца літаральна ля зрэзу вады, што мы таксама пабачылі на Паперні.

З убачанага можна зрабіць іншы вывад: пакуль кожны з нас не ўсвядоміць адказнасць за сваё жыццё, за жыццё сваіх родных і дзяцей, за тое, што неабходна захоўваць зробленае рукамі чалавека або створанае прыродай, — ніякім чынам не ўдасца спыніць сумную статыстыку.
Уласная неабачлівасць, бяздумнасць — гэта таксама своеасаблівая стыхія, з якой немагчыма змагацца прафілактычнымі мерапрыемствамі, што ладзяць таварыства выратавання на водах, МНС, міліцыя і іншыя службы, забаронамі і пакараннямі. Рэальна спрацоўвае толькі асабістая і асцярожнасць. Неабыякавасць старонніх людзей, якія бачаць п’яную кампанію і паведамляюць пра гэта праваахоўным органам. Павышаная адказнасць і пастаянны кантроль з боку бацькоў, якія не дазваляюць дзецям і падлеткам купацца без нагляду дарослых.
Толькі ўсё гэта разам дазволіць пазбегнуць бяды і ў маштабах вобласці, і ў маштабах раёна, і для кожнай сям’і. Трэба, каб кожны памятаў пра гэта.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара.