Среда, 20 ноября 2019

Грумер: красота требует не жертв, а ухода

588

Як правільна даглядаць дамашніх катоў і сабак, каб яны заўсёды былі здаровымі і прыгожымі, расказвае грумер Ганна СЛАБАДА.


ШЧОТКА
Шчотка павінна быць толькі з натуральных матэрыялаў: сінтэтычныя пры кантакце з поўсцю здольныя выклікаць алергію. Шчотка павінна быць не вельмі густой, але і не залішне мяккай, каб глыбока пранікаць у шарсцяное покрыва сабакі ці ката і выдаляць з яго пыл і бруд. Металічнымі — а лепш за ўсё драўлянымі — грэбнямі лёгка вычэсваць змярцвелую поўсць — падшэрстак і расчэсваць зблытаную шэрсць.

МЫЦЦЁ
Хатніх катоў і сабак часам мыюць рознымі араматызаванымі — «чалавечымі» — шампунямі і мылам, а часам нават апырскваюць дэзадарантамі. На жаль, частае мыццё пазбаўляе скуру жывёл нармальнай тлустасці. Яна становіцца сухой, лёгка трэскаецца, а ў трэшчынкі трапляюць розныя шкоднікі і мікраарганізмы. Частае мыццё, асабліва маладой жывёлы, прыводзіць да таго, што тлушчавыя залозы гіпертрафіруюцца і пачынаюць выдзяляць вялікую колькасць скурнага тлушчу нават тады, калі гэта зусім ужо не трэба. Гэтая ака-лічнасць можа прывесці да цяжкіх скурных захворванняў. Адназначна дасягаецца зусім адваротны вынік: замест ліквідацыі паху скурнага тлушчу ў жывёлы пачынаецца яго ўзмоцненае выдзяленне.

ШАМПУНЬ
Існуюць спецыяльныя шампуні, прызначаныя для мыцця сабак і катоў. Яны валодаюць больш мяккім дзеяннем, але, тым не менш, хатнюю жывёлу ўсё ж варта мыць не часцей, чым адзін раз у два месяцы.
Ва ўмовах горада кожны раз пасля прагулкі сабаку абавязкова трэба мыць лапы, а таксама жывот, але, пажадана, без прымянення касметычных сродкаў. Мыццё звычайнай вадой нічога, акрамя карысці, не прынясе.
Што тычыцца менавіта сабак з доўгай дэкаратыўнай шэрсцю, то іх сапраўды мыюць часцей за іншыя пароды. Але пры гэтым варта абавязкова карыстацца апалосквальнікам, інакш шэрсць стане цьмянай і ломкай.

ГРУМІНГ
Для падтрымання знешняга выгляду хатнім жывёлам, як кошкам, так і сабакам, патрэбны прафесійны догляд шэрсці, вушных ракавін i кіпцюроў. Да такіх гігіенічных працэдур гадаванца варта прывучаць з маладога ўзросту, паколькі яны важныя не толькі з эстэтычнага пункта гледжання, але і для падтрымання здароўя жывёлы.
Вельмі важна, калі для свайго гадаванца вы вылучыце аднаго канкрэтнага майстра, якому жывёла давярае (зразумела, майстар павінен выклікаць давер спачатку ў вас). У такім выпадку ваш гадаванец будзе менш нервавацца, разумець, што майстар не хоча зрабіць яму балюча, а сам грумер, ведаючы звычкі і нораў чатырохлапага кліента, зробіць усе працэдуры прыемнымі, бязбольнымі і хуткімі.
Некаторыя ўладальнікі хатніх жывёл памылкова лічаць, што сабак і катоў стрыгуць толькі да выстаў. Аднак стрыжка — гэта прафілактыка здаровай скуры вашага гадаванца і яго здароўя ў цэлым. Збітая, як валёнак, недагледжаная шэрсць не выконвае сваю асноўную функцыю — не абараняе ад спякоты і холаду, ад ветру і дажджу, ад бруду і рэагентаў, якімі апрацоўваюць дарогі ў непагадзь. Недагледжаная шэрсць не забяспечвае вентыляцыю скуры жывёлы, у ёй назапашваецца бруд, заводзяцца паразіты, яна набывае непрыемны пах.
Каўтуны балюча цягнуць скуру, пад імі ўтвараюцца абапрэласці, дэрматыты, запаленні.
Урослыя кіпцюры таксама робяць балюча жывёле пры хадзе.
Менавіта таму важна своечасова прыводзіць гадаванца да грумера. Больш падрабязныя кансультацыі можна атрымаць па нумары +37533-631-89-70 або ў групе https://vk.com/prugroo.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.