Среда, 20 ноября 2019

С Днем пожарной службы!

1 555

Два гады таму Яўген Мелеш быў прадстаўлены чытачам «раёнкі» як курсант універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Тады хлопец вельмі спадзяваўся, што будзе размеркаваны на родную Пружаншчыну. І менавіта такі шчаслівы «білет» выцягнуў выпускнік, цяпер ужо сапраўдны выратавальнік, лейтэнант унутранай службы. Кіраўніцтва ўніверсітэта ўзнагародзіла Яўгена некалькімі граматамі: за выдатныя вынікі падчас вучобы і дысцыплінаванасць.


Такога выдатнага спецыяліста кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях сустрэла з задавальненнем: Мелеш хутка прыступіць да выканання абавязкаў начальніка дзяжурнай змены пажарнай часці №2 г.п.Шарашэва.

Пад поўным кантролем трымаюць абстаноўку ў аграгарадку Кабылаўка і суседніх вёсках пажарныя аварыйна-выратавальнага паста №13

Нехта пацісне плячыма: маўляў, нешчаслівы нумар. Але пажарныя годна спраўляюцца з даручанымі абавязкамі. Начальнік паста М.А.Панасік расказвае, што на прымхі работнікі МНС увагі не звяртаюць, яны выконваюць пастаўленую задачу незалежна ад абставін. Іх задача — выратаваць чалавека з агню, аказаць дапамогу пацярпелым у аварыі, словам, канчаткова перамагчы бяду.

— У нас служаць сем чалавек, штодзённа на кругласутачную змену заступаюць па два работнікі,— расказвае Мікіта Аляксандравіч.
У зону адказнасці пажарнага падраздзялення ўваходзіць вялікая тэрыторыя — ад межаў з Бярозаўскім раёнам да Белавежскай пушчы. Выратавальнікі пільна сочаць і за сітуацыяй на аўтадарозе паміж Пружанамі і Ружанамі, дзе заўсёды даволі шчыльны аўтамабільны паток. Безумоўна, ім нярэдка даводзіцца прымаць удзел у выратаванні пацярпелых у дарожна-транспартных здарэннях. А на працягу мінулага года ў дадатак яшчэ і… выпраўляць памылкі электронных навігатараў.


— Разоў пяць выязджалі да вадзіцеляў, якія заблукалі,— гаворыць вадзіцель ПАВП №13 В.В.Шаўчук.— Цяперашнія кіроўцы часта бяздумна давяраюць падказкам спадарожнікавага гаджэта, бо і тэхніка часам памыляецца. У нашым раёне пэўны час «бермудскі трохвугольнік» знаходзіўся каля в.Баравікі, куды карты заводзілі «дальнабойшчыкаў». А нам потым трэба было іх выводзіць на пра-вільную дарогу. Напэўна, складальнікі адпаведных праграм улічылі нашы заўвагі і апошнім часам падобных трывожных выклікаў ужо няма.
Дарэчы, Валерый Віктаравіч лічыцца ветэранам гэтага паста, бо служыць тут з восені 1995-га года. Давялося Шаўчуку ўдзельнічаць у тушэнні многіх тэхнагенных пажараў, нават трапіў у лік агняборцаў, якія змагаліся з сур’ёзным пажарам на брэсцкай нафтабазе.
Як расказвае начальнік падраздзялення, нярэдка сумную статыстыку папаўняюць і самі вяскоўцы, асабліва калі пачынаюцца веснавыя палы сухой травы. Напрыклад, у майскія дні кабылаўскія пажарныя за змену, здаралася, увогуле не вярталіся на пост, раз’язджаючы па трывожных выкліках. Але работнікам МНС, нягледзячы на так званы «чалавечы фактар», удаецца трымаць абстаноўку пад поўным кантролем, не дапускаючы сур’ёзных здарэнняў. Для гэтага падраздзяленне забяспечана належным чынам, мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу. Напрыклад, магутны пажарны аўтамабіль «Урал», які быў набыты мясцовай гаспадаркай, не ва ўсіх ёсць нават у межах вобласці.

Па сваёй праходнасці гэта тэхніка не мае аналагаў, з лёгкасцю пераадольваючы забалочаныя тарфянікі і складаныя лясныя дарогі. Гэта пацвердзілася на практыцы, калі на сваім «Урале» кабылаўскія пажарныя тры гады таму прымалі ўдзел у тушэнні Альманскіх балот на Століншчыне. Таксама ёсць і рэзервовы спецаўтамабіль, які ўдзельнічае ў менш складаных задачах, а таксама дзяжурыць на палях, ахоўваючы працуючую сельгастэхніку.
Добрыя ўмовы для службы створаны і ў самім будынку паста, у якім нядаўна праведзены капітальны рамонт, адведзены пакоі для адпачынку і прыёму ежы, а таксама санітарныя пакоі.

Яшчэ больш матэрыялаў пра нашых выратавальнікаў чытайце ў нумары «Рб» за 24 ліпеня.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).