Вторник, 10 декабря 2019

В ОАО «Журавлиное» на уборке работают четыре семейных экипажа. Знакомьтесь: Ольга и Виктор Полещуки

852

Сёлетняе жніво праходзіць у няпростых умовах. Частыя дажджы перашкаджаюць зладжанай рабоце ўборачнага канвеера. Вядома, што ў многім поспех уборачнай кампаніі залежыць ад яе тэхнічнага аснашчэння, стабільнасці работы ўборачных машын і агрэгатаў. І ўсё ж на першы план выходзіць чалавечы фактар: менавіта людзі ўбіраюць збожжа, адвозяць яго на сушыльныя комплексы і даво-дзяць да патрэбных кандыцый для захоўвання.
Зразумела, што клопат пра чалавека працы, які задзейнічаны на жніве, павінен выходзіць на першы план. Важнае значэнне тут мае і матэрыяльнае заахвочванне лепшых працаўнікоў. Добра ведаюць пра гэта і ў ААТ «Жураўлінае», дзе сёлета хлебная ніва займае 2750 гектараў.
— Штодзень на палеткі выходзіць 14 камбайнавых экіпажаў, — гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце З.М.Усік. — Сярод іх — чатыры сямейныя і два маладзёжныя.
Сёлетняе жніво ў ААТ «Жураўлінае» пачалося 25 чэрвеня, што значна раней, чым у мінулым годзе. Першай культурай, якая была ўбрана, стаў азімы ячмень. Атрымана 719 тон збожжа пры ўраджайнасці 36 ц/га. Справіліся камбайнеры і з уборкай азімага рапсу. Намалочана 1885 тон алейнага насення пры ўраджайнасці 31,4 ц/га. Больш за тысячу тон яго рэалізавана ТАА «Аграпрадукт».
Цяпер асноўныя сілы задзейнічаны на ўборцы азімай пшаніцы, якая займае тысячу гектараў, або 36% уборачнай плошчы. Пачалася ўборка і азімай трыцікале, пад якой занята 900 гектараў зямель.

Віктар і Вольга Палешчукі ўбіраюць збожжавыя першы сезон: муж — у якасці камбайнера, жонка — яго памочнікам.
Сям’я шэсць гадоў назад пераехала з Казахстана і атрымала жыллё ў Сухопалі. Вольга працуе поварам у Кляпацкай СШ, а Віктар — механізатарам. Сёлета вырашылі паспрабаваць свае сілы на жніве. І ў сямейнага экіпажа гэта нядрэнна атрымліваецца: муж і жонка ні ў чым не саступаюць сваім больш вопытным калегам.
Вольга аказалася адзінай жанчынай у таварыстве, якая сёлета працуе памочнікам камбайнера. Гэта не засталося па-за ўвагай прафсаюзаў: у мінулы аўторак прама на пшанічным палетку падарунак ёй уручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.І.Ярома.
Але асноўным віноўнікам урачыстасці ў той дзень у «Жураўліным» стаў калектыў ЗСК-37, які першым у раёне на сёлетнім жніве дапрацаваў 2 тысячы тон збожжа.
Павіншаваць калектыў сушыльнага комплексу, які ўзначальвае А.М.Канько, з працоўнай перамогай і ўручыць каштоўныя падарункі прыехалі першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Т.А.Вараб’ёва, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.І.Ярома, дырэктар таварыства Д.М.Якутчык, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце З.М.Усік і старшыня прафкама таварыства А.А.Цімановіч.
Падарункам ад райкама прафсаюза была адзначана і працоўная дзейнасць загадчыцы зернятока Н.М.Білецкай. Жанчына ўжо каля дзесяці гадоў знахо-дзіцца на заслужаным адпачынку, але ў гарачы час дапамагае гаспадарцы.
— Для мяне, як былога агранома, жніво — самы адказны перыяд, таму хочацца ўнесці і свой уклад у агульную справу, — гаворыць Надзея Міхайлаўна.

Сёлетняя аддача хлебнай нівы ў ААТ «Жураўлінае» перавышае мінулагоднюю. Калі ўраджайнасць захаваецца на ўзроўні 40 цэнтнераў з гектара, то агульны каравай перавысіць 11 тысяч тон.

На здымку: сямейны экіпаж камбайна «GS-12 А1» у складзе Віктара і Вольгі Палешчукоў.
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.