Понедельник, 19 августа 2019

С зарплатой и трудовыми книжками. Старшеклассники шести школ работали в лагерях труда и отдыха

567

У аддзеле па адукацыі райвыканкама практыку лагераў працы і адпачынку вылучаюць як найлепшую форму летняй занятасці школьнікаў. Паводле слоў спецыяліста раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольгі Калюта, гэта не проста спосаб зарабіць грошы, але і далучыцца да калектыўнай працы, праявіць сваю творчасць, мець зносіны з аднагодкамі, цікава праводзіць час.
Трапіць у лагер працы і адпачынку вельмі проста: жадаючым дастаткова было набыць пуцёўку. За дзесяць дзён знаходжання ў лагеры бацькі заплацілі менш за 20 рублёў. Нескладана падлічыць, што гэтая пуцёўка «апраўдала» сябе як міні-мум у дзесяць разоў. «Адпачываючыя» атрымлівалі не толькі разнарадку на дзень, згодна з якой ім налічвалася зарплата, але і сняданак, абед і вячэру, цікава бавілі вольны час.
Падобныя лагеры працавалі на базе шасці школ: гарадскіх СШ №3 і №5, а таксама Кляпацкай, Хараўской, Шарашоўскай СШ і Мокраўскага ВПК д/с-СШ.
«Аб’ёмы выконваемых работ і іх віды індывідуальныя ў кожнай школы, — тлумачыць Вольга Мікалаеўна. — Прычым вар’іравацца яны могуць штогод. Напрыклад, у СШ №5 хлопчыкі і дзяўчынкі капалі клумбы, палолі газоны і кветнікі, працавалі ў садзе, фарбавалі інвентар у спартыўным гарадку, школьную мэблю, рамантавалі кніжны фонд і выконвалі іншыя пасільныя работы». А вось працягласць працоўнага дня ва ўсіх школах аднолькавая, згодна з заканадаўствам: для падлеткаў з 14 да 16 гадоў — 4 гадзіны 36 мінут, з 16 да 18 гадоў — 7 гадзін. Падлеткі выконваюць работы ў камфортным для іх рэжыме.
Многія, хто меў працоўны вопыт ў такім лагеры пасля заканчэння восьмага класа, вяртаюцца сюды і пасля дзясятага.

Урачыстае мерапрыемства з нагоды закрыцця лагера працы і адпачынку нядаўна прайшло ў СШ №5. Школьнікі, якія афіцыйна распачалі сваю працоўную біяграфію, атрымалі працоўныя кніжкі і страхавыя пасведчанні: гэта 16 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёлета закончылі восьмы і дзясяты класы. Сярэдняя зарплата юных работнікаў за дзесяць дзён склала без малога 160 рублёў.


«Прыемна, што пры ўсёй разнастайнасці варыянтаў баўлення вольнага часу знайшліся тыя, хто вырашыў правесці канікулы менавіта такім чынам», — падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Пракаповіч.


Дырэктар лагера Алег Дабрадзей уручыў хлопчыкам і дзяўчынкам яшчэ і падарункі — наборы канцылярскіх прыналежнасцей. «У вас была цяжкая праца, але цяжкая не па прычыне фізічнай нагрузкі ці ўмоў працы: вы даведаліся кошт грошай. Спадзяюся, што гэта навучыць вас паважаць працу і сваіх бацькоў, і навакольных лю-дзей», — зазначыў настаўнік.

Варта сказаць, што, акрамя лагераў працы і адпачынку, у якія ўваходзіла 66 чалавек, у сямі ўстановах адукацыі раёна сёлета арганізавана такая форма працаўладкавання, як працоўныя брыгады, дзе задзейнічалі амаль 60 чалавек.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ.