Пятница, 20 сентября 2019

Па слядах вышытага “картэжа”: у Пружанах адбыўся парад “Калясак-вышыванак”

1 123

Не памылюся, калі скажу, што парад “Калясак-вышыванак”, які праходзіў 3 ліпеня ў рамках святкавання Дня Незалежнасці, стаў сапраўдным упрыгожваннем святочнай праграмы. Хоць непасрэдных удзельнікаў было няшмат: зарэгістравалася ўсяго пяць сем’яў-каманд, аднак пазітыўнага настроя і аптымізму, які яны струменілі, хапіла, каб умомант заразіць шматлікую публіку, якая сабралася ў гэты вечар каля  палацыка. 

На адкрыцці парада вядучая мерапрыемства прыгажуня Ганна Солад, якой самой, дарэчы, вельмі пасаваў беларускі строй, трапна заўважыла, што ўсе канкурсанты – прыгажуні матулі, мужныя татулі, шчаслівыя бабулі і вясёлыя дзеткі ў “вышыванках”, аб’яднаныя адзінай метай – адрадзіць, хоць на адзін вечар, наша роднае, аўтэнтычнае беларускае, – гэта годны прыклад для іншых гараджан. 

Сапраўды, калясачнае “дэфіле”  было  яркім, відовішчным! З фантазіяй аздобленыя “транспартныя сродкі” зрабілі пачэсны круг вакол вялікага паркавага газона перад палацыкам і адправіліся па вуліцы Савецкай да галоўнай плошчы горада, дзе святочны картэж гучнымі апладысментамі сустракалі сотні гледачоў і… члены журы, якім яшчэ належала вырашыць, хто заслугоўвае вышэйшай адзнакі.

Адразу заўважу, што прайграўшых не было:  аніводны ўдзельнік не застаўся без падарункаў. Кожная сям’я заслужыла асобных слоў удзячнасці і пахвалы ад гледачоў. Замілаваў публіку стыльны і артыстычны хлопчык Цімафей у саламяным капялюшыку – сынок Алесі і Сяргея Ягавенкаў з г.Пружаны. Малы, нібыта пан, сядзеў на сваім цудоўным вазку, засланым самаробным дыванком з выявай бусла і ўпрыгожаным стужкамі з беларускім арнаментам.

Сваю порцыю апладысментаў і станоўчых водгукаў атрымала вялікая дружная сям’я Вылываных з Новых Засімавіч. Марыя, Дзмітрый, іх сын Леў і дачка Кіра, а таксама сястра Дзмітрыя Кацярына з сынам Мікітам  на чале з бабуляй Вольгай з лялькай-немаўлятам на руках, нібы ўвасаблялі сабой моцныя сямейныя беларускія традыцыі. Да слова, па рашэнні журы сем’і Ягавенак і Вылываных  падзялілі паміж сабой III месца.

На другім месцы апынуліся прыгожыя “экіпажы” Ганны і Аляксея Слабада і Таццяны і Аляксея Кудрашовых (абедзве сям’і з Пружан). Першыя “прыехалі” на плошчу на  ўласным “камбайне”, якім удала кіраваў хлопчык Назар.

А другіх  суправаджаў вялізны Бусел. У стылізаванай калысцы адпачывала апранутая ў вышыванку маленькая Паліна, а яе сон ахоўвалі брацікі Антон і Дзяніс.

Вось як шматдзетная мама Таццяна пракаментавала “бусліную” ідэю, якая, прызнацца, прыйшлася мне найбольш даспадобы:

– Бусел – адзін з галоўных сімвалаў нашай Беларусі, які сёлета ўвесну з добрай навінай наведаў нашу сям’ю: на свет  з’явілася наша доўгачаканае шчасце, таму пытанне, як будзем упрыгожваць каляску, адпала адразу. Наш таленавіты  тата Аляксей выразаў з пенапласта бусла, а мы з сынамі вельмі ўважліва аднесліся да дэталяў. Прачыталі шмат літаратуры, каб даведацца, што сімвалізуе той ці іншы элемент аўтэнтычнай беларускай вышыўкі, якая, як аказалася, з’яўляецца асаблівым “кодам” нашай беларушчыны і нясе ў сабе бласлаўленне продкаў сваім нашчадкам на  поспех і дабрабыт…

Галоўным пераможцам конкурсу калясак-“вышыванак” стала сям’я Юліі і Максіма Куроўскіх з Пружан, якія, нагадаем, перамаглі ў першым пружанскім парадзе калясак. Тры гады таму маладыя людзі ўразілі журы, калі “прыплылі”  на новую дзіцячую пляцоўку на “пірацкім караблі”, а сёлета яны выехалі на плошчу на сапраўдным возе. У ролі вазніцы спраўна выступіла маленькая дачка Куроўскіх Кацярына, а з роляй… коніка давялося спраўляцца старэйшай дачцэ Лізавеце і  сябру сям’і хлопчыку Аляксандру. Чаго толькі не было ў тым возе “гаспадыні” Кацярыны! Мяшкі з “бульбай”, кошыкі з агароднінай і садавінай і нават жывая курачка Раба стваралі такі “кірмашны” антураж, якога хапіла б на цэлы спектакль.

Адным словам, дзеці і іх бацькі, якія прынялі ўдзел у парадзе калясак, падарылі гледачам мора абаяння. Свята атрымалася вясёлым, шчырым і, самае галоўнае, добрым.

Алена Зялевія, фота аўтара