Пятница, 20 сентября 2019

Игры, танцы и белые журавлики… Библиотекари района отметили День Независимости

666

Не першы раз я станаўлюся сведкай яркай, насычанай і запамінальнай праграмы, якую ў рамках святкавання Дня Незалежнасці наладжваюць для жыхароў і гасцей горада супрацоўнікі раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Сёлетняя імпрэза не стала выключэннем. Белыя папяровыя жураўлікі, выпушчаныя ў неба з паветранымі шарыкамі акурат у той момант, калі міма бібліятэкі праходзіла калона, нечакана ўнеслі ва ўрачыстасць шэсця пяшчотныя ноткі. “Стомлены клін”, дзякуючы моцнаму ветру, затрымаўся на высокім дрэве і нібы “назіраў” зверху за работай тэматычных пляцовак, на кожнай з якіх госці, незалежна ад узросту, маглі знайсці для сябе шмат цікавага.

Самыя маленькія чытачы абступілі пляцоўку, наладжаную “жаночым батальёнам” дзіцячай бібліятэкі імя Алены Лось. Тут можна было азнаёміцца з літаратурна-дакументальнай выставай пад назвай «Дзякуй за мірнае неба», дзе былі паказаны адпаведныя навінкі беларускіх выдавецтваў, а таксама партрэты пружанскіх франтавікоў-герояў і актыўных удзельнікаў падпольнага і партызанскага руху.

“Раскрывалі” тэму ваенных гадоў і чамаданчык з фотадакументамі пружанскага ветэрана, удзельніка баёў на Курскай дузе Івана Алякумава, і выстава савецкай ваеннай амуніцыі, наладжаная навучэнцамі аграрна-тэхнічнага каледжа, прадстаўнікамі цэнтра маладзёжных ініцыятыў “Ліпень”.

Самыя смелыя правяралі свае гістарычныя веды ў краязнаўчай віктарыне “Яны прайшлі па той вайне” і гулялі ў бяспройгрышную латарэю. А самыя фотагенічныя ўдзельнікі мерапрыемства, “акупаваўшы” фотазону “75 год вызвалення Беларусі”, з задавальненнем пазіравалі карэспандэнту. У салдацкіх пілотках ды з гармонікам у руках юныя “цёркіны” стваралі атмасферу сапраўднага салдацкага прывала.

Як і належыць, была на свяце і “ваенна-палявая кухня”, увішна наладжаная бібліятэкарам Белавусаўшчынскай сельскай бібліятэкі Юліяй Лаптановіч.

Пакуль госці апляталі “салдацкія” стравы, супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі расказвалі пра гісторыю “палявой кухні” савецкай і нямецкай армій і дэманстравалі чырвонаармейскія алюмініевыя кацялкі і арыгінальны фаянсавы посуд нямецкіх афіцэраў.
Адпаведны святочнай рэчаіснасці настрой стварала караоке-шоу з удзелам бібліятэкараў раёна. Алена Антончык з Лінова, Наталля Чэчка з Шанёў, Дыяна Скрыпко з Новых Засімавіч і іншыя самадзейныя артысты выконвалі вядомыя песні і кампазіцыі ваенных гадоў.

Госці мерапрыемства вальсіравалі пад мілагучныя гукі сапраўднага патэфона, што з веданнем справы заводіла старшыня шарашэўскай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Раіса Аляксандраўна Бульчук.

Створаны ёю ўтульны “мяшчанскі куточак” з букетам валошак і каласкоў сімвалізаваў пачатак доўгачаканага мірнага жыцця.
У гэты ж час у залах бібліятэкі адбываўся літаратурны квэст «Доўгая дарога дадому», прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння “рыцара сумлення і свабоды” – славутага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. У сваіх творах ён імкнуўся перадаць чытачам увесь трагізм ваенных падзей, сведкам якіх быў.
На чатырох квэст-пляцоўках удзельнікі імпрэзы выконвалі розныя заданні і атрымлівалі папяровыя чырвоныя зоркі. У прыватнасці, на лесвіцы разгадвалі крыжаванку, складзеную па матывах твораў Быкава.

На так званай “Сцяжыне жыцця” ўспаміналі самыя яскравыя падзеі даваеннага жыцця пісьменніка, якія паўплывалі на яго сталенне. А на пляцоўцы “Вайна – гэта знак бяды” ўзгадвалі самыя вядомыя творы В.Быкава, у якіх апяваецца чалавечае высакародства і выяўляецца людская подласць.
Напрыканцы квэста яго пераможцы атрымалі прыемныя падарункі і паспяшаліся на вуліцу, дзе пад пільнай аховай белых жураўлікаў працягвалі кружыць у танцы пружанцы…

Алена Зялевіч, фота аўтара.