Пятница, 20 сентября 2019

Ровбицкому СДК — 60!

645

У той дзень у зале Роўбіцкага сельскага Дома культуры не было дзе яблыку ўпасці. 60-гадовы юбілей адной з найстарэйшых устаноў культуры Пружаншчыны жыхары аграгарадка адзначалі з вялікім размахам. У зале аншлаг, на сцэне — дзясяткі артыстаў, яркія і запальныя нумары, удзячная публіка, якая не шкадавала апладысментаў.

Работнікі Дома культуры з задавальненнем сустракалі гасцей. Жадаючых павіншаваць шаноўнага “юбіляра” і ўручыць памятныя падарункі было нямала. Адным з першых віншаваў калектыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш.
— Шэсцьдзясят гадоў — вялікі шлях. За гэтыя гады Роўбіцкі СДК стаў цэнтрам прыцягнення жыхароў усіх узростаў, якія атрымалі магчымасць жыць паўнавартасным і насычаным жыццём. Выдатна, калі ёсць такі гасцінны дом, з выдатнымі творчымі людзьмі, якіх вылучае захопленасць любімай справай і высокі прафесіяналізм. Упэўнены, што ў вас наперадзе цудоўная будучыня. Хай ніколі не згасае святло вокнаў вашага Дома культуры, хай жыхары Роўбіцка заўсёды знаходзяць у ім утульнасць, цяпло і добразычлівую атмасферу! Усім моцнага здароўя, творчых поспехаў, дабрабыту і шчасця! — сказаў Канстанцін Іванавіч і ўручыў калектыву Грамату райвыканкама.
Падчас свята вядучыя раскрылі ўсю біяграфію “імянінніка” і пахваліліся яго дасягненнямі, як мінулымі, так і цяперашнімі, нават статыстыку прывялі. За гэтыя гады сотні дзяцей і дарослых прайшлі ў Роўбіцкім ДК сваю школу творчасці, тут было праведзена больш за 200 тэатралізаваных святаў, каля 700 гульнявых праграм, паўтары тысячы канцэртаў, раздадзена мноства шчырых усмешак гасцям.

На свяце прысутнічалі людзі, якія літаральна па цаглінках складвалі Дом культуры. На працягу многіх гадоў дарыла свой талент гледачам Любоў Андрэеўна Насытка (Брытун). Ініцыятыўны, мэтанакіраваны метадыст і арганізатар, яна ў свой час зрабіла ўсё магчымае, каб Роўбіцкі сельскі клуб стаў квітнеючай установай культуры.

Вось так усё пачыналася, сціпла, небагата, але дружна і весела.

Разнастайныя канцэртныя праграмы, тэматычныя вечары, культурна-спартыўныя эстафеты, маскарады і народныя гулянні — усе імпрэзы былі прасякнутыя запалам і аптымізмам кіраўніка. Пры клубе працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці: харавы, танцавальны, драматычны, фальклорны і вакальна-інструментальны «Мара». За сваю плённую дзейнасць Любоў Насытка ў свой час была ўзнагароджана Ганаровым знакам Міністэрства культуры СССР, пасведчанне да якога ўласнаручна падпісала легендарны міністр Кацярына Аляксееўна Фурцава.
Адметна, што Любоў Андрэеўна прысутнічала на юбілеі і са сцэны сказала шмат цёплых слоў у адрас працаўнікоў, якія разам з ёй напаўнялі вольны час сялян цікавымі мерапрыемствамі. А гэта Яўгенія Пракопаўна Брытун, Якаў Якаўлевіч Давідзюк, Мікалай Аляксандравіч і Галіна Пятроўна Богданы, Алена Іванаўна Шыман, Марыя Сідараўна Вакула, Святлана Іванаўна Шчэрба, Лідзія Мікалаеўна Тарасюк і многія іншыя культработнікі.
Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі на свяце і ў адрас Алены Іванаўны Раманоўскай, таленавітай жанчыны, якая працавала загадчыцай Роўбіцкага клуба з 1970 года. Пры ёй расла і будавалася вёска, пры ёй клуб перастаў змяшчаць усіх жадаючых спяваць ды танцаваць і было прынята рашэнне пабудаваць новы Дом культуры. Пад пільным кіраўніцтвам старшыні калгаса «Шлях Леніна» Яўгена Мікалаевіча Тарасюка праца закіпела, і напярэдадні новага 1989 года новы цэнтр культуры быў здадзены ў эксплуатацыю. Творчая работа тут ужо вялася пад кіраўніцтвам Надзеі Мікалаеўны Тарасевіч.
Асобна дзякавалі на свяце Ва-сілю і Веры Шчэрбам, Зоі Пятроўне Шарамет і Ірыне Георгіеўне Параняк, якія працавалі кінамеханікамі і пераматалі за гады сваёй працы тысячы кіламетраў кіна-стужкі.
Ушанавалі і бібліятэкара СДК Таццяну Уладзіміраўну Грачышка, якая больш за дзесяць гадоў працуе з мясцовымі чытачамі і паспяхова папулярызуе сярод іх немалы бібліятэчны фонд. Дарэчы, сёння Роўбіцкі Дом культуры ўяўляе сабой сапраўдную «камунальную кватэру», дзе побач з культработнікамі працуюць таксама філіял «Беларусбанка», комплексны прыёмны пункт Пружанскага РКБА і фельчарска-акушэрскі пункт. На адрас кіраўнікоў гэтых устаноў гучалі ад культработнікаў словы падзякі за добрасуседства і ўзаемавыручку.
Але, безумоўна, у святочны дзень найбольшай увагі заслужылі цяперашнія працаўнікі Дома культуры на чале з дырэктарам установы Таццянай Васільеўнай Папко. Яна ж сама ад душы дзякавала калегам за сяброўства, падтрымку і новыя ідэі. Таццяна Васільеўна падкрэсліла, што Ганаровая грамата, якой яе ўзнагародзіў раённы Савет дэпутатаў за асабісты ўклад у развіццё культуры Пружаншчыны, — гэта агульная заслуга ўсёй яе выдатнай каманды.
— Праз некалькі імгненняў у чарговы раз закрыецца наша заслона, — адзначыла напрыканцы мерапрыемства кіраўнік. — заціхнуць апладысменты і апусцее зала… У душы кожнага з нас з’явіцца лёгкі сум, але доўжыцца ён будзе нядоўга, таму што ў нас ёсць самыя лепшыя ў свеце гледачы. Апладысменты ў ваш гонар, сябры!

Алеся Смайлік