Воскресенье, 21 июля 2019

Профсоюзный лидер Зинаида Тесновская: «В центре внимания — человек»

293

Адлік працоўнага стажу Зінаіды Цясноўскай у Брэсцкай сельскагаспадарчай доследнай станцыі НАН Беларусі пайшоў ужо на чацвёрты дзясятак. Але пэўны і даволі працяглы перыяд — больш за дзесяць гадоў — жанчына з’яўлялася не проста аграномам аддзела насенняводства, але і адначасова лідарам прафсаюзнай «пярвічкі» гэтай арганізацыі.


На сённяшні дзень на ўліку ў прафсаюзнай арганізацыі доследнай станцыі стаіць больш за 90% членаў калектыву — 86 чалавек. Іх інтарэсы лабіруюцца прафкамам, зыходзячы са спецыфікі дзейнасці прадпрыемства. Асобная ўвага надаецца выкананню ўмоў аховы працы работнікаў, узгадненню нормаў выпрацоўкі і здзельных расцэнак па аплаце працы.
— Вядома, асноўным інструментам сацыяльнага партнёрства паміж працадаўцам і прафсаюзнай арганізацыяй з’яўляецца калектыўны дагавор, які рэгулюе разнастайныя пытанні: ад умоў працы да арганізацыі адпачынку, — расказвае З.І.Цясноўская.
З дапамогай гэтага дакумента прафсаюзны лідар пашырае рамкі дзеючага працоўнага заканадаўства, тым самым, забяспечвае дадатковае фінансаванне мерапрыемстваў па ахове працы, паляпшэнні быту работнікаў, аказанні матэрыяльнай дапамогі. Напрыклад, работнікі станцыі маюць дадатковыя працоўныя і сацыяльна-бытавыя льготы, не прадугледжаныя заканадаўствам. Для тых, хто заняты на ўборачных работах, арганізавана гарачае харчаванне, якое часткова кампенсуецца наймальнікам, робяцца выплаты з нагоды юбілейных дат, нараджэння дзяцей, на санаторна-курортнае лячэнне. Увогуле, паводле слоў Зінаіды Іванаўны, у арганізацыі стараюцца не пакідаць без увагі нікога. Маладых спецыялістаў па сумесным рашэнні адміністрацыі і прафкама ставяць на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, запрашаюць ветэранаў арганізацыі на сустрэчы. На сённяшні дзень прафкам працуе над пытаннем забеспячэння работнікаў спецадзеннем і абуткам у адпаведнасці з нормамі аховы працы.
— Сумяшчаць свае непасрэдныя абавязкі з прафсаюзнай дзейнасцю не заўсёды лёгка, — прызнаецца Зінаіда Іванаўна. — Але, нягледзячы на тое, што за час маёй прафсаюзнай дзейнасці ў арганізацыі змяніліся тры кіраўнікі, адміністрацыя заўсёды стварала неабходныя ўмовы для работы.
Дарэчы, Зінаіда Цясноўская ўмела спалучала працоўныя і грамадскія абавязкі, за што не раз адзначалася і па прафсаюзнай лініі, і па лініі Нацыянальнай акадэміі навук.


Чарговую ўзнагароду — юбілейны медаль «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» — жанчыне ўручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.І.Ярома падчас справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая нядаўна прайшла ў арганізацыі. «Назапашаны гадамі вопыт дазваляе мне з упэўненасцю сцвярджаць: у цэнтры любой справы перш за ўсё павінен быць чалавек», — падкрэсліла Зінаіда Іванаўна, перадаючы паўнамоцтвы новаму прафсаюзнаму лідару, абранаму падчас канферэнцыі.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.