Воскресенье, 21 июля 2019

Последствия грозового фронта. Наш фоторепортаж.

1 260

У першы дзень ліпеня праз Пружанскі раён прайшоў моцны навальнічны фронт, які не абышоўся без наступстваў. Трывожныя паведамленні на цэнтральны дзяжурны пульт райаддзела па надзвычайных сітуацыях пачалі паступаць у 16.45.

Больш усяго здарэнняў было звязана з падзеннем дрэў, якія ламаў або вырываў з коранем моцны вецер. У райцэнтры на гарадскім кальцы дрэвам быў перакрыты рух па дарозе Р-85 і пашкоджана апора ліній электраперадач.
Моцна пацярпелі гарадскія могілкі па вул. Горка.

Бура зламала некалькі дрэў, у тым ліку, два вялізныя вязы непадалёк ад Спаса-Праабражэнскага храма. У выніку былі разбіты шматлікія надмагільныя помнікі, паламаны агороджы.

Нямала паведамленняў паступіла і з сельскіх населеных пунктаў, асабліва пацярпелі аграгарадкі Лінова, Мурава, Шані, Калядзічы, вёскі Хвалявічы, Вільянава, Бярэзніца, Лазоўка, Бакуны Велікасельскага сельсавета і пас.Інтэрнацыянальны.

У асноўным адбыліся абрывы ліній электраперадач, паламаныя дрэвы перакрывалі праезную частку або пашкодзілі будынкі.

Без электрычнасці апынуўся і дзіцячы лагер «Дубок». З даху склада акцыянернага таварыства ў п.Інтэрнацыянальным ветрам сарвала 100 лістоў шыферу. Моцным ветрам сабрала ў «сцірты» высланы лён на палетках каля ААТ «Пружанскі льнозавод».

Усяго, згодна з інфармацыяй Пружанскіх электрасетак, з-за навальніцы адбылося адключэнне электразабеспячэння 30 населеных пунктаў, 73 трансфарматарных падстанцый, малочнатаварнай фермы. На раніцу другога ліпеня пераважная большасць аварый была ліквідавана, аднаўленчыя брыгады працягвалі работы на працягу ўсяго дня. Усяго было задзейнічана больш за 10 адзінак тэхнікі і 50 чалавек.
Вольга Ліпко, старшы інспектар РАНС.

Фотагалерэя Ірыны Сядовай