Понедельник, 9 декабря 2019

Успомнім сваіх герояў! Пружанцы далучаюцца да акцыі “Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі”

327

Час бяжыць… І ўсё больш слаўных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны сыходзяць ад нас… У юбілейны год вызвалення Беларусі, згадаем пра родных, якія ўнеслі сваю лепту ў Вялікую Перамогу.

На здымку злева — Шабуня Георгій Рыгоравіч

Пра свайго бацьку ўспамінае Шабуня Аляксандр Георгіевіч,   жыхар аг.Калядзічы:

— Самае дарагое, што засталося ў мяне ад бацькі, Георгія Рыгоравіча Шабуні (на гэтым здымку ён — злева), акрамя ўспамінаў, — ваенны білет і ўзнагароды, якія сведчаць пра яго  абпаленае вайной юнацтва.

Сёння з вышыні пражытых гадоў разумею, што ён, роўна як і большасць тых, хто змагаўся на палях Вялікай Айчыннай, быў фактычна дзіцём, калі летам 1944 года, пасля вызвалення Пружаншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў мабілізаваны.

У складзе медыка-санітарнай роты — а санітары заўсёды былі на пярэднім краі —  яму давялося ўбачыць увесь людскі боль і жах, якія прынесла з сабой вайна. Па медалях можна прасачыць яго баявы шлях: «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй»…

Пасля вайны чырвонаармеец Шабуня служыў у якасці  шафёра. У родныя Шубічы вярнуўся толькі ў 1948 годзе. Тут яго чакалі не самыя радасныя весткі. Акрамя таты, на фронт адправіліся яго бацька і старэйшы брат, дома засталася мама з чатырма дзецьмі на руках. Але сустрэцца разам пасля пераможнага мая было наканавана не ўсім: мая бабуля пахавала сына, які пасля адступлення немцаў падарваўся на снарадзе на пашы, а на мужа і яшчэ аднаго сына атрымала пахаванкі (і складана ўявіць, колькі было ў яе радасці, калі дзядзька Валодзя ў адзін цудоўны дзень усё ж вярнуўся дадому).

Пасля вайны Георгій Шабуня працягнуў вадзіцельскі шлях: закончыў курсы павышэння кваліфікацыі і ўжо ніколі не расставаўся з «баранкай».

…У нашай сям’і вельмі рэдка расказвалі пра вайну. Тату цяжка было ўспамінаць тое, з чым давялося сутыкнуцца на фронце: непрывабныя карціны людскіх пакут заўсёды выклікалі слёзы. А разам плакала і мама, якая, дарэчы, пабывала ў палоне і цудам выратавалася.