Пятница, 20 сентября 2019

«Зажинки — 2019»: Колоски, на старт!

960

Гарачае чэрвеньскае надвор’е сёлета садзейнічала хуткаму выспяванню збожжавых культур. Першымі ў раёне вывелі камбайны на палеткі камбайнеры ААТ «Жураўлінае». Жніво ў гэтай гаспадарцы пачалося 25 чэрвеня з уборкі азімага ячменю. Першае збожжа новага ўраджаю з бункера камбайна КЗС-1218 выдалі камбайнеры Аляксей Ашмянка і Міхаіл Ляўчук.

Таму невыпадкова месцам правядзення пазаўчора раённага свята «Зажынкі-2019» быў выбраны адзін з палеткаў ААТ «Жураўлінае», паблізу вёскі Ляжайка. Яго ўдзельнікамі стала кіраўніцтва раёна, кіраўнікі, галоўныя аграномы і інжынеры сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты райсельгасхарчу.


На залацістым палетку ў адну шарэнгу выстраіліся камбайны, побач з імі — камбайнеры. Традыцыйна прагучала абрадавая жніўная песня ў выкананні народнага фальклорнага гурта «Бабіна лета». Удзельніцы яго сярпамі зжалі сноп збожжа новага ўраджаю, а старэйшая ўдзельніца гурта пажадала поспехаў у нялёгкай земляробчай справе ўсім прысутным.

Са словамі прывітання да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Т.А.Вараб’ёва. Таццяна Анатольеўна пажадала сельскім працаўнікам раёна правесці ўборку збожжавых і зернебабовых у сціслыя тэрміны і без страт. І гэта вельмі важна, паколькі ўраджай сёлетняга года значна перавышае мінулагодні.
Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах павязалі чырвоныя стужкі з надпісам «Жніво-2019», а таксама ўручылі кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў сімвалічныя снапы і хлебныя караваі — як напамін пра тое, што менавіта на земляробстве трымаецца жыццё.
Павіншаваў з пачаткам жніва і пажадаў поспехаў на збожжавай ніве ўдзельнікам уборачнай кампаніі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.І.Ярома.

Словы віншавання і пажаданні гучалі ў адрас маладых камбайнераў: Дзмітрыя Шэндзіка з ААТ «Айчына» і Дзмітрыя Скібы з ААТ «Ружаны-Агра». Яны атрымалі падарункі, і ў іх гонар прагучала песня.
Са словамі віншавання да прысутных звярнуліся старшыня раённага аграпрамысловага саюза П.М.Білецкі і дырэктар Аранчыцкага збожжапрыёмнага прадпрыемства І.Р.Замковіч. Дарэчы, Ірына Рыгораўна атрымала сімвалічны куфэрак з пажаданнямі, каб сёлета засекі прадпрыемства былі цалкам запоўнены збожжам.
Настаяцель Мокраўскай Петрапаўлаўскай царквы айцец Аляксандр правёў малебен і асвяціў палетак і тэхніку, а таксама ўсіх прысутных і пажадаў сельскім працаўнікам Пружаншчыны добрых намалотаў.
У заключэнні свята «Зажынкі-2019» Т.А.Вараб’ёва дала старт камбайнерам выходзіць у поле і прыступіць да ўборкі.
На здымках: падчас правядзення «Зажынак-2019».
Мікола АРХУЦІК, Фота аўтара.