Вторник, 22 сентября 2020

Итоги Дня Великосельского сельсовета

324

У мінулую сераду прайшло раённае мерапрыемства — Дзень Велікасельскага сельсавета. У Велікасельскім Доме культуры на выніковае пасяджэнне ў рамках Дня сельсавета сабралася кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Ю.Ю.Бісуном і старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудраўцом, члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі структурных падраздзяленняў і службаў раёна, актыў Велікасельскага сельсавета.

Перад пасяджэннем была арганізавана работа пяці аналітычных груп, якія вывучалі становішча спраў на тэрыторыі Велікасельскага сельсавета па розных накірунках дзейнасці: добраўпарадкаванне і землекарыстанне, адукацыя і медыцына, гандаль і бытавое абслугоўванне, сацыяльнае абслугоўванне і бяспека пражывання грамадзян.
Таксама быў арганізаваны прыём грамадзян і юрыдычных асоб старшынёй райвыканкама Ю.Ю.Бісуном, старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудраўцом, намеснікам старшыні райвыканкама С.М.Гукам у Вялікім Сяле, Бакунах і Стараволі.
Адкрыў выніковае пасяджэнне старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. Прысутныя заслухалі інфармацыю старшыні Зеляневіцкага сельвыканкама В.В.Аўдзейчык аб выкананні пратакола даручэнняў, дадзеных па выніках правядзення Дня Зеляневіцкага сельсавета 2 лістапада 2018 года.
Інфармацыю аб рабоце па забеспячэнні спрыяльных умоў пражывання і жыццядзейнасці насельніцтва сельсавета давяла прысутным старшыня Велікасельскага сельвыканкама Т.М.Навіцкая. У прыватнасці, Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што газіфікаваны аграгарадкі Вялікае Сяло і Стараволя, вёска Бакуны. Цэнтралізаваным водазабеспячэннем ахоплена 68% насельніцтва, а працягласць сетак водаправода складае 17,3 кіламетра. На тэрыторыі сельсавета налічваецца 672 гаспадаркі грамадзян, з якіх 150 не ахоплены цэнтралізаваным вывазам смецця. Дарэчы, па гэтай прычыне яшчэ ўзнікаюць стыхійныя смеццязвалкі.
Патрабуецца рамонт магазіна ў аграгарадку Стараволя, ФАПа ў Вялікім Сяле, аддзяленняў паштовай сувязі ў Стараволі і Вялікім Сяле. Да таго ж, не вытрымліваецца графік прыезду ўрача-тэрапеўта на Велікасельскі ФАП.
На тэрыторыі сельсавета налічваецца 195 пустуючых дамоў. Летась было знесена 8 з іх, а сёлета — 2. Неабходна пашыраць могілкі ў Стараволі і Ялове.

На пасяджэнні былі заслуханы таксама справаздачы кіраўнікоў пяці аналітычных груп і агучаны пытанні, якія патрабуюць свайго вырашэння. У прыватнасці, не поўнасцю агароджана МТФ «Ялова». Паўстала пытанне зносу небяспечнага 8-кватэрнага дома ў Стараволі. ААТ «Велікасельскае Агра» спыніла закуп маладняку ў насельніцтва. Неабходна правесці аптымізацыю зямлі Велікасельскага ВПК дзіцячы сад-БШ. У асобных населеных пунктах не задавальняе графік прыезду аўталаўкі, асабліва ў зімовы час. Патрабуе вырашэння кадравае пытанне на Бакунскім ФАПе.
Таксама была заслухана справаздача начальніка РАУС А.В.Гука аб рабоце на тэрыторыі Велікасельскага сельсавета. Як агучыў выступоўца, сёлета на тэрыторыі сельсавета было зарэгістравана два злачынствы, пяць выпадкаў дробных крадзяжоў, тры выпадкі знаходжання работнікаў на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення. Мелі месца факты атручвання алкаголем са смяротным зыходам і вырабу самагону. На тэрыторыі сельсавета пражывае тры абавязаныя асобы.
Прадстаўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях спыніўся на рабоце па недапушчэнні няшчасных выпадкаў, якая праводзіцца на тэрыторыі сельсавета. За пяць месяцаў бягучага года было праведзена тры сходы грамадзян па пытаннях прафілактыкі пажарнай бяспекі. Тым не менш, сёлета быў зарэгістраваны пажар у вёсцы Юхнавічы па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні.
Пры сельсавеце працуе аглядная камісія, якая надае асаблівую ўвагу адзінокім і адзінока пражываючым грамадзянам. Вядзецца рамонт печак, устаноўка пажарных апавяшчальнікаў.

Па выніках правядзення Дня Велікасельскага сельсавета будзе складзены пратакол даручэнняў, якія даводзяцца да непасрэдных выканаўцаў. Самае галоўнае, каб яны былі рэалізаваны ў вызначаны тэрмін і выяўленыя недахопы былі ўхілены.
На здымках: падчас выніковага пасяджэння.
Мікола АРХУЦІК, Фота Сяргея Талашкевіча