Воскресенье, 21 июля 2019

Бывший пружанец, а ныне настоятель православного храма в г.Росток (Германия) поделился своими воспоминаниями о родителях и родном городе

585

Ад рэдакцыі:

«Цікавасць да лёсу людзей, якія ў розныя часы жылі на Пружаншчыне, нечакана прывяла мяне ў Германію. Падарожжа, на жаль, было віртуальным. Тым не менш, дазволіла пазнаёміцца з іерасхіманахам Рафаілам, па нараджэнні — Барысам Львовічам Кранштадтам. Шмат гадоў таму былы выпускнік Пружанскай СШ №2 назаўсёды з‘ехаў з малой радзімы, але засталіся трывалыя нітачкі-карані, якія звязваюць яго з горадам, дзе нарадзіўся і рос: успаміны дзяцінства і юнацтва, сяброў і настаўнікаў, магілка мамы на гарадскіх могілках…  Айцец Рафаіл не толькі адказаў на пытанні журналіста, але і даслаў свае нататкі пра жыццё ў Пружанах. Мне хочацца пачаць яго аповед з расказу пра бацькоў. Тым больш, што зусім нядаўна, 10 чэрвеня, споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння яго бацькі, Льва Абрамавіча Кранштадта, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, першага дырэктара Пружанскага масласырзавода». З павагай  Ірына СЯДОВА

З успамінаў іерасхіманаха Рафаіла:

«… Мой бацька, Леў Абрамавіч Кранштадт, нарадзіўся сто гадоў таму, 10 чэрвеня 1919 г. у мястэчку Лінова Пружанскага павета. Ён быў трэцім дзіцём у сям’і і меў дзвюх старэйшых сясцёр. У 1939 г. скончыў педагагічнае вучылішча, атрымаў прафесію настаўніка геаграфіі (праз чвэрць стагоддзя ён скончыць яшчэ і завочнае аддзяленне Пінскага мяса-малочнага тэхнікума). Амаль адразу пасля далучэння Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза  быў прызваны ў Чырвоную армію. Прайшоў фінскую і Вялікую Айчынную войны. Служыў у артылерыі, у артразведцы. Ваяваў на Ленінградскім фронце, Пулкаўскіх вышынях, меў баявыя ўзнагароды.

Сярод яго ваенных аповедаў мне асабліва запомніліся два. Першы — гэта яго камандзіроўка ў блакадны Ленінград ранняй вясной 1942 года. Усе дрэвы на Неўскім праспекце, распавядаў бацька, былі без кары. Яе садралі і з’елі. Але было нешта і больш страшнае: прама ўздоўж праспекта ляжалі непрыбраныя трупы людзей… Бацька, нягледзячы на тое, што шмат чаго перажыў і пабачыў на фронце, быў настолькі ўзрушаны, што прасіў яго больш у горад не пасылаць.

Другі аповед звязаны са знаходжаннем у штрафбаце. А здарылася вось што: у часць паступіла чарговая партыя навабранцаў. Бацька навучаў іх, раіў: маўляў, не рвіцеся адразу ў бой, пачакайце, пакуль скончыцца варожы артабстрэл, і толькі па заканчэнні яго ідзіце ў атаку. Хтосьці данёс, нібыта бывалы салдат распаўсюджвае  панічныя настроі сярод маладых байцоў, — і бацьку адправілі ў штрафны батальён. У першым жа баі ён быў паранены — змыў крывёй “віну”, і зноў вярнуўся ў сваю часць. Гэта было адзінае раненне бацькі за дзве вайны.

Дэмабілізаваўся ў 1946 годзе ў званні старшыны. Ён ужо ведаў пра тое, што ўся сям’я загінула, што дома яго ніхто не чакае, і паддаўся  было на ўгаворы баявога таварыша, адэсіта, ехаць з ім. Разам дабраліся да Оршы. І тут, як распавядаў  мне бацька, нібы нейкая нястрымная сіла пацягнула яго на радзіму, дзе не быў амаль сем гадоў…

У Пружанах бацька прыйшоў  станавіцца на ўлік у райкам партыі (у 1943 годзе ён стаў камуністам). Першы сакратар райкама Плотнікаў  паглядзеў на худую постаць бацькі і сказаў: «Ну што, Лёва, нагаладаўся? Будзеш дырэктарам малочнага завода». Так да самага свайго выхаду на пенсію ў 1979 годзе і працаваў мой бацька на гэтай пасадзе.

Завод у той час знаходзіўся ў самым цэнтры горада, якраз паміж старым будынкам гасцініцы (дзе спачатку мелі пакойчык і мае бацькі) і драўляным будынкам СШ №1. Гэтае маленькае збудаванне было дрэнна, спехам прыстасавана да перапрацоўкі малака. Ды і магутнасць заводзіка была недастатковай. Таму ўжо праз некалькі гадоў пасля свайго прызначэння бацька стаў хадайнічаць аб будаўніцтве новага завода. Зямля пад яго была выдзелена на ўскрайку горада. Пасля зацвярджэння дакументацыі разгарнулася будаўніцтва. Пазней да завода быў прыбудаваны сыраробны цэх.

Якасць прадукцыі нашай “малочкі” была высокай. Пра гэта сведчыць хоць бы наступны факт. У бытнасць сваю кіраўніком савецкай дзяржавы Мікіта Хрушчоў вельмі любіў адпачываць у Белавежскай пушчы. Ён прыязджаў сюды на паляванне па некалькі разоў на год, запрашаў неаднаразова кубінскага лідара Фідэля Кастра і іншых кіраўнікоў сацыялістычных краін. Дык вось, уся малочная прадукцыя для  харчавання шматлікай світы і гасцей паступала з Пружанскага завода. Да нас прыязджала брыгада, у якую ўваходзілі і ўрачы. Яны самі рабілі пробы і забіралі прадукцыю.

Казалі, што асабліва Хрушчову падабаліся тварожныя вырабы. Тварог па “крамлёўскім заказе” заўсёды гатавала Сцепаніда Юльянаўна Карпук. Яе фатаграфія тады не сыходзіла з Дошкі гонару завода. Гэта была дзіўная жанчына, працаўніца, вельмі набожная, малітоўніца. І тварог атрымліваўся – пальчыкі абліжаш.

 Наогул сярод шматлікіх працаўнікоў завода было шмат выдатных людзей, але асабліва мне запомніўся адказны за сталярную майстэрню Якаў Піліпчук, ці, як я яго называў, “дзядзька Яша”. Гэта быў і цясляр, і сталяр, ён выконваў усе работы, звязаныя з дрэвам. І ўсё ў яго атрымлівалася выдатна. Ён вельмі любіў сваю працу і не ўмеў адмаўляць. Што ні папросіш зрабіць: якую-небудзь цацку, стэнд ці макет для школы — ён заўсёды ахвотна выконваў просьбу, пры гэтым творча, з радасным, вясёлым настроем. Царства вам нябеснае, дарагія працаўнікі Сцепаніда і Якаў!  

Увосень 1946 года бацька сустрэў маю маму Раісу Барысаўну Вінаградаву – і закахаўся з першага позірку.

Мама нарадзілася 15 верасня 1920 года ў вёсцы Малеч, якая тады ўваходзіла ў Пружанскі павет. У яе было 17 братоў і сясцёр. Да вайны яна паспела скончыць у Варшаве кулінарную вучэльню. Падчас вайны, у акупацыі, мама страціла  дзетак ад першага шлюбу: сына чатырох гадоў і двухгадовую дачку. Яны памерлі ад голаду. Загінуў у партызанах яе першы муж, а таксама пяцёра братоў. Яшчэ чацвёра склалі галовы на фронце. Маміных бацькоў, як і бацькоў майго таты, забілі фашысты ў першыя дні акупацыі. Так што сваіх бабуль і дзядуляў, зрэшты, як і астатніх родных маіх бацькоў, я бачыў толькі на фатаграфіях.

 Пакуль я і мая малодшая сястра Мая не падраслі, мама займалася хатняй гаспадаркай, а калі мы пайшлі  адпаведна ў школу і садок, уладкавалася ў рэгістратуру Пружанскага скурна-венералагічнага дыспансера. Тут і працавала ажно да пенсіі.

Паспытаўшы ў дзяцінстве, а асабліва ў гады вайны, голад, мае бацькі не шкадавалі грошай на харчаванне. Ежа ў нас заўсёды была разнастайнай і багатай. Калі тата ўсталяваў помнік на магіле мамы, то некаторыя ў горадзе жартавалі: «Кранштадт размяняў першы мільён…».  Насамрэч, грошай заўсёды бракавала, яны траціліся не толькі на ежу, а галоўным чынам на лекі. Мы не мелі нічога свайго, акрамя самага неабходнага: ні дома, ні дачы, ні машыны. Жылі ў ведамаснай кватэры, у заводскім доме. Але затое хвароб хапала па вушы. 

Вельмі сур’ёзнае захворванне сэрца здарылася ў мамы. Яно і звяло яе ў магілу 2 снежня 1978 года, калі ёй было ўсяго 58 гадоў. У 40 гадоў захварэў на дыябет бацька. Хвароба працякала вельмі цяжка, добрых лекаў у той час не было. Да канца жыцця ён зусім аслеп. І пайшоў з жыцця ў студзені 1981, на 62-м годзе жыцця…

З хваробамі бацькоў звязаны два выпадкі ў маім жыцці, калі я, літасцю Божай, змог хоць чымсьці быць ім карысным, дапамагчы.

Напачатку мая 1975 года, як раз напярэдадні 30-годдзя Вялікай Перамогі, да мяне ў Маскву прыехаў усхваляваны бацька. Такім я яго раней яшчэ ніколі не бачыў. Ён адразу ж сунуў мне ў рукі рэнтгенаграму сваіх лёгкіх. Першае ўражанне было цяжкае: у цэнтры левага лёгкага – дзірка памерам ледзь не з курынае яйка. Пакуль я бегаў па клініках, спрабуючы шпіталізаваць бацьку, настала             9 Мая. Сустрэлі мы разам вялікае свята, а на сэрцы кошкі шкрабуць: раптам рак? Дзякуй Богу, ужо праз некалькі дзён атрымалася шпіта-лізаваць бацьку. Зрабілі бронхаскапію. Аналіз паказаў наяўнасць палачак Коха. Гэта былі сухоты, цяжкая спадчына вайны. Мы  ўздыхнулі з палёгкай.

Але і сухоты на той час былі справай нежартоўнай. Тым больш, што ўскладняў іх дыябет у цяжкай форме. Першым чынам патрэбен быў моцны антыбіётык. Але дзе яго ўзяць? У аптэках нават па рэцэпце не было. І тут мне падказалі: «Звярніся да Іосіфа, унука Сталіна, у яго заўсёды ёсць самыя дэфіцытныя лекі. Прычым ён ахвотна іх раздае». Справа ў тым, што сын дачкі Сталіна Святланы Алілуевай – Іосіф — у той час працаваў дацэнтам на кафедры  шпітальнай тэрапіі першага Маскоўскага медінстытута імя І.М.Сечанава, у якім я вучыўся.

Іосіф прыняў мяне па-каўказску ветліва, адкрыў халадзільнік і дастаў упакоўкі патрэбнага антыбіётыку. Не ўзяў з мяне ні капейкі. Для зацягвання каверны спатрэбіўся яшчэ барсучыны тлушч. З ім праблемы не было. У Белавежскай пушчы мы дасталі патрэбную яго колькасць. Праз год, нягледзячы на дыябет, ад каверны застаўся толькі маленькі рубец.

Бацькі мае былі вельмі гасцінныя. Амаль кожную нядзелю і, зразумела, па святах у нас збіраліся знаёмыя, суседзі, калегі па працы бацькоў. Спявалі песні — беларускія народныя і франтавыя, танцавалі пад пласцінкі, смакавалі прыгатаваныя мамай стравы. Мама любіла і ўмела гатаваць стравы яўрэйскай, рускай, беларускай, польскай, нямецкай кухняў. Мне ўспамінаецца прыезд да нас у 1959 ці 1960 годзе тагачаснага міністра мяса-малочнай прамысловасці Беларусі Індольцава. Ён быў захоплены мамінай ежай, асабліва фаршыраванай рыбай.

Я толькі праз шмат гадоў, ужо пасля свайго хрышчэння, зразумеў прычыну гэтай асаблівай смачнасці маміных страў: мама ўвесь час дзякавала Богу. Дзякавала за ўсё. І, вядома ж, гатавала заўсёды з малітвай.

Бацькі заўсёды імкнуліся дапамагчы іншым. Уладкаваць на працу, аказаць матэрыяльную дапамогу, пасадзейнічаць у чым-небудзь, дастаць старым дровы, сена для  жывёлы. У пасляваенныя гады хадзіла шмат пагарэльцаў, проста галодных людзей, жабракоў. Іх з нязменнай ласкай запрашала мама ў наш дом, карміла, апранала і абувала. Сама перажыўшы голад і холад, страту родных і блізкіх і засценкі  гестапа (было і такое, мама цудам засталася ў жывых), яна блізка да сэрца прымала боль і пакуты іншых. Я ніколі не забуду, з якім замілаваннем і слязьмі на вачах яна глядзела, на тых, хто еў за яе сталом.

Яе любоў шчодра пралівалася не толькі на людзей, але і на ўсё жывое, на ўсялякае стварэнне, кветкі, жывёл. Мы заўсёды трымалі двух парасят, два дзясяткі курачак. Апошніх мама асабліва любіла і яны адказвалі ёй узаемнасцю: несліся бесперастанку, штодня, акрамя зімы. Хапала не толькі нам, але і шматлікім іншым добрым людзям.

Мне хацелася б расказаць яшчэ пра адну асобу — маю сястрычку Маю. Калі мама была цяжарная ёй, а я гэта ўжо добра памятаю, то ўрачы настойвалі на спыненні цяжарнасці. «Вы не зможаце нарадзіць, — сцвярджалі яны. — Сэрца не вытрымае». Але мама мужна  трымалася, малілася і цярпела. Гэта быў сапраўдны подзвіг мацярынства з яе боку. У выніку ўсё скончылася паспяхова. Так мне Бог паслаў сястрычку, якая цяпер жыве, як і я, у Германіі. Я хрысціў яе з імем Марыя. І яна сваімі малітвамі дапамагае мне, сваёй дачцэ і ўнукам, якія ўсе з’яўляюцца праваслаўнымі.

У мяне да гэтага часу захоўваецца ліст мамы, напісаны за некалькі дзён да яе скону. Вельмі шмат у ім скаргаў на здароўе яе і таты. Мама пытала мяне ў лісце: «Чаму так, сынок? У іншых людзей хоць нейкія прасвятленні, а ў нас бесперастанна ўсё хваробы і хваробы».

Зараз я разумею і сапраўдныя прычыны хвароб, і неабходнасць пакорлівага і цярплівага, а яшчэ лепш, удзячнага іх нясення. Гэтымі хваробамі Бог і мяне прывёў у праваслаўе, зрабіў манахам-схімнікам і святаром. Але на час атрымання ліста я яшчэ не быў  увацаркоўлены і растлумачыць маме нічога не мог.

 Хваробы і смутак – гэта вялікі дарунак Божы, дарунак Яго любові, амаль адзіны сродак выратавання, які застаўся нам у нашы дні. Яшчэ паўтары тысячы гадоў назад Бог сказаў прападобнаму Пахомію Вялікаму: «У апошнія часы я буду ратаваць людзей хваробамі і жалобамі, і тыя з іх, хто з цярпеннем, а яшчэ лепш, з падзякай будуць іх несці, — выратуюцца і будуць вышэй тваіх манахаў». Прападобны Амвросій Опцінскі павучаў сваіх дзяцей: «Вылечвацца цалкам нам нельга, можна толькі падлечвацца».

Галоўная бяда сучаснага чалавека складаецца ў тым, што ён заграз у мірскім, знешнім, рэчавым, цялесным і жыве толькі самым павярхоўным бокам сваёй істоты – толькі целам. Душа і дух вельмі многіх – мёртвыя. Хвароба з’явілася як наступства грэхападзення чалавека, адыходу яго ад Бога. А зараз Бог з дапамогай хвароб вырывае чалавека са смяротных і заганных абдымкаў навакольнага грахоўнага свету, каб ён апамятаўся, змірыўся, павініўся — і зноў прыйшоў да Бога, да крыніцы сапраўднага жыцця ў любові. Мінус на мінус дае плюс.

Гэта зусім не значыць, што не трэба дапамагаць хворым. І трэба, і павінны дапамагаць хворым несці свой крыж, цярпець сваю хваробу, падзяліць з імі цяжар гэтай ношы, іх крыжа, але ні ў якім разе не пазбаўляць іх гэтага выратавальнага подзвігу і Гасподняй узнагароды за яго. Калі Бог палічыць патрэбным, то тады Ён зменіць гэты крыж на іншы. Але гэта хай вырашае Ён.

Мае бацькі сышлі з зямнога жыцця ў вечнасць, так і не прыняўшы хрышчэння. Я іх памінаю келейна. Памінаць іх у царкоўных малітвах – некарысна для іх. Але гэта ніколькі не гняце мяне, не выклікае ні засмучэння, ні роспачы. Я ніколькі не губляю надзеі на нашу сустрэчу. Імкнуся ўсяляк, чым магу, дапамагаць іншым: міласцінай, малітвай, словам суцяшэння, стаць нібы рукамі маіх бацькоў, рукамі давальнымі, міласцівымі…»

Іерасхіманах Рафаіл (Кранштадт),

настаяцель прыходу Св. блажэннай Ксеніі Пецярбургскай у г. Ростак, абшчыны Св. блажэннай Матроны Маскоўскай у г. Грайфсвальд, абшчыны Св. раўнаапостальнага Мікалая Японскага ў г. Дземін (Германія)