Вторник, 1 декабря 2020

В турнире «Беловежская пуща-2011» победили пружанские хоккеисты

2 639

У Лядовым палацы на працягу трох дзён праходзіў дзіцячы міжнародны турнір па хакею «Белавежская пушча-2011». Сёлета ён стаў чацвёртым па ліку. Першапачаткова меркавалася, што ў спаборніцтвах возьмуць удзел чатыры расійскія і дзве беларускія каманды. Але маскоўскія «Ястрабы» не прыехалі, іх замянілі хакеісты брэсцкай АДЮСШ. Такім чынам, за галоўны прыз турніру змагаліся: «Сузор’е» (Масква), «СДЮШАР-1» (Санкт-Пецярбург), «Капітан» (Ступіна, Маскоўская вобласць), «Юнацтва» (Мінск), «АДЮСШ» (Брэст), «ДЮСШ №2» (Пружаны). Арганізатарамі турніру выступілі Беларуская федэрацыя хакея, Пружанскі райвыканкам, бацькоўскія камітэты клубаў «Юнацтва» і «ДЮСШ №2».

Падчас урачыстага адкрыцця турніру да юных хакеістаў са словамі прывітання звярнуліся старшыня райвыканкама А.І.Юркевіч і старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь І.А.Рачкоўскі (на здымку). Дзяўчаты ўручылі капітанам каманд караваі. Прагучалі дзяржаўныя гімны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Турнір праводзіўся па кругавой сістэме, і пераможца вызначаўся па колькасці набраных ачкоў. Кожная з каманд згуляла па пяць матчаў.
Першымі на пляцоўку выйшлі хакеісты «Юнацтва» і «Сузор’я». Ва ўпартай барацьбе перамогу з лікам 5:3 вырвалі беларускія хакеісты.
Пружанская каманда сваю стартавую сустрэчу правяла супраць равеснікаў з Санкт-Пецярбурга. На працягу двух перыядаў на пляцоўцы ішла роўная гульня. Лік адкрыў наш Мікіта Матус на 12-й мінуце. Ён трымаўся да сярэдзіны трэцяга перыяда, калі гэты ж хакеіст вызначыўся яшчэ раз. Пад канец гульні госці двойчы замянялі варатара шостым палявым іграком і двойчы шайба ўлятала ў іх пустыя вароты. Дублем адзначыўся Антон Фралоў. Такім чынам гаспадары перамаглі — 4:0. У першы дзень турніру нашы атрымалі няпростую перамогу над «Сузор’ем» — 4:2.
У другі дзень хакеісты пружанскай ДЮСШ №2 разграмілі адпаведна «Капітан» і брастаўчан з лікам 9:2 і 6:2.
Перад заключным днём спаборніцтваў па чатыры перамогі было на рахунку «Юнацтва» і пружанскай каманды. Менавіта яны і разы-гралі паміж сабою галоўны прыз.
Гульню абедзве каманды пачалі асцярожна з аглядкай на ўласныя вароты. У першым адрэзку матча шматлікія гледачы, якія запоўнілі трыбуны, не ўбачылі закінутых шайб. Лік быў адкрыты ў сярэдзіне другога тайма. З перадачы Вадзіма Карпеша дакладны кідок па варотах саперніка нанёс Мікіта Матус. Але гэта яшчэ нічога не значыла. Небяспечныя моманты ўзнікалі  як ля адных, так і другіх варот. На апошні перапынак каманды адправіліся пры мінімальнай перавазе нашай каманды.
У трэцім перыядзе пружанская каманда пры падтрымцы балельшчыкаў правяла некалькі небяспечных атак. Але і хакеісты «Юнацтва» маглі аднавіць раўнавагу ў ліку. Развязка наступіла за некалькі мінут да сірэны. Шайба, закінутая Юрыем Лесіным, замацавала перавагу пружанцаў. Такім чынам, была атрымана няпростая перамога над «Юнацтвам» з лікам 2:0.
Пружанская каманда (трэнер Дзяніс Хадаровіч) заняла першае месца — пяць перамог у пяці гульнях. Другое месца дасталося хакеістам «Юнацтва», трэцяе — «Сузор’я». Чацвёртай была дружына са Ступіна. Усяго толькі адну перамогу атрымалі хакеісты Санкт-Пецярбурга, якія фінішавалі пятымі. Не пазналі радасці перамог хакеісты брэсцкай АДЮСШ.
Падчас закрыцця турніру ўзнагароды хакеістам уручалі намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец і начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму С.М.Шчыпанаў. Пераможца і прызёры атрымалі кубкі, дыпломы і медалі.
Вызначаны і адзначаны памятнымі падарункамі лепшыя хакеісты з кожнай каманд- удзельніц. У пружанцаў лепшым прызнаны варатар Дзмітрый Данілаў. А лепшым бамбардзірам турніру стаў Мікіта Матус, які закінуў у вароты сапернікаў 11 шайб.
Фота Аляксандра МЕЛЕША.
*Бацькі навучэнцаў аддзялення хакея ДЮСШ №2 1998-99 гадоў нараджэння выказваюць шчырую падзяку трэнеру Дзянісу Валер‘евічу Хадаровічу і яго камандзе за перамогу, атрыманую ў міжнародным дзіцячым турніры «Белавежская пушча-2011». Сваёй гульнёй Вы падаравалі сапраўднае свята ўсім пружанскім аматарам хакея. Жадаем далейшых поспехаў у яшчэ больш прэстыжных спаборніцтвах.
Так трымаць!

2 комментариев

  • Андрей

    Молодцы. Так держать.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • kurmanbek каліноўскі

    Чаго толькі ні пакладуць на шалі «інтэграцыі». Вось, з Масквы і Ленінграда аплацілі каб ехалі ў пружанскія васюкі

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *