Воскресенье, 21 июля 2019

Соревнования санитарных дружин: Три сюрприза…

991

Традыцыйныя раённыя спаборніцтвы санітарных дружын, якія прайшлі на мінулым тыдні, сёлета прыпаднеслі некалькі сюрпрызаў.
Па-першае
, істотна пашырылася кола ўдзельнікаў. Да каманд з акцыянерных таварыстваў «Жураўлінае», «Агра-Калядзічы», «Мурава», «Шані-аграпрадукт», «Айчына», «Э/база «Белавусаўшчына» і «Пружанскі малочны камбінат» сёлета далучылася пяць новых удзельнікаў: свае сандружыны падрыхтавалі ААТ «Велікасельскае Агра», «Пружанскі льнозавод», «Пружанскі райаграсэрвіс», ДЛГУ «Пружанскі лясгас» і КУВП «Камунальнік».

Другім сюрпрызам можна лічыць змену тактыкі некаторых удзельнікаў. Калі раней было відавочна, што ўсур’ёз да падобных выпрабаванняў ставіліся адзінкі, кіруючыся пастулатам «Галоўнае — не перамога, а ўдзел», то ў бягучым годзе многія вырашылі змагацца ўпарта і дабівацца прызавых месцаў. Гэта было бачна па адносінах, па падрыхтоўцы, нават па форменным абмундзіраванні.

Нехта зрабіў стаўку на ветэранаў каманды, як на вопытных і дасведчаных сандружыннікаў, іншыя вырашылі абнавіць састаў, спадзеючыся на энергію маладых.
І трэцім сюрпрызам стала размеркаванне прызавых месцаў. На кожным этапе, дзе ўдзельнікі паказвалі веданне методык ратавання пацярпелых у розных надзвычайных сітуацыях, аказання медыцын-скай дапамогі, камандам налічваліся балы. Таксама вынікі падводзіліся і за творчую падрыхтоўку: конкурс мастацкай самадзейнасці і агляд строю і песні.

Напрыканцы аказалася, што ў лік прызёраў разам з ветэранамі спаборніцтваў трапілі і навічкі.
Першае месца — ужо традыцыйна — зноў заваявалі сандружыннікі з ААТ «Мурава».

Гэта каманда ўзяла некалькі «залатых» дыпломаў у конкурсах, вызначылася сваёй страявой падрыхтоўкай і творчымі здольнасцямі. Да агляду строю і песні мураўцы сёлета падрыхтавалі новую парадную форму, што адзначылі і члены журы. Побач з тым, сандружыннікі гэтага акцыянернага таварыства маюць і трывалую тэарэтычную базу, што таксама адзначыла і старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Л.А.Лелікоўская. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу на веданне гісторыі і прынцыпаў дзейнасці гэтай гуманітарнай арганізацыі яна ўручыла мураўцам дыплом за першае месца.
Другое месца ў спаборніцтвах было прысуджана камандзе ААТ «Жураўлінае», якая пацвердзіла свае мінулагоднія дасягненні. Кляпацкія сандружыннікі зрабілі стаўку менавіта на тэарэтычныя выпрабаванні і не прагадалі.
Выдатную страявую падрыхтоўку паказала каманда лясгаса, якой было прысуджана ў гэтым конкурсе другое месца. Работнікі лясной гаспадаркі вылучыліся і ў мастацкай самадзейнасці, дзе прадэманстравалі гумарыстычную сцэнку з «генералам лесу».

Навічкам толькі крыху не хапіла ўпэўненасці, каб трапіць у лік прызёраў. Больш высокія балы атрымалі «мужчынскі хор» КУВП «Камунальнік», які выканаў сапраўдны гімн ЖКГ, і заліхвацкі нумар ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». У сваю чаргу, гэтыя каманды ў творчым конкурсе саступілі ААТ «Мурава», ім былі аддадзены адпаведна другое і трэцяе месцы.
У выніку па колькасці набраных балаў агульнае трэцяе месца ў спаборніцтвах занялі сандружыннікі з камунальнай службы. Усім прызёрам былі ўручаны кубкі і грашовыя прэміі.
Таксама самых актыўных удзельнікаў адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.І.Ярома, які ўручыў грашовыя сертыфікаты на 300, 200 і 100 рублёў адпаведна сандружынам ААТ «Мурава», «Жураўлінае» і «Агра-Калядзічы». За лепшыя веды па дзейнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Л.А.Лелікоўская ўручыла падарункавыя наборы, акрамя мураўцаў, камандам з Шанёў і Белавусаўшчыны.
Лепшым камандзірам сандружыны была прызнана І.М.Захарка (ААТ «Агра-Калядзічы»), а самым актыўным сандружыннікам стаў навічок А.В.Цатураў (ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»).

Меркаванне

Павел Козел, камандзір сандружыны ДЛГУ «Пружанскі лясгас»:
— Мы ўпершыню прынялі ўдзел у такіх спаборніцтвах. Прызнаюся, многае было ў навінку, хаця і рыхтаваліся загадзя і практычна, і тэарэтычна. На нашу думку, усё, што тут адбываецца, нельга лічыць спаборніцтвамі. Гэта сапраўдныя вучэнні, бо вельмі карысную інфармацыю кожны ўдзельнік атрымлівае, папаўняючы ўласны багаж ведаў і ўменняў дзейнічаць у крытычнай сітуацыі. Спадзяёмся, што на практыцы гэта нам не спатрэбіцца, але загартоўка ніколі лішняй не бывае.

Алена Крэйдзіч, камандзір сандружыны ААТ «Пружанскі малочны камбінат»:
— Наша каманда ўдзельнічае ў такіх спаборніцтвах даўно, але сёлета мы выставілі новы склад сандружыны, які яшчэ не праходзіў праз падобныя выпрабаванні. Зразумела, што ўсе імкнуліся змагацца за перамогу.
Спаборніцтвы сандружын лічу вельмі карыснымі, бо людзі вучацца, як не губляцца ў крытычнай сітуацыі і дзейнічаць без панікі і разважліва, камандай.

Алег Сідарэнка, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)