Понедельник, 19 августа 2019

Зачем нужна память о войне? Что говорят пружанцы…

596

У артыкулах пра Вялікую Айчынную вайну, з высокіх трыбун, па тэлебачанні, на школьных занятках па гісторыі, дзе вывучаецца перыяд вогненных 40-х гадоў мінулага стагоддзя, заўсёды паўтараецца выказванне: «Мы павінны гэта памятаць». Але ж вырасла некалькі пакаленняў, якія нават наступствы пасляваеннага перыяду не пабачылі, не прымалі ўдзел у аднаўленні разбуранай ліхалеццем эканомікі краіны. Што могуць памятаць яны? Якім чынам у іх памяці пакінула свой след Вялікая Айчынная вайна?

Тамара Якаўлеўна:
— Гэта была сапраўды народная вайна, калі пераважная большасць беларусаў аб’ядналася ў адно цэлае. Таму лічу, што мы павінны памятаць той час, каб і далей заставацца народам. Акрамя таго, для многіх сем’яў тая вайна пераўтварылася ў асабістую трагедыю. Напрыклад, мой дзядуля Сяргей знік без вестак літаральна ў першыя месяцы 1941 года. Зразумела, што ён загінуў, у той блытаніне ніхто не вёў строгі ўлік, не паведамляў родным. Толькі ж хацелася б ведаць, дзе яго магіла, каб аддаць даніну павагі яго подзвігу…

Ірына:
— Дзеля нас, дзеля таго, каб мы жылі, мільёны беларусаў загінулі, а яшчэ столькі людзей, хто вярнуўся з фронту, на ўсё жыццё страцілі здароўе або засталіся інвалідамі. А потым дзясяткі гадоў людзі сапраўды гераічнай працай аднаўлялі ўсё, што мы маем зараз. Як пра гэта можна забыцца? Толькі няўдзячны чалавек, сапраўдны эгаіст можа заклікаць да «абнулення» і «ачысткі» нашай памяці. Напрыклад, маю сям’ю вайна ніякім чынам не закранула, але наша пакаленне павінна памятаць пра народны подзвіг, каб не паўтарыліся жахі мінулага, каб і мы не трапілі ў лік тых, хто атрымліваў «пахаванкі» з фронту.

Кацярына:
— Не ведаючы, не памятаючы сваё мінулае, як можна будаваць будучыню, у якой хацелася б жыць мірна і спакойна? Я пражыла без вайны, за што ганаруся сваёй Радзімай. І мне хацелася б, каб і маё дзіця таксама жыло пад мірным небам. І калі яно падрасце, я таксама раскажу яму пра вайну, пра народны подзвіг і гора, што тады прыйшло ў кожную беларускую сям’ю. Каб у яго нават і думкі не ўзнікла, што з дапамогай зброі можна вырашаць якія-небудзь палітычныя ці эканамічныя пытанні.

Анатоль Іванавіч:
— Мой тата Іван Сцяпанавіч Саўчук ваяваў, на памяць аб ім мне засталіся ўзнагароды, у тым ліку і медаль «За ўзяцце Берліна». А значыць, і бацькавы лёс, які, як практычна ва ўсіх з таго пакалення, непарыўна звязаны з Вялікай Айчыннай. На жаль, бацькі ўжо няма на гэтым свеце. Ён застаўся толькі ў нашай памяці. Зараз я расказваю сваім унукам, паказваю дзядулевы ўзнагароды, каб яны не ўспрымалі вайну, як цікавыя прыгоды.

Тамара Сцяпанаўна:
— Дзядуля мой Ануфрый Францэвіч са Скорцаў ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, вызваляў Еўропу і вярнуўся дадому жывым. А потым сваім дзецям і нам, унукам, загадаў зрабіць усё магчымае, каб такое больш не паўтарылася на нашай беларускай зямлі. І няхай я не палітык і ад майго рашэння нічога не залежыць, усё ж свой уклад раблю, даносячы думкі майго дзядулі да сваіх дзяцей і ўнукаў. Напрыклад, вось з унучкай Дашай нярэдка глядзім фільмы пра вайну, але яна іх не вельмі любіць, бо там паказваюць толькі гора. Магчыма, гэта і добра, каб новае пакаленне магло глядзець толькі вясёлыя мульцікі.

Думкамі цікавіліся Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота)