Понедельник, 23 сентября 2019

Пружанскі палацык: «спякотная» ЭТНАвечарына

478

У спякотную пятніцу на мінулым тыдні музей-сядзіба “Пружанскі палацык” запрашаў усіх на не менш “спякотную” вечарыну, якая была прымеркавана да Года малой радзімы. “ЭТНАбачанне” – такую неадназначную назву атрымала гэтае мерапрыемства, на якім прысутных запрасілі дакрануцца да “зорнай” беларускай народнай спадчыны.

Адкрывалі свята танцамі. Народны ансамбль танца “Спадчына” гарадскога Палаца культуры (кіраўнік Валянціна Іскаліева) пад чароўныя гукі ансамбля народнай музыкі “Акарына” (кіраўнік Дзмітрый Кавалевіч) зладзілі сапраўдны харэаграфічны “палёт” з майстар-класам на тэму побытавых танцаў.

На прапанову павучыцца рухам “падэспані” смела адгукнуліся і маладыя, і сталыя гледачы.

Праграма прадоўжылася ў прахалодзе салона чароўнымі спевамі народнага аматарскага аб’яднання “Смаляначка” Навасёлкаўскага СДК. Заліхвацкія песні каларытных тэмпераментных жанчын пад шпаркі баян кіраўніка калектыву Аляксандра Харытановіча здолелі ўзрушыць, здавалася, знямоглых ад працяглай спякоты слухачоў.

Прыгожыя дзяўчаткі ў беларускіх строях — удзельніцы фальклорнага аб’яднання з СШ №5 — зладзілі абрад “Квашанне капусты” – і залю апанавалі ўсмешкі, выкліканыя думкамі аб непазбежным восеньскім “капусным” сезоне.

Не менш зачаравала слухачоў і выступленне народнага фальклорнага гурта “Бабіна лета” з Аранчыц. Аўтэнтычныя акапэльныя спевы настроілі гледачоў на асаблівы лірычны лад… Аранчыцкія артысты паказалі частку з абраду “Хрэсьбіны” – “Падзел кашы”, дзе гучалі песні, прасякнутыя малітвамі за лепшую долю дзіцяці, дзе госці віншавалі “бацькоў” і атрымоўвалі пачастункі, дзе “кум” выкупляў усю кашу і разбіваў на радасць гаршчок, каб раздаць усім чарапкі з пажаданнямі хуткага папаўнення роду.

Цікавую праграму падрыхтавалі для гледачоў «Этнабачання» і валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, якія праспявалі некалькі вядомых беларускіх песень. Пасля чаго кіраўнік ансамбля Людміла Новік азнаёміла прысутных з таямніцамі “куфэрка бабулі Аніссі” – уласнымі кашулямі, дыванамі і ручнікамі, якія значна ўпрыгожылі этнаграфічную залу музея (дарэчы, выстава даматканых вырабаў будзе працаваць па 21 ліпеня).

Свой майстар-клас наладзіла народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая.

Яна запрасіла ўсіх далучыцца да стварэння экаторбаў, а таксама прывабіла публіку сваімі распіснымі шклінкамі, саламянымі вырабамі і этнааквагрымам.
А з тэрасы палацыка на працягу ўсёй этнавечарыны даносіўся пах каравая, дранікаў, бліноў, травяной гарбаты і іншых смачных народных страў і напояў…

З прыемнымі ўражаннямі і шчырымі падзякамі арганізатарам разыходзіліся госці мерапрыемства. Яны павезлі добрыя весткі аб нашай малой радзіме ў “малыя і вялікія сталіцы” — ад Брэста да Смаляніцы!

Алена Зялевіч, фота Сяргея Рабчука