Пятница, 20 сентября 2019

Полным ходом идет сбор клубники в д.Казаки. Приглашаются все желающие!

692

Чэрвень невыпадкова называюць самым салодкім месяцам лета: менавіта ў гэты час у садах і на плантацыях даспяваюць духмяныя клубніцы. Поўным ходам ідзе іх збор і ва ўгоддзях сельскагаспадарчай фірмы “Сады Прыбужжа”, што ў в. Казакі Шчарчоўскага сельсавета.

Кожную раніцу на палеткі ў Казаках прыязджаюць дзясяткі зборшчыкаў духмянага ўраджаю. Агульны збор работнікаў працягваецца з пятай да шостай гадзіны раніцы. Пасля атрымання адпаведнага інструктажу кожны зборшчык становіцца на радок і пачынае беражліва збіраць, укладваючы ў спецыяльную тару, спелую духмяную ягаду. Напаўняльнасць з горачкай — борцікі не бачныя. Кожная ягадка як на падбор: без зялёнага носіка і з пладаножкай.
Напоўненыя ёмістасці ставяцца ў скрыню, якая пасля поўнага запаўнення ўзважваецца інструктарам. Усе дадзеныя тут жа ўносяцца ў пратакольны запіс. Людзі хутка кааперыруюцца і стараюцца працаваць без прамаруджвання, але якасна — на вынік.
Балазе, наліўныя ягадкі асвятляюцца сонейкам з усіх бакоў. Дзякуючы адмысловай тэхналогіі вырошчвання — кусты растуць з адтулін, прарэзаных у чорнай стужцы, якая пакрывае дугападобную градку — пустазелля практычна няма, таму збіраць ураджай, на першы погляд, — адно задавальненне.
— Праца не толькі прыемная, але і карысная. Бо за з’едзеныя ў полі ягадкі ніхто не сварыцца, дазваляюць нават браць трошкі з сабой, каб, напрыклад, дзетак пачаставаць, — усміхаецца расчырванелая зборшчыца.

Спякотна. Зборшчыкі пакрысе губляюць азарт.
— Спякота — наша першая, але, прызнацца, не апошняя цяжкасць, — уступае ў размову работніца фірмы Ілона Крывашэіна. — Клубніц наспела шмат — не хапае рук, каб іх сабраць. Сёння на зборы працуе каля пяцідзесяці чалавек. Шчыра кажучы, гэтага недастаткова, хацелася б, каб збор-шчыкаў было больш. Калі ёсць жадаючыя, калі ласка, прыязджайце. Мы будзем усім рады. Працягласць збору дакладна не прапісана: наколькі хопіць вашых сіл і жаданняў. Аплата напрамую залежыць ад колькасці сабранай ягады, а не праведзеных на полі гадзін. Грошы бухгалтэрыя пералічвае раз на тыдзень. Паверце, людзі задаволеныя тым, як у нас наладжаны працэс збору. Ніякіх складанасцей! Чалавек проста тэлефануе па нумары +37533-676-03-84

і папярэджвае, што хоча да нас прыехаць. На полі заўсёды дзяжурыць спецыяліст, які ўсё раскажа і пакажа. Нават калі вы прыедзеце пасля арганізацыйнага збору, вам абавязкова выдзеляць радок… Да нас прыязджаюць людзі з Шарашэва, Тэўляў, Дзявятак і іншых навакольных вёсак, а вось з Пружан, на жаль, не вельмі шмат жадаючых…

Пакуль Ілона разважае, на полі з’яўляецца сам дырэктар фірмы Юрый Эдуардавіч Ваяводаў, і мы, хутка развітаўшыся з дзяўчынай, спяшаемся з пэўнымі пытаннямі да кіраўніка.
— Некалькі гадоў таму наша гаспадарка атрымала ў арэнду 200 гектараў мясцовых земляў, на якіх было вырашана займацца садамі і ягаднікамі, – расказвае гаспадар. – Чаму ягады? Справа ў тым, што першыя даходы ад садаводства з’яўляюцца толькі праз некалькі гадоў. Каб хутчэй акупіць выдаткі, было прынята рашэнне аб засадцы клубнічных плантацый, якія сёння займаюць каля 20 гектараў. Выкарыстоўваем правераныя гатункі: “ханэй”, “мармялада”, “румба”, “эльсанта”. Яны неблага прыстасоўваюцца да мясцовага клімату… Праўда, з-за майскіх замаразкаў мы страцілі немалую колькасць ураджаю, ды і збор клубнікі пачаўся на два-тры тыдні пазней, чым звычайна, паколькі гэтай ягадзе патрабуецца вельмі шмат сонца… і працоўных рук. Сонейка сёння аж занадта, а вось людзей…

Алена Зялевич, фота Сяргея Талашкевіча