Воскресенье, 21 июля 2019

О проблемах в медицине и не только — в интервью с главврачом Пружанской ЦРБ В.М.Дороневичем

618

Чым жыве медыцына, заўсёды цікава нават тым, хто з урачамі сутыкаецца раз у пяцігодку. Але сустрэча з галоўным урачом Пружанскай ЦРБ В.М.Дараневічам была невыпадковай: напярэдадні прафесійнага свята кіраўнік расказаў, чым жыла раённая сістэма аховы здароўя апошні год, ці ўдалося палепшыць якасць і даступнасць меддапамогі, як вырашаюцца шматгадовыя праблемы з-за недахопу кадраў.

— Віктар Міхайлавіч, раскажыце, над вырашэннем якіх задач калектыў бальніцы працаваў на працягу апошняга года?
— На першым месцы заўсёды павінны быць самыя злабадзённыя праблемы. І, мінаючы чарговы этап работы медыцыны, я адштурхоўваюся ад вынікаў: наколькі павысілася якасць медабслугоўвання, ці палепшылася здароўе насельніцтва?
Паспяховаму вырашэнню пастаўленых перад медыцынскай галіной задач спрыяе тэхнічная аснашчанасць. Так, наша матэрыяльна-тэхнічная база пакуль яшчэ не ўдасканалена па апошнім слове тэхнікі: ёсць патрэба ў лапараскапічных стойках, у абнаўленні энда-скапічнага, лабараторнага абсталявання, апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Тым не менш, сёння мы можам на базе райбальніцы рабіць камп’ютарную тапа-графію маленькім пацыентам, што дазваляе лішні раз не падвяргаць шкоднаму рэнтгенаўскаму апраменьванню дзяцей і пры гэтым своечасова выяўляць праблемы з паставай. У эксплуатацыі з’явіўся новы рэнтген-апарат — мамограф для скрынінгу пухлін малочнай залозы. Ён дазваляе выяўляць новаўтварэнні на ранняй стадыі, калі іх памер не складае яшчэ і аднаго сантыметра. На жаль, мэтавая аўдыторыя — жанчыны ва ўзросце ад 50 да 69 гадоў — не праяўляе актыўнасці ў падобнай прафілактыцы захворвання.
Развіццё атрымлівае тэлемедыцына. Цяпер няма неабходнасці адпраўляць цяжкахворых у абласныя, сталічныя цэнтры для кансультацыі: сучасныя тэхналогіі даюць магчымасць рабіць гэта на адлегласці. Што да сучасных тэхналогій, хочацца дадаць, што намі за ўласныя сродкі ўжо на 67 працэнтаў рэалізаваны праект па інфарматызацыі паліклінікі і бальніцы: кабінеты ўрачоў і лабараторый цяпер аб’яднаны ў адзіную камп’ютарную платформу. Акрамя таго, наладжана выдача электронных рэцэптаў на любым урачэбным участку, для гарантыі якасці медыцынскага абслугоўвання запушчана выкарыстанне новых клінічных пратаколаў… Распрацаваны алгарытм дзеянняў медработнікаў пры вострым каранарным сіндроме і вострым парушэнні мазгавога крова-звароту ўжо даказаў высокую эфектыўнасць у папярэджанні развіцця інфаркту.
Сярод нявырашаных пытанняў застаецца высокая ступень зношанасці санітарнага транспарту. Сёння наспела неабходнасць у замене трох аўтамабіляў. Тых сродкаў, якія нам выдзяляюцца, недастаткова для абнаўлення аўтапарка. Часткова зняць праблему можна было б, каб на гемадыяліз пацыентаў дастаўляла сацыяльная служба, як гэта робіцца ў многіх іншых раёнах: гэтым хворым не патрэбна медсуправаджэнне.

— А што тычыцца кадраў: гэтае пытанне заўсёды востра стаяла ў нашым раёне. Як цяпер?
— Летась у нашым палку прыбыло 25 урачоў — лічба значная. Але зняць праблему з запаўненнем вакансій вузкіх спецыялістаў гэта не дазволіла.
Так сёння ўкамплектаваны ўсе ўрачэбныя ўчасткі ў сельскай мясцовасці. Прычым не толькі дзякуючы маладым кадрам, але і перападрыхтоўцы спецыялістаў са стажам ва ўрачоў агульнай практыкі на базе Гро-дзенскага медуніверсітэта. З прыходам маладых спецыялістаў рэанімацыйна-анестэзіялагічную службу ўдалося раздзяліць на два адпаведныя пасты.
Прызнаюся, што сёння па-ранейшаму нам не хапае такіх спецыялістаў, як уролаг, эндакрынолаг, ЛОР, а таксама фельчараў-лабарантаў.

— Якіх змяненняў чакаць пацыентам Ружанскай гарбальніцы? Сёлета там вядуцца работы ў рамках падрыхтоўкі пасёлка да «Дажынак».
— На сённяшні дзень ужо завяршаецца бягучы рамонт паліклінікі, пасля чаго рабочыя пяройдуць працаваць у лячэбны корпус. Чакаем папаўнення лабараторным абсталяваннем, якое дазволіць пашырыць аб’ём даследаванняў і палепшыць дыягнастычны пошук.
Нарэшце дайшла чарга і да рэканструкцыі харчблока на базе былога дзіцячага аддзялення. Выраблена праектная дакументацыя, цяпер КУП «УКБ Пружанскага раёна» проводзіць працэдуру па вызначэнні генпадраднай будаўнічай арганізацыі. Па яе выніках з 10 ліпеня павінны пачацца будаўнічыя работы. Для асваення выдзелена 400 тысяч рублёў.

— Быццам бы і ідзе перааснашчэнне, бальніца даўкамплектоўваецца кадрамі, але па-ранейшаму маюць месца выпадкі, калі чалавек рэгулярна праходзіў і рэнтгеналагічнае даследаванне, і прафагляды, рабіў УГД, а праз паўгода высвятляецца, што ў яго анкалогія на другой стадыі…
— Мы, медыкі, не перастаем падкрэсліваць, што самы дзейсны спосаб выратавання ад хвароб — гэта дыягностыка на ранніх стадыях. Вядома, сваю лепту ўносяць і ўмовы працы чалавека, ступень яго прыхільнасці да здаровага ладу жыцця. А таксама дыспансерызацыя, якая павінна суправаджацца актыўнасцюі самаго пацыента. Сёння ў нас ёсць неабходная тэхнічная база нават для правядзення скрынінгаў раку шыйкі маткі, прамой кішкі, малочнай залозы, з прыходам маладых спецыялістаў атрымала далейшае развіццё служба УГД-дыягностыкі (сёння робім нават УГД сэрца ў дзяцей)… Пры самых найменшых падазрэннях урач адпраўляе пацыента на даабследаванне ў Брэст ці Мінск.
Але, на жаль, не заўсёды сітуацыя падуладна і медыкам. Ёсць агрэсіўныя формы анкалагічных захворванняў, калі хвароба развіваецца настолькі хутка, што чалавек «згарае» літаральна за два-тры месяцы.

— Увогуле, згодна з медстатыстыкай, чым хварэе насельніцтва раёна часцей за ўсё?
— Найбольшая колькасць зваротаў да ўрачоў па прычыне праблем з сістэмай кровазвароту. На гэтыя хваробы прыходзіцца каля 60% ад іх агульнай колькасці. Лічбы сведчаць, што ў структуры смяротнасці прыкладна такі ж працэнт прыходзіцца на гэтыя хваробы, на другім месцы — анкалагічныя захворванні, і толькі на трэцім — старасць.
Невыпадкова апошнім часам медработнікі працуюць на папярэджанне інваліднасці і смяротнасці па прычыне інсультаў, інфарктаў, анкалогіі. Праводзіцца дыспансерызацыя, прафілактычныя мерапрыемствы, у тым ліку, выязныя прыёмы з удзелам абласных спецыялістаў. Эфектыўнасць такіх акцый сёння ўжо не выклікае сумненняў.
Хочацца дадаць, што смяротнасць (а ў нас у раёне штогод памірае каля 900 чалавек) у многім абумоўлена алкагалізацыяй насельніцтва: злоўжыванне алкаголем прыводзіць да праблем з сістэмай кровазвароту, з’яўляецца прычынай атручванняў. Хочацца адзначыць работу маладога нарколага Вікторыі Смаль: з яе прыходам у бальніцу эфект ад дыспансерызацыі наркалагічных хворых стаў больш відавочны. Закладам поспеху зніжэння смяротнасці ад вострых атручванняў алкаголем з’яўляецца тое, што Вікторыя Віктараўна якасна працуе як на апярэджанне, так і на лячэнне.

— Раз ужо Вы пачалі пераходзіць на канкрэтныя асобы, Віктар Міхайлавіч, назавіце спецыялістаў, чыю работу хацелася б адзначыць. І, вядома, можаце скарыстацца магчымасцю, каб павіншаваць калег з надыходзячым прафесійным святам.
— Тым, хто працуе крыху горш, у нас ёсць на каго раўняцца. Такім узорам для пераймання з’яўляецца калектыў траўматалагічнага ад-дзялення бальніцы, які працуе пад кіраўніцтвам Андрэя Іванавіча Пачынчыка. Сёлета ён у сувязі з прафесійным святам будзе адзначаны як «Выдатнік аховы здароўя».
Не выклікае нараканняў і работа загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Жанны Жанаўны Ісакавай. За добрасумленную працу і высокую якасць абслугоўвання пацыентаў хочацца адзначыць і маладых спецыялістаў, сярод якіх участковы ўрач-тэрапеўт Кацярына Сяргееўна Несцярук.
Цяжкая і не заўсёды ўдзячная праца ў загадчыцы хірургічнага аддзялення Таццяны Леанідаўны Храпавіцкай: велізарны аб’ём аператыўных умяшальніцтваў, часта бяссонныя ночы ля аперацыйнага стала…
Шмат сіл аддала гуманнай рабоце Галіна Мікалаеўна Сямашка: тэрапеўт са шматгадовым стажам, ветэран працы, якая шчыра дзялілася сваім вопытам і ведамі з калегамі. І радасна, што ў яе ёсць годная змена: Таццяна Аляксандраўна Бут — хаця загадчык тэрапеўтычнага аддзялення і з невялікім стажам, але вельмі граматны спецыяліст.
Нягледзячы на перагружанасць, якасна абслугоўваюць пацыентаў урач- афтальмолаг Людміла Міхайлаўна Шаўчэня, урач-эндакрынолаг Ірына Канстанцінаўна Кажэўнікава.
Пералічваць можна доўга, у тым ліку і сярэдні медыцынскі персанал, санітарак, якія старанна выконваюць сваю нялёгкую работу.
З нагоды надыходзячага свята хочацца павіншаваць увесь калектыў Пружанскай ЦРБ. Жадаю ўсім сямейнага дабрабыту, шчасця, міру і спакою, а таксама моцнага здароўя, каб самім не даводзілася выступаць у ролі пацыентаў. І няхай ваша нялёгкая праца ацэньваецца па годнасці, каб з вуснаў пацыентаў як мага часцей зляталі шчырыя словы падзякі.

Гутарыла Марына Вакульская.

Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА