Среда, 13 ноября 2019

Терапевт Екатерина Нестерук: «Первый шаг на пути к выздоровлению — доверие между пациентом и врачом»

611

У медыцыну ідуць па розных прычынах: хтосьці мяркуе стаць прадаўжальнікам сямейнай дынастыі, хтосьці, нагледзеўшыся на пакуты хваравітых родзічаў, хоча іх вылечыць… Паводле слоў участковага тэрапеўта Пружанскай ЦРБ Кацярыны Несцярук, яе ў медыцыну прывяло жаданне дапамагаць людзям.

— Урач — прафесія рознабаковая, патрабуе пастаяннага самаўдасканалення. І мне, шчыра кажучы, гэта вельмі падабаецца: лічыце, вучуся кожны дзень, — гаворыць Кацярына Сяргееўна.
Медыцынская адукацыя ў яе, вядома, ёсць: яна набыла яе ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Практычныя веды назапашвала ў абласных медустановах Брэста і Гродна. Праходзіць інтэрнатуру, а затым і працаваць прыехала ў Пружаны ўслед за мужам, які крыху раней атрымаў сюды размеркаванне і сёння з’яўляецца загадчыкам Навазасімавіцкай амбулаторыі.
— Ці надоўга ў Пружаны? Аргументаў на карысць таго, каб застацца тут, шмат, — кажа малады ўрач. — Па-першае, павінна прызнацца, невялікія гарады мне больш даспадобы. Па-другое, тут людзі дабрэйшыя, прасцейшыя ў зносінах. А самае галоўнае, нас забяспечылі службовым жыллём.
Тым часам, урач агульнай практыкі вывучае карткі сваіх падапечных, а на яе ўчастку, між іншым, да двух тысяч чалавек. Суразмоўца падкрэслівае: вельмі добра, што нехта некалі прыдумаў увесці ў практыку раздзяленне на ўчасткі, кожны з якіх замацоўваць за адным канкрэтным тэрапеўтам.
— Дзякуючы гэтаму, у цябе пастаянныя пацыенты, пра ўсе хваробы якіх з часам даведваешся цалкам. За два гады работы ў Пружанах вывучыла ўжо амаль усіх сваіх падапечных. На асаблівым кантролі людзі старэйшага пакалення: яны прыходзяць на прыёмы часцей за астатніх.
Доктар прыйшла да высновы, што людзі самі не заўсёды адказна ставяцца да свайго здароўя, з-за чаго дзеля дасягнення станоўчага выніку, яна прыбягае і да перакананняў, і да ўгавораў, а іншы раз нават да запалохвання наступствамі.
— Але самае галоўнае — каб паміж пацыентам і ўрачом быў давер. Гэта самы першы крок на шляху да выздараўлення.

Марына Вакульская