Воскресенье, 21 июля 2019

Фельдшер из Слобудки Тамара Волковыцкая: «Я мечтала, что вылечу всех»

445

Тамара Валкавыцкая прызнаецца: стаць медыкам яна марыла з дзяцінства.

— Я наіўна меркавала, што ўсіх вылечу. Нават ад самых страшных хвароб, — з усмешкай сёння ўспамінае пра свой юнацкі максімалізм загадчыца Слабадскога ФАПа.
І пакуль настаўніца беларускай мовы ўсё яшчэ спадзявалася пераканаць сваю вучаніцу ў тым, што яна — прыроджаны педагог, тая ўжо здала дакументы ў прыёмную камісію Брэсцкага медвучылішча.

Праз некалькі гадоў з дыпломам спецыяліста па лячэбнай справе Т.М.Валкавыцкая вярнулася на родную Пружаншчыну, дзе і сёння займаецца адной з самых гуманных спраў на зямлі. А першым працоўным месцам для Тамары Мікалаеўны стаў Шаняўскі ФАП: менавіта сюды яна прыйшла падмяняць калегу на перыяд водпуску па доглядзе дзяцей, а праз год і сама адправілася ў такі ж «адпачынак».
У 2002 годзе фельчара накіравалі ў Слабудку. З таго часу яна і працуе там загадчыцай.
Хаця Слабадскі ФАП абслугоўвае жыхароў усяго толькі адной вёскі, да яго прыпісана да тысячы чалавек: мала на якім з 29 ФАПаў раёна абслугоўваецца такая колькасць вяскоўцаў. Таму, натуральна, у гэтым сельскім медпункце не бывае пуста.
— Вясковаму фельчару даводзіцца не проста лячыць людзей, кансультаваць, рабіць абходы, але і актыўна займацца дыспансерызацыяй абсалютна ўсіх катэгорый насельніцтва, прапагандаваць здаровы лад жыцця. Са шкадаваннем даводзіцца канстатаваць той факт, што колькасць маладых жыхароў змяншаецца. Калі яшчэ нядаўна на патранажнае назіранне штогод ставілі каля 20 нованароджаных, то летась, напрыклад, іх было ўсяго шасцёра. Але ад таго праблем не меншае: насельніцтва старэе, а пенсіянераў здароўе непакоіць часцяком. Акрамя таго, сёння ў медработніка стала намнога больш работы, звязанай з афармленнем дакументацыі, — расказвае жанчына пра свае працоўныя будні.
Тым не менш, ніводзін з пацыентаў не застаецца без увагі і належнай дапамогі: пра іх здароўе яна ведае, калі і не ўсё, дык многае. Гэта падкрэсліваюць і самі людзі: шчыра здзіўляюцца, як іх фельчар усё паспявае. Тамара Мікалаеўна сціпла падкрэслівае, што ў гэтым заслуга і ўрача агульнай практыкі Марыны Мардань, якая таксама, згодна з графікам, прымае пацыентаў у Слабудцы.
… На дзвярах ФАПа надпіс: «Выхадны — нядзеля». Нягледзячы на шчыльны рабочы графік, загадчыца ФАПа паспявае ўсё не толькі на рабоце, але і дома, дзе яна любімая жонка і клапатлівая матуля трох сыноў. Дарэчы, старэйшы вучыцца на праграміста, сярэдні — у політэхнічным ВНУ, малодшы — яшчэ школьнік. Ніхто не рашыўся па прыкладзе маці звязваць свой лёс з медыцынай.
— І гэта правільна. Зусім не таму, што я расчаравалася ў сваім прафесійным выбары: наадварот, вельмі люблю тое, чым займаюся, — прызнаецца жанчына. — Проста гэта не тая галіна, куды можна пайсці дзеля таго, каб проста паспрабаваць у ёй свае сілы. Ісці ў медыцыну трэба толькі ў тым выпадку, калі ты на 200% упэўнены ў правільнасці свайго рашэння і ўсім сэрцам будзеш любіць людзей, дзеля якіх штодзень і бяжыш на работу.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ