Понедельник, 24 июня 2019

Пружаны принимали участников молодежного марафона «75»

206

У сераду наша гасцінная пружанская зямля сустракала ўдзельнікаў маладзёжнага марафону “75”, які акурат у гэтыя дні праходзіць па знакавых мясцінах баявой славы ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі” і плануе фінішаваць 3 ліпеня ў г.Мінску. Мэта маштабнай акцыі, прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – аддаць даніну павагі і ўдзячнасці героям, якія змагаліся за свабоду роднай зямлі, спыніць спробы фальсіфікацыі гісторыі і такім чынам умацаваць адзінства беларускага грамадства.

Гасцей, а гэта — дваццаць пяць актывістаў БРСМ і лідараў прафсаюзных арганізацый ста-ліцы, на ўездзе ў г.Пружаны, каля льнозавода, сустракала пружанская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновічам. Гасцям па традыцыі ўручылі хлеб-соль і запрасілі азнаёміцца са славутасцямі нашага горада.
Знакавым прыпынкам марафону “75”, да якога далучыліся мясцовыя экіпажы МНС і ДТСААФ, стаў помнік “Спаленым вёскам”. Удзельнікі марафону ўсклалі вянкі і кветкі да яго падножжа і ўшанавалі памяць загінулых мінутай маўчання.

А ў парку працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі і фотазоны, наладжаныя намаганнямі розных гарадскіх устаноў адукацыі і культуры.

У прыватнасці, гімназісты правялі для ўсіх жадаючых цікавую квэст-гульню пад назвай “Я ў разведчыкі пайшоў бы”.

Навучэнцы СШ № 5 запрасілі ўдзельнікаў марафону напісаць на вялізнай агульнай паштоўцы пасланне “ў мінулае” да салдатаў-пераможцаў. А прадстаўнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі наладзілі выставу мадэляў ваеннай тэхнікі і арганізавалі аквагрым.

Галоўнымі сімвалічнымі акцэнтамі іншых пляцовак, асабліва школ № 3 і № 4, сталі фотагалерэі з партрэтамі герояў, якія ўнеслі свой уклад у вызваленне нашага раёна ад фашыстаў. Справа ў тым, што напярэдадні марафону школьнікі, навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа (у прыватнасці, прадстаўнікі цэнтра маладзёжных ініцыятыў) і супрацоўнікі раённай бібліятэкі старанна шукалі сведчанні пра салдат і афіцэраў, якія вызвалялі наш раён ад фашыстаў, збіралі фатаграфіі сваіх сваякоў — дзедаў і прадзедаў, якія ваявалі ці прайшлі праз канцлагеры, і складалі іх кароткія біяграфіі.

Па задумцы арганізатараў гэтыя здымкі будуць выкарыстоўвацца пры падрыхтоўцы агульнага фотаальбома “Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі”.
Працавала ў парку і мабільная экспазіцыя “Вызваленне Беларусі», падрыхтаваная Дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Падчас работы інтэрактыўных пляцовак на цяністай алеі парку ішла канцэртная праграма, у рамках якой таленавітыя прадстаўнікі БРСМ і салісты вакальнай студыі “Меладзін” гарадскога Палаца культуры выконвалі для шматлікіх гледачоў песні на ваенна-патрыятычную тэматыку…

У гэты ж час у вялікай зале музея-сядзібы “Пружанскі палацык” быў наладжаны адкрыты дыялог “Беларусь памятае”, падчас якога галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н.С.Пракаповіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец нагадалі прысутным пра сумную статыстыку страт Пружанскага раёна падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Акрамя таго, былі заслуханы даклады члена маладзёжнага парламента раёна Ільі Янушкі і педагога Старавольскага ВПК Аліны Віктараўны Чулец.

Яе выступленне на тэму “Дзеці вайны” заслугоўвае асаблівай увагі. Маладая настаўніца гісторыі распавяла аўдыторыі пра страшныя наступствы ўстанаўлення немцамі “новага парадку” ў Беларусі, асабліва ў дачыненні да дзяцей, які прывёў да гібелі 166 тысяч непаўналетніх, пра вываз падлеткаў на прымусовыя работы ў Германію і генацыд яўрэйскага насельніцтва Беларусі.
Сімвалічным працягам выступлення настаўніцы стаў даклад навуковага супрацоўніка “Пружанскага палацыка” Т.В.Антанюк, якая ўзняла праблематыку росквіту ў сучасным свеце ідэй неанацызму… “Памяць пра трагічныя падзеі, якія непасрэдным чынам закранулі Пружаны, неабходна для таго, каб нашы дзеці ніколі не сталі ахвярамі, абыякавымі назіральнікамі, або – не дай Бог! – катамі. Няма генацыду супраць “кагосьці” — генацыд заўсёды супраць усіх”, – рэзюмавала сваё выступленне Таццяна Васільеўна і напрыканцы сустрэчы запрасіла ўсіх прысутных на выставу работ яўрэйскага мастака Машэ Бернштэйна з цыкла “Яўрэйскія дзеці”, створанага ім у 1973-м годзе ў памяць аб родных і сябрах, загінулых у Беластоцкім гета.

Безумоўна, кульмінацыйным і самым шчымлівым момантам адкрытага дыялога стала кароткае выступленне былога вязня канцлагера ў Азарычах Соф’і Сяргееўны Карпей. Жывая сведка зверстваў фашыстаў сваімі фрагментарнымі ўспамінамі расчуліла ўдзельнікаў марафону да слёз:
– Я кожны дзень малю Бога, каб ніколі больш і нідзе на зямлі не паўтарыліся тыя жахі, якія нам, дзецям вайны, давялося зведаць…

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча