Понедельник, 24 июня 2019

Профсоюзный лидер Светлана Предко: «На первом плане — интересы работника»

297

Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Прэдка вось ужо шмат гадоў удала спалучае асноўную дзейнасць с прафсаюзнай: з 2008 года калектыў абірае яе старшынёй прафпярвічкі. У лютым, калі тут праходзіў чарговы справаздачна-выбарчы сход, Святлане Анатольеўне ў чарговы раз аказалі давер прадстаўляць, а калі неабходна, і адстойваць інтарэсы калектыву перад наймальнікам.

Сёння ў штаце ўстановы 73 чалавекі, пераважная большасць якіх з’яўляюцца членамі прафсаюзнай арганізацыі. Адметна, што многія ветэраны працы, калі ідуць на заслужаны адпачынак, не разрываюць сувязь з прафсаюзам. І не дзіўна. Асобную ўвагу прафкам надае арганізацыі вольнага часу: сумесна з адміністрацыяй ладзіць культурна-масавыя мерапрыемствы да 8 Сакавіка, прафесійнага свята, Дня маці, набывае білеты ў тэатр, на канцэрты, арганізоўвае экскурсіі… Да слова, геаграфія паездак не абмяжоўваецца цікавымі месцамі Брэстчыны: калектыў ТЦСАН пабываў у Каробчыцах, Дудутках, Нясвіжы, Міры…
— Калектыў у нас малады. Гэта і вызначае спецыфіку асноўнай работы прафкама, — расказвае С.А.Прэдка. — Нямала сродкаў ідзе на аздараўленне дзяцей членаў прафсаюза: набываюцца пуцёўкі ў летнія дзіцячыя лагеры, санаторыі. Самыя актыўныя з задавальненнем прымаюць удзел у прафсаюзных конкурсах. А талентаў у нас хапае: напрыклад, работніца аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту Алёна Гулевіч — цудоўная рукадзельніца, юрысконсульт цэнтра Анастасія Тарасевіч вылучаецца прыгожым вакалам.
Пры падтрымцы прафсаюзнай арганізацыі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вось ужо шмат гадоў сярод сацыяльных работнікаў праводзіцца свой галіновы конкурс «Лепшы па прафесіі».

Нядаўна ў ТЦСАН прымаўся новы калектыўны дагавор. Па ініцыятыве старшыні прафкама ў дакумент быў унесены шэраг змяненняў — у пунктах пра заахвочванне работнікаў. Святлана Анатольеўна ўдакладняе, што выраслі памеры выплат да юбілейных дат, у сувязі з нараджэннем дзяцей, пры выхадзе на пенсію і гэтак далей.
— Акрамя таго, мы падтрымліваем палітыку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая тычыцца сістэмы найму: каб работнікі былі абаронены, па хадайніцтве прафкама адміністрацыя заключае з імі доўгатэрміновыя кантракты. На сённяшні дзень такім чынам пралабіраваны інтарэсы ўжо каля 70% членаў калектыву.
А вось нейкіх зваротаў ад членаў прафсаюзнай пярвічкі за гады дзейнасці ў якасці старшыні Святлана Анатольеўна не згадае.
— Проста з наймальнікам заўсёды знаходзім узаемаразуменне, — тлумачыць прафсаюзны лідар.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота)