Понедельник, 24 июня 2019

Донор Виктор Витько: «Не преследую цель зарабатывать на сдаче крови»

324

Сёлета 14 чэрвеня пад такім дэвізам ва ўсім свеце будзе зноў адзначацца Сусветны дзень донара крыві. У гэты дзень выказваецца асаблівая падзяка людзям, якія добраахвотна і бязвыплатна здаюць кроў, такую неабходную для выратавання чалавечых жыццяў.

Віктар Віцько — вадзіцель ПМК-22. Яго працоўны дзень распісаны літаральна па мінутах. Шмат увагі патрабуе і добраўпарадкаванне ўласнай сядзібы. Тым не менш, мужчына знаходзіць час, каб прыйсці ў бальніцу і падзяліцца кроўю дзеля жыцця іншых, зусім незнаёмых яму людзей.
На рахунку Віктара Іванавіча ўжо больш за трыццаць кровадач. Напярэдадні Сусветнага дня донара ён у чарговы раз прыйшоў у аддзяленне пералівання крыві, каб выканаць сваю пачэсную місію.
Некалькі мінут яго каштоўнага часу захапілі і мы.

— Віктар Іванавіч, як даўно вы здаяце кроў? І што стала таму прычынай?
— Хаця першы «афіцыйны» запіс у маёй картцы донара датуецца 2004 годам, але ўпершыню я здаваў кроў значна раней. Гэта было напрыканцы 1990-х. Мой сябар трапіў у аварыю, страціў шмат крыві. Я выклікаўся стаць яму донарам, паколькі з усіх знаёмых, якія прапаноўвалі сваю кроў, падыйшла толькі мая.
— Пасля гэтага і пачалі здаваць кроў часта?
— Прыходжу, як толькі патэлефануюць з бальніцы: кажуць, што мая кроў першай групы з адмоўным рэзус-фактарам даволі запатрабаваная. Гэта здараецца прыкладна адзін раз на тры-чатыры месяцы.
— Сваім знаёмым расказваеце пра тое, што з’яўляецеся донарам?
— На рабоце, зразумела, ведаюць усе. А вось што тычыцца астатніх знаёмых, то нікому не расказваю, нікога не прымушаю да донарства: на маю думку, гэта асабістае рашэнне кожнага.
— Некаторыя гавораць, што сталі б донарамі, але баяцца, што пасля здачы крыві будуць дрэнна сябе адчуваць. А што вы можаце сказаць на гэты конт?
— Я сябе нармальна адчуваю. Пасля здачы крыві патрабуецца паўгадзіны адпачыць, і тады ўжо можна ісці. Я адразу адпраўляюся на работу.
— Але ж да здачы крыві неяк рыхтуецеся?
— Натуральна. Не ўжываю алкаголь. Хаця сам і куру, але напярэдадні ўстрымліваюся ад гэтай шкоднай звычкі. Раіцца чайку папіць перад працэдурай. Зразумела, у мяне бяруць аналізы, мераюць ціск. Адным словам, нічога асаблівага.
— А ў сям’і, акрамя Вас, яшчэ ёсць донары?
— Не, я адзін здаю кроў.
Цікава, што вы думаеце наконт бязвыплатнай здачы крыві?
— Шчыра кажучы, ніколі не праследаваў мэту зарабляць на здачы крыві. І калі трэба рабіць гэта бясплатна — значыць, буду.
***

Гаворыць загадчык аддзялення пералівання крыві Іван Сямашка:

— Сёння наша задача — не проста збіраць кроў, але і павышаць дасведчанасць аб неабходнасці рэгулярнага донарства крыві, каб забяспечыць своечасовы доступ да бяспечнай крыві і яе прадуктаў гарантаванай якасці. Гэта таксама з’яўляецца неад’емнай часткай усеагульнага ахопу паслугамі аховы здароўя і адной з умоў эфектыўнасці сістэмы аховы здароўя.
Для чаго патрэбна донарская кроў? Для належнага лячэння жанчын, у якіх цяжарнасць ці роды ўскладніліся крывацёкам, дзяцей з цяжкай формай анеміі, пацыентаў з захворваннямі крыві і касцявога мозга, са спадчыннымі анамаліямі гемаглабіну і імунадэфіцытнага стану, пацярпелых у надзвычайных здарэннях і аварыях, а таксама для правя-дзення складаных медыцынскіх і хірургічных умяшальніцтваў. Пераліванне крыві і яе прадуктаў дазваляе штогод ратаваць мільёны чалавечых жыццяў.
За адзін раз у донара бяруць 475 мілілітраў крыві — гэта стандартная еўрапейская доза. Поўнае аднаўленне клетак крыві адбываецца на працягу двух месяцаў.
Інтэрвал кровадач для мужчын складае два месяцы, для жанчын — тры. Калі донар перанёс вострае рэспіраторнае захворванне, то кроў можна здаваць не раней, чым праз месяц, а калі была праведзена аперацыя — толькі праз паўгода. У выпадку, калі прэтэндэнт на донарства перанёс вірусны гепатыт або іншыя інфекцыйныя захворванні (іх у пераліку звыш 40), у здачы крыві яму будзе адмоўлена. Медустановам патрэбна кроў без «сюрпрызаў», таму важна, каб са здароўем чалавека не было ніякіх праблем, падкрэсліваюць у аддзяленні. У той жа час, клапоцяцца і пра донараў: каб страта крыві не выклікала непажаданых рэакцый арганізма. Таму, напрыклад, патэнцыяльны донар павінен мець вагу не менш за 50 кілаграмаў.
Іван Сямашка акцэнтуе ўвагу, што сёння ў Беларусі адраджаецца традыцыя бязвыплатнага донарства крыві. Як мяркуецца, пераход да яго павінен адбыцца ўжо да 2020 года. Так за пяць месяцаў гэтага года ў Пружанскай ЦРБ кроў здалі амаль 360 донараў. Пры гэтым больш як 40% з іх — 125 чалавек — зрабілі гэта абсалютна бясплатна.
Іван Іванавіч гаворыць, што сёння людзі разумеюць важнасць донарства. Самыя актыўныя — донары ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў. Калі гаварыць пра канкрэтныя катэгорыі, то гэта медработнікі і навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа.
Варта адзначыць, што з 1995 года, калі ў аддзяленні пачалі весціся спісы Ганаровых донараў, гэтае званне атрымала каля 120 чалавек: на іх рахунку больш за 40 кровадач.
— Увогуле, на Пружаншчыне хапае актыўных донараў. Асабліва па здачы плазмы: на гэтую працэдуру нават ёсць чарга, паколькі няма магчымасці столькі прыняць і прыгатаваць гэтую частку крыві, — расказвае І.І.Сямашка. — Напрыклад, даведзены план па прыёме крыві — 600 літраў за год — мы перавыконваем. І нават калі здараецца так, што патрэбна кроў канкрэтнай групы, а яе няма ў запасе, людзі актыўна адгукаюцца і прапануюць дапамогу. Падчас рэзанансных трагедый на дарозе да нас прыйшло каля 30 добраахвотных донараў.

Старонку падрыхтавала Марына Вакульская,
фота Сяргея Талашкевіча