Вторник, 10 декабря 2019

Выпуск — 2019: городской бал собрал 150 юношей и девушек!

1 683

Выпускны баль 2019 года. Увесь навучальны год вучні 11-х класаў чакалі яго. І хаця да агульнагарадскога мерапрыемства, што прайшло на цэнтральнай плошчы ў мінулую суботу, юнакі і дзяўчаты рыхтаваліся загадзя, яны ўсё ж моцна хваляваліся. Гэта было відавочна па разгубленых позірках у адных, па нервовых усмешках і нават слязінках у вачах іншых. Сёлетні гарадскі баль сабраў 150 выпускнікоў, якія калонай прайшлі па вуліцах роднага горада. Дзе вучыліся, атрымалі патрэбныя ў далейшым жыцці веды, а таксама самае галоўнае — пуцёўку ў даросласць у выглядзе атэстата аб сярэдняй адукацыі.

Падчас шэсця адднасць сваёй школе, у сценах якой яны вучыліся 11 гадоў, яднала гэтых юнакоў і дзяўчат. Як адзначылі вядучыя мерапрыемства, кожнаму пашчасціла па-свойму. Напрыклад, выпускнікам гімназіі — у тым, што яны прадстаўлялі самую лепшую ў раёне школу па выніках вучэбнай дзейнасці. Тым, хто вучыўся ў СШ №1 імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, што яны трапілі да настаўнікаў, якія імкнуліся выхоўваць ініцыятыўных людзей. У СШ №3 — што вучыліся ў школе, якая сабрала важкую скарбонку перамог раённага і абласнога маштабу. А выпускнікам СШ №4 і №5, што сталі ўпэўненымі ў сабе людзьмі, якія, бясспрэчна, будуць канкурэнтаздольнымі спецыялістамі.

Гэта ў сваім выступленні пацвердзіў і старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. Ён прызнаўся, што ў тым ліку і кіраўніцтва раёна ганарыцца такімі выпускнікамі і іх перамогамі на навуковых канферэнцыях і алімпіядах, іх спартыўнымі, творчымі і працоўнымі поспехамі. Асабліва годна сябе зарэкамендавалі трывалымі ведамі гімназісткі Юлія Кульбеда, Ангеліна Макарэвіч, Любоў Мяшэчка, Віялета Глушко, Ірына Строк і Яніна Шчарбанёва, вучаніцы СШ №5 Ірына Касюк, Ганна Вільчык і Аліна Субота, СШ №1 — Варвара Шыракова і Алена Бірук.
— Нельга не пахваліць за спартыўныя дасягненні Уладзіслава Бондара, Дзяніса Басака, Юрыя Жука з СШ №3, Уладзіслава Покала з гімназіі, Марыю Бармута і Надзею Новік з СШ №4, Валерыю Покала і Святлану Легкашкур з СШ №5, Максіма Бабіча, Максіма Барана, Таццяну Карпінчык, Ганну Комса з СШ №1.
Таксама Юрый Юр’евіч адзначыў пераможцаў творчых конкурсаў: Дар’ю Крывальцэвіч (гімназія), Арыну Памолаву (СШ №4), Яўгенію Карпей і Анастасію Мікрукову (СШ №3), якія ўславілі раён на ўзроўні вобласці, рэспублікі і нават за яе межамі.
Старшыня райвыканкама ўручыў залатыя медалі тым, хто падчас вучобы ў школе паказаў самы высокі ўзровень ведаў.

Сёлета імі сталі восем дзяўчынак: пераважная большасць — гімназісткі: А.І.Цыганчук, Ю.М.Кульбеда, А.С.Макарэвіч, Л.А. Мяшэчка, І.В.Строк. А разам з імі — А.А.Субота (СШ №5), В.С. Адамчук (СШ №4) і В.Д.Шыракова (СШ №1).


З добрымі словамі да выпускнікоў звярнуліся дырэктары школ: А.К.Момлік, С.М.Станкевіч, Г.М.Кунінец, Ю.С.Яльцоў і І.А.Каробка. Яны пажадалі тым, хто ўступае ў дарослае жыццё, быць рашучымі і мужнымі, ісці толькі па светлым шляху. А таксама выканалі для пакуль яшчэ сваіх вучняў песню, якую можна лічыць дарагім падарункам.

У той вечар нямала прагучала шчырых пажаданняў са сцэны: бацькі і класныя кіраўнікі запэўнівалі ў сваёй падтрымцы, а выпускнікі дзякавалі ім за дабрыню і клопат. Самадзейныя артысты стваралі добры настрой спевамі і танцамі.

А завяршылася мерапрыемства традыцыйным вальсам і загадваннем жаданняў з адпусканнем у неба паветраных шароў.

Для кожнага выпускніка гэты дзень застанецца ва ўласным календары падзей як адзін з самых значных у жыцці, бо яны зрабілі свой першы крок па дарозе сталасці.

У будучыні чакае яшчэ нямала новых адкрыццяў і ўражанняў, прыемных і не вельмі. Аднак гэты дзень у памяці кожнага выпускніка застанецца назаўсёды. Як рыса, якая аддзяляе дзяцінства і юнацтва, калі жыццё ішло пад наглядам бацькоў і настаўнікаў, ад даросласці, дзе за кожнае рашэнне і наступны крок давядзецца адказваць самастойна.

Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча