Понедельник, 24 июня 2019

Районное объединение профсоюзов: лучшее — детям!

252

Традыцыйна напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей дзверы сацыяльна-педагагічнага цэнтра, што ў пасёлку Сонечны, не зачыняліся, здаецца, ні на імгненне. У мінулы чацвер выхаванцаў цэнтра і дзяцей, якія выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, віншавалі прадстаўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.

Як і належыць, лідары прафсаюзных арганізацый раёна (райкама прафсаюза работнікаў АПК, адукацыі і навукі, раённага аддзела Дэпартамента аховы і ДТСААФ) на чале са старшынёй аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук завіталі да маленькіх сяброў не з пустымі рукамі.
Наладжаная імі з дапамогай прафесійных артыстаў з гарадскога Палаца культуры насычаная пазнавальна-забаўляльная праграма надоўга застанецца ў памяці дзяцей, якія пэўны час былі абдзелены ўвагай дарослых.
Першыя пазітыўныя эмоцыі і добры настрой прынесла дзецям катанне на картынгу пад наглядам галоўных персанажаў мультфільма “Шчанюковы патруль”. Пераапранутыя артысты пільна наглядалі, каб самыя адважныя юныя кіроўцы трымаліся хуткаснага рэжыму.


У гэты ж самы час юныя мастакі прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце на агульную тэму “Год малой радзімы”. Намаляваныя маленькімі “майстрамі пэндзля” вясёлыя паравозікі, вялікія аўтобусы і прыгожыя домікі, напоўненыя людзьмі, як мага лепш адлюстравалі мары дзяцей аб вялікай і шчаслівай сям’і.
Кульмінацыяй свята стала насычаная гульнёвая праграма ад клоунаў Міньёнаў, разам з якімі шчаслівая дзятва пускала мыльныя бурбалкі, складвала казачныя пазлы, вадзіла карагоды і з задавальненнем забаўлялася ў розных гульнях і віктарынах.


Разнастайныя конкурсы, жарты, танцы, за ўдзел у кожным з якіх даваліся салодкія падарункі, здавалася, дапамаглі дзецям цалкам забыцца пра нягоды, з якімі ім давялося сустрэцца ў жыцці…
А вось цёплыя ўспаміны ад падобных святаў застануцца з выхаванцамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра надоўга.

Алена Зялевіч,
фота Сяргея Талашкевіча