Понедельник, 24 июня 2019

Есть такая профессия — Родину защищать! Есть такая династия… — Полянские!

415

«Калі ёсць перад табой прыклад афіцэраў — бацькі і дзедаў, то з дзяцінства становіцца зразумела: самая лепшая прафесія — Радзіму абараняць”, — выразна пазначае сваё жыццёвае крэда начальнік радыёлакацыйнай сістэмы пасадкі самалётаў 210-га авіяцыйнага палігона, што за Ружанамі, старшы лейтэнант Арцём Станіслававіч Палянскі.

Малады чалавек — прадстаўнік трывалай афіцэрскай дынастыі, члены якой служылі і служаць Айчыне, якой прысягалі, на працягу ўжо многіх гадоў. Заснавальнікам дынастыі лічыцца прадзядуля майго суразмоўцы — адстаўны падпалкоўнік авіяцыі Фёдар Палянскі.
— Гэта наш галоўны сямейны герой, пра якога мне нястомна распавядаў бацька. Прадзед Фёдар прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну і кожны год на 9 Мая, апранаючы свой непад’ёмны ад узнагарод парадны мундзір, ён са слязьмі на вачах распавядаў не пра свае ратныя подзвігі і хуткі кар’ерны ўзлёт, а пра загінулых сяброў і таварышаў па службе. Прадзед Фёдар і, наогул, усе ветэраны для мяне – гэта святое, — кажа малады афіцэр.

Яўген і Фёдар Палянскія

Прадзеда Арцём, у сілу свайго ўзросту, амаль не памятае, а вось з дзядулем, не менш слаўным афіцэрам, яму ўдалося ў дзяцінстве нагаварыцца ад душы. Яўген Фёдаравіч Палянскі нарадзіўся ў 1940 годзе і, як усе дзеці вайны, зведаў цяжкае дзяцінства. Але, натхніўшыся подзвігамі бацькі-героя, Ён цвёрда для сябе вырашыў, што абавязкова стане афіцэрам і служыць будзе, як і бацька, “у небе”.
Праз гады так і здарылася. Скончыўшы вышэйшае ваеннае авіяцыйнае інжынернае вучылішча ў г. Рыга, Яўген Фёдаравіч служыў у ракетным палку, у свой час прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Афіцэр даслужыўся да звання падпалкоўніка і «перадаў штурвал» двум сваім сынам: старэйшы служыў у Расіі, а малодшы, Станіслаў, скончыўшы Крамянчугскае лётнае вучылішча, спачатку па размеркаванні служыў на Крайняй Поўначы, а пасля — ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь – у Засімавічах. Быў звольнены ў запас у чэрвені 2013 года.
На гэты час сваю адданасць афіцэрскай справе ўжо вырашылі даказаць сыны Станіслава — блізняты Антон і Арцём, якія, як і ўсе мужчыны ў іх сям’і, з ранняга дзяцінства марылі аб вайсковай службе…
— Паміж намі, братамі, існавала свайго роду спаборніцтва: хто з нас паступіць і лепш заявіць пра сябе, — па-дзіцячаму адкрыта ўсміхаецца Арцём Станіслававіч.
Калі імя Арцёма аказалася ў спісах паступіўшых у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, а яго брат Антон паступіў на ваенны факультэт у БДУ, радасці бацькі і дзеда не было канца.
Афіцэры старой загартоўкі з цяжкасцю стрымлівалі слёзы, гледзячы на блізнят у форме, якія давалі вайсковую прысягу. Маладыя Палянскія не падвялі, асабліва Арцём, які за гады вучобы падняўся на другае месца ў рэйтынгу выпускнікоў.
Пасля заканчэння ў 2017 годзе авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “радыётэхнічнае забеспячэнне палётаў авіяцыі” лейтэнант Палянскі быў накіраваны для праходжання службы на 210-ы авіяцыйны палігон.

За два гады службы Арцём ні разу не пашкадаваў аб абраным шляху і, як сапраўдны мужчына, марыць аб кар’ерным росце. А для гэтага, як лічаць калегі па службе, у яго ёсць усе неабходныя дадзеныя: упартасць, працавітасць, пачуццё адказнасці і, што асабліва ў пашане, прыстойнасць.
— Галоўнае — у мяне ёсць жонка Лізавета, якая, не раздумваючы, пераехала ўслед за мной з Мінска і забяспечвае надзейны тыл. Яна, як калісьці мая мама, бабуля і прабабуля, гатова прыняць любыя перамены ў маім афіцэрскім лёсе і падтрымаць любыя мае пачынанні. Сёння наша задача нумар адзін — аддана служыць Рэспубліцы Беларусь і даслужыцца як мінімум да звання падпалкоўніка, а можа нават і вышэй! — з гумарам расстаўляе свае прыярытэты малады афіцэр і рапартуе мне на развітанне:
—Гонар маю!

Алена Зялевіч.

Фота аўтара і з уласнага архіва А.С.Палянскага