Среда, 21 августа 2019

Жыватворныя крыніцы Смаляніцы

473

Заціхлі гукі “Пеўчага поля”. Але мілагучныя песні, прыгожыя народныя строі і этнадыскатэка з заліхвацкімі рытмамі і танцамі, наладжаная на фестывалі аматарскім аб’яднаннем “Смаляначка”, надоўга застануцца ў памяці ўдзячных гледачоў. Вось ужо амаль сорак гадоў харызматычныя музыкі гэтага калектыву зачароўваюць прыхільнікаў беларускага фальклору неверагоднай энергетыкай і пазітывам.

Смаляніцкае аб’яднанне вядзе свой пачатак з 1981 года, калі апантаная высакароднай ідэяй жыхарка вёскі Зінаіда Карпыза згуртавала вакол сябе самых таленавітых аднавяскоўцаў і арганізавала фальклорны гурт “Смаляначка”. У ім не проста спявалі і танцавалі, а, у першую чаргу, па крупінках збіралі мясцовы фальклор: запісвалі спевы, байкі і казкі, пераймалі старажытныя танцы і абрады. А яшчэ дасталі з “бабуліных” куфараў старажытныя кашулі і андаракі і прывялі іх у такі выгляд, што не сорамна надзець нават на вяселле…
У хуткім часе слава пра гурт разляцелася далёка за межамі раёна і нават вобласці. Самадзейных артыстаў пачалі запрашаць на самыя прэстыжныя сцэны краю і нават на тэлебачанне – у праграме “Вячоркі” смаляніцкія музыкі замілавалі сваімі спевамі дасведчаную тэлеаўдыторыю. А нядаўна яны сталі героямі тэлеперадачы “Назад у мінулае”.
Зразумела, што за дзесяцігоддзі склад удзельнікаў неаднаразова мяняўся, аднак  песні, якія былі калісьці напісаныя ў вёсцы Смаляніца і нават трапілі ў энцыклапедыю “Этнаграфія Беларусі” і шматтомнік “Традыцыйная народная творчасць беларусаў. Брэсцкае Палессе”, беражліва захоўваюцца музыкантамі і складаюць аснову іх рэпертуару.

Пасля закрыцця Смаляніцкага Дома культуры фальклорны калектыў “Смаляначка”, які пераўтварыўся ў аматарскае аб’яднанне, пачаў працаваць пры Навасёлкаўскім СДК. Сёння ім кіруе баяніст, гарманіст і проста добры музыкант А.У. Харытановіч.
– Гэта ўжо трэці склад ансамбля, аднак па-ранейшаму галоўным дарадцам і натхніцелем для нас з’яўляецца першы кіраўнік Зінаіда Карпыза. Да ўсіх яе парад прыслухоўваемся, увесь рэпертуар строга адбіраем: каб усё наша мясцовае было, са смаляніцкім дыялектам і каларытам, – прызнаецца Анатоль Уладзіміравіч, які ў свой час скончыў Гродзенскае культасветвучылішча і адразу быў запрошаны акампаніраваць смаляніцкім артыстам на розных музычных інструментах.
Сёння пад яго пільным наглядам працуюць з добры дзясятак руплівых музыкантаў. Самаму старэйшаму ўдзельніку гурта хутка 60 споўніцца, а самым малодшым, Сонечцы Яроцкай і Машы Харытановіч, чатыры і шэсць гадкоў адпаведна.
– Наш ганаровы “старажыл” – Людміла Міхайлаўна Яроцкая! Яна вядзе свой песенны радавод яшчэ з першага складу калектыву. Між іншым, усе нашы цудоўныя касцюмы – яе рук справа. Акрамя таго, Людміла Міхайлаўна – наша знакамітая смаляніцкая каравайніца. На фестывалі ў Гайнаўцы ў конкурсе караваеў яна заваявала першае месца! – далучаецца да нашай размовы з кіраўніком гурта Анатолем Харытановічам яго жонка Таццяна Міхайлаўна і з вялікім імпэтам пачынае знаёміць асабіста з удзельнікамі гурта.

Першай, вядома, сваімі эмоцыямі ад музычнага жыцця з намі падзялілася Людміла Яроцкая:
– З самага дзяцінства я замілоўвалася беларускай народнай песняй. І калі ўпершыню пачула, як выступаюць нашы смаляніцкія музыкі, абамлела і… сама напрасілася ў гурт, хоць у мяне, прызнацца, не такі ўжо выдатны голас. Адзін раз прыйшла на рэпетыцыю, другі… І вось ужо шмат гадоў не прапускаю ні адной спеўкі. Бягу, бо душа просіць спатоліць смагу з жыватворнай песеннай крыніцы… Вельмі радуе, што гадуецца новая змена – дзеці і ўнукі ўдзельнікаў. І песні з імі вучым, і танцы мясцовыя асвойваем.

– Шкада толькі, што нашы маладыя выканаўцы Кацярына Радкевіч, Аляксандра Харытановіч і Ягор Львоў сёлета — выпускнікі школы і пойдуць ад нас. Толькі дзякуючы ім наша аб’яднанне ў мінулым годзе змагло прэзентаваць рэдкі абрад “Хрышчэнне дзіцяці”, за што атрымала званне “народны”, – трохі хвалюецца маючым адбыцца “кадравым” зменам галоўны генератар розных творчых ідэй і завадатар гурта Таццяна Харытановіч, якая, між іншым, на апошнім “Пеўчым полі” ладзіла для гледачоў “этнавечарынку”. Як сведка той падзеі, выкажу думку, што надзвычайная харызма, спетасць і відавочны эмацыйны стрыжань “Смаляначкі”, – менавіта яе заслуга.
Хоць, шчыра кажучы, у самым гурце заслугі і ўзнагароды справядліва дзеляцца на ўсіх выканаўцаў, паколькі паміж артыстамі ніколі не ўзнікае саперніцтва. Тут ніхто не адчувае сябе лішнім і надоўга наталяецца добрым настроем.

У смаляніцкім аматарскім аб’яднанні заўсёды пануюць сяброўства і павага. Дзякуючы гэтаму бясспрэчнаму факту, які дазваляе годна і зладжана выступаць, смаляніцкія музыкі былі ўзнагароджаны лістом падзякі міжнароднага кулінарнага конкурсу “Суседзі за сталом” (м. Сувалкі, Рэспубліка Польшча, 2015 г.), дыпломам II ступені абласнога свята гумару “Спораўскія жарты” за выкананне лепшай жартоўнай песні (Бярозаўскі раён, 2016), ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра за захаванне і папулярызацыю народных строяў і ўдзел у абласных святах роднай мовы “Жывыя вытокі” (г. Брэст), дыпломам лаўрэата абласнога тура Рэспубліканскага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі” (г. Брэст), а таксама дыпломамі пераможцаў і прызёраў раённых конкурсаў “Свет Каляднай зоркі” і “Пеўчае поле”.
Акрамя таго, за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртную, выставачную дзейнасць аматарскае аб’яднанне было ўзнагароджана ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Адным словам, усіх узнагарод “Смаляначкі” і не пералічыць.

-І не трэба лічыць! – дружна заяўляюць артысты. – Наперадзе ў нас яшчэ шмат работы, столькі задумак трэба рэалізаваць! У хуткім часе плануем наладзіць насычаную “вясельную” праграму з дэманстрацыяй сапраўдных вясельных звычаяў і абрадаў, якія калісьці праводзіліся ў нашай мясцовасці падчас вяселляў і лічыліся гарантам моцных сямейных адносін у маладой сям’і. Жадаеце шчаслівага жыцця маладым – калі ласка, запрашайце!

Алена Зялевіч,
фота Сяргея Талашкевіча