Пятница, 20 сентября 2019

Готовимся к «Дожинкам-2019»: новости из Ружан

1 236

Шматлюдна было ў Ружанах у чацвер на адыходзячым тыдні. Нагодай стала чарговая нарада па падрыхтоўцы г.п.Ружаны да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2019” з удзелам намесніка старшыні аблвыканкама В.І.Альшэўскага.

Пэўны тон нарадзе адразу задаў старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, які сказаў, што з гэтага моманту і да дня правядзення абласных “Дажынак” (а гэта – апошнія выхадныя жніўня), такія мерапрыемствы будуць праходзіць тут рэгулярна. Каб як след правесці “Дажынкі”, на нарадах будзе разглядацца падрыхтоўка да іх кожнага без выключэння аб’екта з мэтай прывядзення гарадскога пасёлка ў належны парадак і максімальнага асваення выдзеленых дзеля гэтага сродкаў. “Надвор’я дрэннага не бывае, ёсць няправільна выбраная вопратка”, — вобразна рэзюмаваў сваю пазіцыю і настроіў прысутных на канструктыўную працу кіраўнік раёна.  

Мяркуючы па аддзелачных работах на фасадах дамоў, якія вяліся ў Ружанах, такая праца ў пасёлку пачалася. Хаця яе ходам старшыня райвыканкама не задаволены: “Май праспалі”, — звяртаючыся да адказных службовых асоб, заўважыў ён.

Пра тое, што зроблена, далажыў прысутным намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук. Ён нагадаў, што асноўнымі заказчыкамі па падрыхтоўцы Ружан да “Дажынак” з’яўляюцца Пружанскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, за якім замацаваны 34 аб’екты, КУВП “Камунальнік” – 13, аддзел культуры – 2, раённая бальніца – 1, райспажыўтаварыства – 12, электрасеткі – 21, раённы вузел электрасувязі – 4, ДЭУ-25 – 5, ДРБУ-140 – 4. Яшчэ 36 аб’ектаў – уласныя жылыя дамы і некалькі прыватных магазінаў.

Як удакладніў Сяргей Міхайлавіч, праектна-каштарысная дакументацыя патрабавалася на 58 аб’ектах са 131 (на астатніх 73 аб’ектах праводзяцца бягучыя рамонты). На сённяшні дзень зроблена дакументацыя па 55 аб’ектах. Вядзецца распрацоўка дакументацыі па двух аб’ектах райспажыўтаварыства і аднаму — Бярозаўскага мясакамбіната. Да “Дажынак” вяліся работы на 59 аб’ектах, 8 з якіх ужо ўведзены ў эксплуатацыю. У гэтым месяцы павінны быць уведзены ў эксплуатацыю яшчэ чатыры аб’екты.

—Мы прайшлі падрыхтоўчы перыяд і цяпер пара актыўна брацца за работу, — сказаў С.М.Гук. – Сітуацыя з тэмпамі работ дастаткова складаная. Пра гэта  сведчыць нізкі працэнт асваення сродкаў раённага бюджэту, выдзеленых на падрыхтоўку да фестывалю – 17%. Па сродках абласнога бюджэту сітуацыя лепшая: асвоена 37% ад выдзеленага ліміту.

Па-ранейшаму праблемным пытаннем застаецца пракладка вулічнай каналізацыі, з-за чаго немагчыма праводзіць асфальтаванне некаторых вуліц пасёлка. Як пісала ўжо “раёнка”, на пракладку каналізацыі да прыватных домаўладанняў, вызначаных згодна з планам падрыхтоўкі, бюджэт кампенсуе 70% выдаткаў і толькі 30% — самі жыхары. Таму даводзіцца толькі здзіўляцца людзям, якія не імкнуцца выкарыстаць такую магчымасць: больш яе не будзе. А разам з тым, калі жыхары не дамовяцца паміж сабой і не пракладуць інжынерныя камунікацыі да сваіх дамоў,  асфальтавага пакрыцця на іх вуліцах таксама не з’явіцца.

Дарэчы, асваенню выдзеленых сродкаў старшыня райвыканкама ўдзяляе першачарговае значэнне і патрабуе ад падначаленых неадкладнай дзейнасці. “Усе вызначаныя аб’екты ў Ружанах павінны быць у рабоце”, — даваў на нарадзе ўказанні Ю.Ю.Бісун. І ў той жа час патрабаваў гаспадарскага падыходу да справы. – “Лепш адрамантаваць два дома, чым тры, але так, каб і на двор зайсці прыемна было”.

Пасяджэннем у будынку Ружанскага сельвыканкама нарада не абмежавалася. Прысутныя зрабілі дэталёвы абход усіх аб’ектаў пасёлка, падчас якога вырашаліся канкрэтныя задачы будаўніцтва і добраўпарадкавання. “Пляцоўкі”, “пад’езды”, “фасады” – здавалася, што ў той дзень у паветры луналі толькі такія словы. На што старшыня райвыканкама канкрэтызаваў:

—Адзін раз трэба зрабіць, раз і назаўсёды.

Галіна КАЛЯДА,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)