Понедельник, 24 июня 2019

Наливные яблоки и ягоды от фермера Петровича! Налетай!

139

Першыя сялянскія (фермерскія) гаспадаркі на Пружаншчыне з’явіліся ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Цяпер у раёне налічваецца 32 такія гаспадаркі, якія атрымалі зямельныя ўчасткі. Фермерская гаспадарка «Ягады Пятровіча» адносна «маладая»: была ўтворана толькі восенню 2015 года, хаця яе кіраўнік Мікалай Пятровіч Дэйка — жыхар Шчарчова — доўгі час марыў заняцца ўласнай справай.

Нарадзіўся Мікалай Пятровіч у вёсцы Масявічы, але бацькі пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Заполле, тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага фермера.

— Пасля заканчэння Поланскай школы набыў у Слоніме прафесію механіка, — успамінае Мікалай Пятровіч.

А неўзабаве юнака прызвалі ў войска. Службу праходзіў у групе савецкіх войскаў у Германіі. Вайсковая служба падабалася і нават падумваў застацца на звыштэрміновую. Але ўсё ж вырашыў вярнуцца пасля дэмабілізацыі на малую радзіму.

Пасля стварэння сям’і Мікалай Дэйка апынуўся ў калгасе імя Кірава. У Шчарчове маладая сям’я атрымала кватэру з усімі выгодамі ў шматпавярхоўцы. Дэйка спачатку працаваў механізатарам, а потым вадзіцелем аўтамабіля. І толькі праз гады заняўся фермерствам.

— Атрымаў зямельны ўчастак плошчай 13 гектараў за дзесяць кіламетраў ад Шчарчова, — гаворыць фермер.

Але назваць участак сельскагаспадарчым можна было толькі ўмоўна. Меліярацыйныя землі былі пакрыты кустоўем. Шмат сіл і намаганняў давялося прыкласці фермеру, каб прывесці ўчастак у парадак. Дапамаглі і меліяратары, якія правялі рамонт дрэнажнай сістэмы.

Мікалай Пятровіч па перыметру абнёс «свае зямельныя ўладанні» драўлянай агароджай, каб засцерагчыся ад нашэсця дзікіх звяроў. Але ўсё ж часцяком сюды наведваюцца ласі і казулі, зайцы і бабры. Сёлетняй зімой лось нават пашкодзіў яблынькі, калі ласаваўся іх галінкамі.

Калі выбіраў спецыялізацыю фермерскай гаспадаркі, то Мікалай Пятровіч вырашыў спыніцца на ягадах — па той прычыне, што мясцовы рынак не так і багаты на іх.

— Вырошчваю на зямельным участку клубніцы, буякі, маліны і парэчкі, — тлумачыць фермер. — Таксама высаджаны невялікі сад на карлікавых прышчэпах позніх сартоў яблынь.

Сёлетняя вясна была няпростай для фермерскай гаспадаркі. І калі дэфіцыт вільгаці ў красавіку асабліва не аказаў негатыўнага ўплыву, паколькі пракладзена сістэма кропельнага арашэння, то майскія замаразкі пашкодзілі суквецці яблынь і прайшліся па парэчках. Але клубніцы, прыкрытыя спанбондам, выстаялі.

Першыя гады працы паказалі, на якую ягадную прадукцыю неабходна рабіць стаўку ў далейшым.

— Маліна вельмі хутка губляе свой знешні выгляд, да таго ж існуюць праблемы з яе рэалізацыяй, — кажа Мікалай Пятровіч.

А вось ягады буякоў карыстаюцца попытам нават на замежным рынку. Сёлета фермер мае намер паставіць партыю гэтых ягад на расійскі рынак.

Збор клубніцы, дарэчы, ужо пачаўся. Высаджаны галандскія гатункі, якія вызначаюцца буйнымі ягадамі і высокай ураджайнасцю. Варта адзначыць, што прадукцыя, атрыманая ў фермерскай гаспадарцы «Ягады Пятровіча» экалагічна чыстая. Фермер практычна не выкарыстоўвае мінеральных угнаенняў.

На перспектыву ён плануе пабудаваць на ўчастку яшчэ і цяпліцу, каб заняцца выганкай цыбулі на пяро. Ранняя вітамінная прадукцыя таксама павінна знайсці сваіх пакупнікоў.

А яшчэ Мікалай Пятровіч напрыканцы мінулага года ў Шчарчове адкрыў уласны магазін «Каля дарогі». Магазін прапануе пакупнікам шырокі выбар прадуктаў, каўбасных і хлебабулачных вырабаў, малочную прадукцыю і рыбу. Да спадобы гаспадыням прыйшліся мясныя паўфабрыкаты. У спецыяльна пабудаваным павільёне ў цёплы перыяд можна паспрабаваць лідскага піва. Мікалай Пятровіч таксама плануе прадаваць тут прадукцыю з фермерскага палетка: буякі, маліну, парэчкі, клубніцы, яблыкі.

Мікола АРХУЦІК

На здымку: кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Ягады Пятровіча» М.П.Дэйка.

Фота Сяргея Талашкевіча