Среда, 21 августа 2019

Экскурсии, эко-квизы и конкурсы… В Пружанах прошли «Дни энергии»

664

Мінулы тыдзень, прысвечаны «Дням энергіі ў Пружанах», быў даволі насычаным на мерапрыемствы. І сёлета ўдзел у іх прынялі не толькі арганізацыі горада.

Круглы стол «Энергазберажэнне і бяспека»
Менавіта гэтым тэмам была прысвечана сустрэча з вучнямі гімназіі, якая прайшла ў райвыканкаме. У форуме прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук, прадстаўнікі раённых службаў і энергагазнагляду.
Юным слухачам была даведзена даволі цікавая інфармацыя. Як паведаміў С.М.Гук, у рамках Пагаднення мэраў гарадоў па клімаце і энергіі, да якога летась далучылася Пружан-шчына, было падлічана: штогод раён выкідвае ў атмасферу амаль 160 тысяч тон вуглякіслага газу. Складана ўявіць, што на кожнага з нас «прыпадае» больш за тры тоны шкодных выкідаў. І згодна з узятымі абавязацельствамі, да 2030 года гэту лічбу трэба скараціць на трэць. Лічыльнік добрых для экалогіі спраў будзе запушчаны ў наступным годзе.
— Гэта можа прынесці нашаму раёну вельмі многа карысці,— зазначыў Сяргей Міхайлавіч.— Спецыяльны фонд падтрымкі прыродаахоўных ініцыятыў гатовы выдзяляць гранты для фінансавання накіраваных на зберажэнне клімату і энергарэсурсаў мерапрыемстваў. Такія інвестыцыі дазволяць значна змяніць аблічча нашых населеных пунктаў. Увогуле проста зніжэнне спажывання дарагіх рэсурсаў паспрыяе развіццю нашай эканомікі.
Але галоўная задача — дасягнуць пастаўленых мэтаў не толькі ў кароткатэрміновай перспектыве. Цяперашняму пакаленню трэба прыкласці ўсе намаганні, каб нашчадкі мелі магчымасць жыць на зялёнай планеце. І рэальныя прыклады карысных змен ужо ёсць у тых гарадах, хто далучыўся да пагаднення раней за Пружаны.
Са спосабамі энергазберажэння юных удзельнікаў пазнаёміла інспектар энергагазнагляду Н.Г.Кныш. Магчымасцей эканоміі даволі многа, і кожная з іх не патрабуе якіх-небудзь сур’ёзных намаганняў. Напрыклад, калі проста замяніць класічныя лямпы напальвання на даступныя па цане святлодыёдныя аналагі, то штомесячная эканомія для дзвюхпакаёвай кватэры перавысіць 50 кВт/гадзін. І пры гэтым якасць асвятлення палепшыцца, знізіцца нагрузка на вочы. З улікам таго, што новыя лямпачкі значна радзей псуюцца, вылучаюць менш цяпла і больш бяспечныя, то акупляльнасць і карысць падлічыць вельмі лёгка.
Напрыканцы гімназістам былі прадэманстраваны інфармацыйныя ролікі, пасля прагляду якіх юныя слухачы задалі арганізатарам пытанні.
Цікавыя экскурсіі
У нашым раёне размешчана нямала аб’ектаў энергасетак і ўсе яны маюць павышаны клас небяспекі. Аб гэтым гавораць забараняючыя знакі, так тлумачаць дарослыя. Але, на жаль, да забароны прыслухоўваюцца не ўсе падлеткі, пра што сведчыць штогадовая сумная статыстыка. Зразумела, што малых вельмі цікавіць, што адбываецца за дзверцамі, на якіх намаляваны жоўты трохвугольнік з маланкай. І каб не проста расказаць, але і ўвачавідкі азнаёміць з абсталяваннем і пагрозай ад яго, энергетыкі раёна правялі шэраг экскурсій для школьнікаў.
Вучні Ружанскай СШ пабывалі на міні-ГЭС «Паперня», дзе ім пра асаблівасці работы аб’екта і атрымліваемай ад гэтага карысці расказалі дзяжурны майстар С.П.Жук і інжынер Пружанскіх электрасетак В.В.Манцэвіч.

Энергетычныя аб’екты г.Пружаны наведалі вучні СШ №5, Велікасельскай і Мураўскай школ. Дзеці пабывалі на міні-ЦЭЦ, дзе ім паказалі абсталяванне, якое вырабляе энергію на мясцовых відах паліва і яшчэ абагравае жылыя дамы. А ў дыспетчарскім пункце і на падстанцыі школьнікам прадэманстравалі, які кантроль ажыццяўляецца за бесперабойнымі пастаўкамі электрычнасці. А таксама нагадалі пра меры бяспекі.

Тыдзень беражлівасці
Не менш цікава прайшоў тыдзень «Дзён энергіі ў Пружанах» у навучальных і дашкольных установах раёна. Для самых маленькіх выхавальнікі падрыхтавалі дыдактычныя гульні на тэматыку энергазберажэння і аховы прыроды. Конкурсы малюнкаў і плакатаў былі арганізаваны ў Хараўской СШ, гімназіі, Варанілавіцкай СШ і Ружанскай СШ. Экалагічныя акцыі правялі ў Параслянскай, Варанілавіцкай школах і СШ №1. У цікавых і карысных занятках на працягу тыдня ўдзельнічалі школьнікі Мураўскай, Ліноўскай, Слабадской, Навасёлкаўскай і Шаняўской СШ. А ў Бакунскай школе дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў наладзілі выпуск лістовак па электрабяспецыі і энергаберажлівасці.

Эка-квіз з прызамі ад Еўрасаюза
На базе СШ №4 цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі была праведзена інтэлектуальная гульня «Эка-квіз», у якой прынялі ўдзел 15 каманд са школ раёна.

Удзельнікі павінны былі за кароткі час даць правільныя адказы на максімальную колькасць пытанняў экалагічнай тэматыкі.

Самыя трывалыя веды прадэманстравалі вучні СШ №3: дзве каманды «Фенікс» і «Сокал» занялі адразу два прызавыя месцы — першае і трэцяе.

Самыя трывалыя веды прадэманстравалі вучні СШ №3: дзве каманды «Фенікс» і «Сокал» занялі адразу два прызавыя месцы — першае і трэцяе.

Другое месца журы прысудзіла камандзе «32 мая» з Хараўской школы. Прызёры гульні атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі ад фонду «Інтэракцыя» пры падтрымцы Еўрасаюза.

Энергетычнае шматбор’е
Менавіта тэме захавання прыродных рэсурсаў і кліматычнага балансу была прысвечана штогадовая спартакіяда сельскіх жыхароў, якая прайшла ў мінулую суботу на гарадскім стадыёне. Спаборніцтвы сабралі 12 каманд з сельсаветаў раёна.
Старт спартакіядзе даў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, які пажадаў усім прытрымлівацца здаровага ладу жыцця і прапагандаваць яго сярод родных і знаёмых.
— У нашай краіне, і ў Пружанскім раёне таксама, створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам. І нават на прафесійным узроўні,— зазначыў Мікалай Пятровіч, які пажадаў спартыўных перамог, добрага настрою і прыемных уражанняў.
Галоўны спецыяліст райвыканкама па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама А.Л.Лапыка абвясціў, што самых лепшых будуць выбіраць спачатку ў кожным з сямі відаў спорту, а потым вызначаць каманды-пераможцы.
Трэба адзначыць, што ні адной вясковай камандзе, з тых, хто прыехаў на спартакіяду, не ўдалося захаваць лідарства па ўсіх відах. Напрыклад, лепшымі ў міні-футболе сталі вяскоўцы Пружанскага сельсавета, яны ж атрымалі золата ў спаборніцтвах па гіравым спорце і армрэслінгу. А вось у дартсе каманда заняла… апошняе месца. Ружанцы вызначыліся ў шашках, увайшлі ў лік прызёраў па шахматах, армрэслінгу і перацягванні каната. Не было роўных у шахматах камандзе Мокраўскага сельсавета, у дартсе самымі трапнымі сталі прадстаўнікі Зеляневіцкага сельсавета, якія аказаліся і самымі дужымі: падчас перацягвання каната ўсе іх сапернікі аказаліся на палове пераможцаў.
Такое размежаванне прызавых месцаў ускладніла работу судзейскай калегіі, агульнае кіраўніцтва якой ажыццяўлялі дырэктар РФСК «Мухавец» К.А.Максімчук і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў работнікаў АПК І.І.Ярома. У выніку падліку набраных балаў і штрафных ачкоў перамога ў спаборніцтвах была прысуджана камандзе Ліноўскага сельсавета, якая амаль ва ўсіх, акрамя шашак, відах спорту трапляла ў лік прызёраў. Другое месца — за камандай Пружанскага сельсавета. А «бронза» была прызначана спартсменам Мокраўскага сельсавета. Усім былі ўручаны каштоўныя падарункі ад арганізатараў спартакіяды.

Як вытрымаць адзін дзень без аўтамабіля?
Такое пытанне задавалі сабе ўсе гараджане і госці Пружан, якія вырашылі 28 мая прыняць удзел у акцыі «Выхадны для аўто». Нагадаем, што, згодна з умовамі, пры прад’яўленні вадзіцельскага пасведчання кожны жадаючы мог бясплатна праехацца на гарадскіх аўтобусах.
Такой магчымасцю скарысталася і Юлія Клімашэвіч, якая адносіць сябе да актыўных аўтааматараў. Але ў дзень акцыі жанчына вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці пасажыра, а не вадзіцеля. І не пашкадавала, бо атрымала нямала новых эмоцый.

Вынікі тыдня
Падчас раённага свята «Лесвіца поспеху» былі падведзены вынікі тыдня мерапрыемстваў у рамках «Дзён энергіі ў Пружанах». Сёлета, як расказаў са сцэны на гарадской плошчы намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, яны былі найбольш маштабнымі і закранулі вельмі многіх жыхароў раёна. Руслан Васільевіч расказаў пра зробленае за пяць дзён, адзначыў, які плён далі намаганні арганізатараў акцый, выставы, экскурсіі і іншыя мерапрыемствы. Падзякаваў і тым, хто адгукнуўся на прапанову раённай газеты паўдзельнічаць у конкурсе сэлфі «Выхадны для аўто». І хаця пакуль не ўсе нашы землякі вырашылі на некалькі дзён адмовіцца ад аўтамабіля і адлюстраваць гэта на фотаздымку, некаторыя ажыццявілі гэта. Пацвярджэннем чаму і сталі дасланыя на конкурс сэлфі. Пераможцам конкурсу «Выхадны для аўто» была прызнана сям’я Ракіцкіх. Творчым гараджанам, а таксама Іне Гуц, Алене Зубко і Юрыю Бондару Р.В.Супрыновіч уручыў прызы ад фонду «Інтэракцыя» пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. Дарэчы, у дадатак сям’я Ракіцкіх атрымала сертыфікат на бясплатную паездку на таксі «Калі ласка», а Юрый Бондар быў адзначаны спецыяльным прызам за цікавае эсэ аб здаровым ладзе жыцця.


За актыўны ўдзел у падрыхтоўцы выставы «Эка-торба» Руслан Васільевіч адзначыў народнага майстра Рэспублікі Беларусь М.М.Кулецкую і майстра народных рамёстваў С.А.Строк, рукамі якіх былі зроблены і ўпрыгожаны сапраўды экалагічныя торбачкі, у матэрыяле якіх не было ніводнага кавалку небяспечнага для экалогіі пластыку.

Побач з эка-торбамі разгарнулася выстава-продаж вырабаў «Другое жыццё непатрэбных рэчаў».

На ёй гледачы змаглі пабачыць, а некаторыя і набыць цікавыя вырабы, напрыклад, са старых джынсаў. Або з кветкавых вазонаў, якія добра злучыліся ў скульптуру слана. А колькі ўсяго прыгожага можна зрабіць з кавалкаў тканіны, гліны, саломы і іншых матэрыялаў, якія многія лічаць смеццем.

Галоўнае — мець крышачку фантазіі і жадання зрабіць нашу планету чысцей. Адпаведныя ідэі наведвальнікам выставы і падказвалі майстрыхі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Дома рамёстваў.
Падчас падвядзення вынікаў не абышлі ўвагай і арганізатараў. За актыўную работу ў папулярызацыі беражлівых адносінаў да прыроды сярод дашкалят былі адзначаны дзіцячыя садкі раёна: сертыфікаты ад фонду «Інтэракцыя» з рук Руслана Васільевіча атрымалі загадчыца Мураўскага дзіцячага садка Г.В.Рабчук, а таксама кіраўнікі ясляў-сада №1 і №4 А.Г.Галёнка і Л.Я.Велясюк.
Алег СІДАРЭНКА, фота Сяргея Талашкевіча