Понедельник, 24 июня 2019

На вершине «Лестницы успеха»: свое мастерство продемонстрировали самые талантливые юные пружанцы

454

На працягу года ўсе творчыя калектывы, спевакі, танцоры, мастакі, а таксама іх настаўнікі імкнуліся да новых вышынь, удзельнічалі ў разнастайных мерапрыемствах, атрымлівалі ўзнагароды. Словам, цэлы год адольвалі чарговую лесвічную прыступку на шляху да вяршынь славы.
Не ўсім удалося выйсці на новы ўзровень, але прыемна тое, што лідараў аказалася нямала. Што і пацвердзіла раённае свята «Лесвіца поспеху», на якім у мінулую суботу былі падведзены вынікі гадавой работы самых таленавітых юных жыхароў Пружаншчыны.

Сёлета прадэманстраваць свае лепшыя нумары на гарадской сцэне былі запрошаны 17 вакалістаў і танцавальных груп, а побач была арганізавана выстава работ тых, хто ствараў прыгажосць уласнымі рукамі. Забягаючы наперад варта сказаць, што свята атрымалася сапраўды маштабным. З удзячнымі апладысментамі гараджан, выдатнымі ўражаннямі ад удзелу ў розных майстар-класах, шматлікімі фота на памяць і, безумоўна, добрым настроем, як артыстаў, так і гледачоў.
І гэта не дзіўна, бо ў любога, хто прыйшоў на выніковы канцэрт, добрыя ўсмешкі з’явіліся адразу, калі першымі на сцэну выйшлі малыя з ансамбля танца «Тапатушкі» з нумарам «Вясёлы паравозік». Здавалася, што сонца яшчэ ярчэй заззяла з неба, калі з‘явіўся рознакаляровы карагод дзяўчынак. Гэты калектыў першым атрымаў шквал апладысментаў.

Гледачы з задавальненнем пляскалі ў далоні, дзякуючы кожнаму артысту. Як потым расказалі арганізатары, ненаўмысна атрымалася так, што адну палову лепшых прадстаўлялі танцоры, а другую — спевакі, што ў выніку зрабіла свята максімальна разнастайным.

Пры гэтым у канцэрце прымалі ўдзел артысты не толькі з гарадскіх клубаў, але і з Шарашэва, Ружан, Белавусаўшчыны, Клепачоў, Муравы і іншых сельскіх населеных пунктаў. А ў ролі вядучых «Лесвіцы поспеху» паспрабавалі сябе ўдзельнікі ўзорнага падлеткавага «Юніёр-эрудыт-клуба» Анастасія Пекач і Мікіта Купцевіч.


Кожны калектыў і асобны ўдзельнік традыцыйна атрымаў грамату ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Таксама дырэктар Палаца культуры Алёна Лосева ўручыла дзецям медальёны ручной работы за ўдзел у раённым свяце дзіцячай творчасці.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел і раённыя выратавальнікі, якія расказалі пра прафілактычную акцыю, якая праходзіць у раёне, па папярэджанні дзіцячага траўматызму. Дэманстрацыя спецыяльнай тэхнікі і магчымасць паўдзельнічаць у конкурсах малюнкаў і асноў бяспекі жыццядзейнасці прыцягнулі многіх малых. Сапраўдны лес узнятых рук «вырас» у адказ на пытанне: «Хто хоча са мной сфатаграфавацца?» — які задала роставая лялька Шчаня-выратавальнік.

Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча