Пятница, 20 сентября 2019

Ружаны готовятся к «Дожинкам»

1 000

Здаецца, Ружаны ва ўсе часы былі ў гушчыні падзей. У першую чаргу, без перабольшвання, дзякуючы знакамітаму магнацкаму роду Сапегаў: у свой час яго прадстаўнікі абралі мястэчка ў якасці сваёй рэзідэнцыі і пабудавалі тут палацавы комплекс. Дзякуючы ўнікальнай архітэктуры, праз Ружаны  сёння пралягаюць турыстычныя маршруты. І калі ўжо гаварыць пра сучаснасць, сёлета ўвага да Ружан асаблівая: пасёлак рыхтуецца сустракаць удзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі-2019».

*

Агульная працягласць вуліц у Ружанах складае 22 кіламетры. На пачатак 2018 года заасфальтаванымі з іх было крыху больш за 40% — 9,3 км. Па стане на першае студзеня бягучага года гэтая лічба ўжо вырасла да 12 кіламетраў (54,5%). На момант завяршэння работ, як плануецца, яна складзе без малога 16 кіламетраў, а гэта больш за 70% ад агульнай працягласці ружанскіх дарог.

*

Адкрыцця ў Ружанах магазінаў новых гандлёвых сетак рэгулярна прасілі пасялкоўцы на сустрэчах з раённымі ўладамі. Кампанія «Еўрагандаль» ужо адкрыла тут дыскаўнтар «Хіт! Экспрэс». Абяцае да «Дажынак» адкрыць фірменны магазін і ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат». Ён размесціцца ў будынку былога кандытарскага цэху.

*

Дзякуючы дарожнай арганізацыі, на дарогах рэспубліканскага значэння на чатырох уездах у гарадскі пасёлак з’явіцца герб Ружан з выявай Святога Казіміра, заступніка мястэчка.

*

Стварэнне ў пасёлку высоказарплатных рабочых месцаў — гэта не тое пытанне, якое вырашаецца ў рамках падрыхтоўкі да «Дажынак». На сённяшні дзень горадаўтвараючымі прадпрыемствамі пасёлка з дастойнай аплатай працы ў аддзеле эканомікі райвыканкама лічаць ААТ «Ружаны-Агра» і ТАА «Ружанская мэблевая кампанія». Па выніках першых чатырох месяцаў гэтага года зарплата па гаспадарцы склала 784 рублі, на фабрыцы — больш за 880 рублёў. Да ведама, сярэдняя зар-плата па раёне за аналагічны перыяд — 799,5 руб.

*Для надання адметнасці дамам на некаторых з іх з’явяцца незвычайныя арт-аб’екты. Напрыклад, на прыватным жыллёвым фондзе вуліцы Савецкай абяцаюць стварыць «карцінную галерэю» з партрэтамі прадстаўнікоў роду Сапегаў. На тарцы адной са шматпавярховак, што па вуліцы Урбановіча, нанесці выцінанку, на будынках цэнтра культуры і вольнага часу і былога аддзялення міліцыі — гістарычныя гравюры, на фасад будынка паштовага аддзялення перанесці стары фотаздымак Ружан. Менавіта такім чынам захаваць самабытнасць гарадскога пасёлка з багатай гісторыяй.  

Падрыхтавала  Марына ВАКУЛЬСКАЯ.

Больш падрабязна пра работы ў пасёлку можна прачытаць у нумары “РБ” за 1 чэрвеня 2019 года.