Понедельник, 24 июня 2019

Для 310 выпускников района прозвенел последний звонок

903

30 мая ва ўсіх 28 школах раёна прайшлі ўрачыстыя школьныя лінейкі з нагоды завяршэння чарговага навучальнага года.

На летнія канікулы адправіліся амаль 4868 хлопчыкаў і дзяўчынак. Хаця вучням 9 і 11 класаў пакуль рана гаварыць пра летні адпачынак: наперадзе школьныя іспыты, якія для выпускнікоў распачаліся ў суботу, першага чэрвеня.

Як паведаміла намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Супрыновіч, сёлета на Пружаншчыне  базавую школу заканчваюць 433 вучні, і 21 з іх прэтэндуе на атрыманне пасведчання з адзнакай.

Яшчэ 310 чалавек атрымаюць атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. У тым ліку 10 выпускнікам давядзецца даказваць, што трываласць атрыманых імі за адзінаццаць гадоў вучобы ведаў варта «залатой пробы». Згодна з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі, назаўсёды яны развітаюцца з роднымі школамі восьмага чэрвеня.

Па  традыцыі пабывалі на ўрачыстых лінейках і прадстаўнікі розных узроўняў улады, дэпутаты, члены працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў. Старшыня райвыканкама Юрый Бісун адрасаваў свае шчырыя віншаванні з нагоды завяршэння навучальнага года вучням і настаўнікам гімназіі.

Асобныя пажаданні Юрый Юр’евіч выказаў, вядома, выпускнікам, якіх за школьным парогам чакае новае, дарослае, поўнае адказнасці жыццё.

У шэрагу школ раёна адміністрацыі мясцовых гаспадарак падрыхтавалі выдатнікам вучобы, спартсменам і пераможцам разнастайных конкурсаў і алімпіяд каштоўныя падарункі.

А вядучая страхавая кампанія краіны «Белдзяржстрах» на гэты раз абрала адрасатамі сваёй увагі  СШ №5 і Ружанскую СШ: гэтым навучальным установам уручылі сертыфікаты на набыццё аргтэхнікі.

На здымках: «апошні званок» для гімназістаў.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).