Понедельник, 24 июня 2019

За три дня до «дембеля»

504

Яўген Сапко з аграгарадка Калазубы Пружанскага раёна правёў год у ваеннай форме, праходзячы тэрміновую службу ў войсках сувязі. Ён звальняецца ў запас 28 мая і выразна можа адказаць на пытанне, якое задаюць многія: ці варта сучаснаму юнаку служыць у войску?
Яўген пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Пасля выпуску малады спецыяліст працаваў інжынерам-механікам у Жабінкаўскім раёне ў ААТ «Хмелева». Неўзабаве прыйшла павестка ў вайсковы камісарыят.


У ваенкамаце навабранца накіравалі служыць у войскі сувязі. Курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Яўген прайшоў у 127-й гвардзейскай брыгадзе сувязі ў Баранавічах. Потым юнака накіравалі служыць у 2401-ы асобны батальён сувязі, які знаходзіцца ў Калодзішчах Мінскай вобласці. Там Яўген Сапко прайшоў пасады ад вадзіцеля-электрыка да намесніка камандзіра ўзвода. Даслужыўся да звання сяржанта.
— Служыць у войску не цяжка, калі ведаеш, што і як рабіць, — адказаў сяржант. — Тут, як і на дзяржпрадпрыемствах, самае галоўнае — не губляць час і з першых дзён старацца паказаць высокі вынік. Так можна вырасці ў званні, што істотна ўплывае на службу. Напрыклад, радавому даецца дзесяць сутак водпуску, а сяржанту — 15. І грашовае забеспячэнне ў малодшых камандзіраў таксама вышэй.
Яўген падчас службы ў войску перавозіў асабісты састаў, рамантаваў і абслугоўваў ваенную аўтамабільную тэхніку. Маючы ў падпарадкаванні некалькіх салдат, сяржант не саромеўся закасаць рукавы і разам з імі выконваць пастаўленую камандзірамі задачу.
Яўген Сапко плануе працягнуць працаваць на прадпрыемстве ААТ «Хмелева».
— Прыемна, што за мной захавалі працоўнае месца, — кажа юнак. – А што тычыцца пытання аб патрэбе служыць – адкажу: армію трэба прайсці, хоць бы таму, што тут можна набыць надзейных сяброў. А гэта дарагога варта, паверце.
Аляксандр Ганчароў, фота аўтара.