Среда, 21 августа 2019

Метеозависимость: миф или реальность? Рассказывает терапевт Жанна Исакова

428

Сярод нас няма людзей, якія б не рэагавалі на надвор’е. Але адны проста радуюцца ці засмучаюцца пагоднымі зменамі, а вось іншыя адразу скардзяцца на самаадчуванне. Здаецца, як можна пакутаваць ад таго, што за акном ідзе дождж або задзьмуў моцны вецер? Магчыма, гэтак адбываецца з-за таго, што чалавек псіхалагічна настройвае сябе?


Пра гэта мы пагаварылі з загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Пружанскай ЦРБ Ж.Ж.Ісакавай.
— Метэазалежнасць —сапраўды, міф і, як ні парадаксальна гэта гучыць, адначасова — рэальнасць, — разважае Жанна Жанаўна. — Нельга лічыць, што чалавек захварэў менавіта з-за змен надвор’я: на самай справе у такія неспрыяльныя дні абвастраюцца ўжо існуючыя хранічныя захворванні або наступствы траўм. На надвор’е рэагуюць 75% людзей, самаадчуванне якіх пагаршаецца не толькі з-за перападаў атмасфернага ціску, павышанай вільготнасці паветра і магнітных бур, але і з-за моцнай спякоты, рэзкіх замаразкаў і моцнага ветру.
— Якія катэгорыі людзей можна адносіць да метэазалежных?
— Мацней за ўсё пагодныя анамаліі дзейнічаюць на людзей, якія маюць хранічныя захворванні: бранхіяльную астму, артрыт, рэўматызм, сардэчныя захворванні, розныя парушэнні або траўмы апорна-рухальнага апарату. Таксама метэазалежнасць назіраецца ў тых, хто перанёс сатрасенне мозгу, пакутуе вегетасасудзістай дыстаніяй або атэрасклерозам.

Што немалаважна, ад змены надвор’я ў людзей псуецца настрой, а гэта, у сваю чаргу, таксама пагаршае самаадчуванне.


Напрыклад, нямала людзей «залежаць» ад тэмпературы, вільготнасці і ўтрымання кіслароду ў паветры. Пры пахаладанні яно насычаецца кіслародам, а пры пацяпленні, наадварот, разрэджваецца. Як правіла, у спякоту яшчэ зніжаецца і атмасферны ціск. У выніку людзі, якія пакутуюць захворваннямі дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэм, дрэнна сябе адчуваюць.
Калі на фоне высокага ціску тэмпература паветра паніжаецца і суправаджаецца халоднымі дажджамі, то асабліва цяжка гэта пераносяць гіпертонікі, астматыкі, людзі з хваробамі печані і нырак. Рэзкія перапады тэмпературы (8-10°С у суткі) для іх небяспечныя.
Таксама і атмасферны ціск: яго перапады спрыяюць абвастрэнню хранічных захворванняў. Самы камфортны для нас ціск — 750 мм ртутнага слупка. Нават невялікае адхіленне можа выклікаць непрыемныя адчуванні. Калі яго ўзровень падае, то першымі гэта адчуюць людзі з нізкім артэрыяльным ціскам і «сардэчнікі». Часам на яго рэагуюць і хворыя астмай. У гэтых людзей можа з’явіцца слабасць або задышка. Горш усіх у выпадку падзення ціску даводзіцца гіпертонікам, якія пакутуюць ад моцнага галаўнога болю.
Не менш небяспечнымі з’яўляюцца магнітныя буры. Калі яны здараюцца, то хворым гіпертаніяй і іншымі хваробамі, звязанымі з сасудамі, даводзіцца несалодка. У такія дні павялічваецца колькасць шпіталізацый і пагаршаецца стан тых, хто скардзіцца на сэрца. Гэта адбываецца з-за таго, што ў гэтыя дні прыгнятаецца дзейнасць гіпофізу. Гэтая залоза ўскосна ўздзейнічае на нашу здольнасць прыстасоўвацца да навакольнага асяроддзя і на абмен рэчываў. У выніку можа адбыцца збой біялагічных рытмаў. Чалавек будзе знаходзіцца ў стане павышанага стрэсу, першыя прыкметы якога бяссонніца і раздражняльнасць.
Моцны вецер — правакатар кішэчных колікаў, боляў у жываце. Мароз можа стаць прычынай узнікнення крапіўніцы і прыступаў цяжкага дыхання ў астматыкаў, а ў гіпертонікаў можа павышацца ціск і балець сэрца.
— Жанна Жанаўна, ці спрыяе клімат Пружаншчыны развіццю метэазалежнасці?
— Так, і вельмі бачна гэта па статыстыцы шпіталізацыі. Надвор’е нашага рэгіёна характарызуецца рэзкімі зменамі — тэмпературы, сілы ветру, ападкаў і гэтак далей. І як толькі надвор’е пагаршаецца, адразу павялічваецца колькасць выклікаў «хуткай дапамогі» або шпіталізацый пацыентаў у стацыянар. Па гісторыях хвароб можна складаць прагноз надвор’я: сёння масава пакутуюць «сардэчнікі», заўтра — тыя, у каго праблемы з дыхальнай або апорна-рухальнай сістэмамі. А праз тыдзень прыходзяць з хваробамі мозгу або сасудзістай сістэмы.

Метэазалежнасць або метэапатыя — гэта калі нават нязначныя пагодныя змены могуць выклікаць праблемы з самаадчуваннем, правакаваць абвастрэнне сур’ёзнага захворвання. Медыкі разглядаюць тры формы:
— лёгкую, якая суправаджаецца толькі слабасцю, часам неабгрунтаванай узрушанасцю або, наадварот, прыгнечанасцю і дрымотнасцю;
— сярэднюю, з рэзкімі перападамі артэрыяльнага ціску, парушэннямі рытму сэрца і пульсу;
— цяжкую, з рэзкімі болямі ў вобласці сэрца, задышкай, галавакружэннямі, шумам у вушах, ламатой у суставах і мышцах.
Метэанеўроз — гэта неўратычная анамалія, калі чалавек пры перападах надвор’я адчувае сябе вельмі дрэнна.


Трэба адзначыць, што ў асноўным гэта людзі сталага ўзросту. І прычына не ў тым, што назіраецца яўны «эфект плацеба», калі чалавек пераканаў сябе, што яму дрэнна, напрыклад, з-за дажджу, хаця і такія выпадкі ёсць. Проста ў шаноўным узросце сасудзістая сістэма не мае тых уласцівасцей, што назіраліся ў маладосці: адсутнічае гнуткасць, з’явіліся адкладанні соляў і халестэрыну. Атрымліваецца, што атмасферны ціск панізіўся — і сасуды забілі трывогу, сігналізуючы аб праблемах здароўя.
Акрамя таго, вельмі часта на змены надвор’я рэагуюць «працаголікі»: тыя, хто занадта шмат працуе, мала адпачывае, а значыць, пастаянна ператамляецца.
— Што параіце тым, хто пакутуе павышаным або паніжаным артэрыяльным ціскам?
— Пры артэрыяльнай гіпертэнзіі варта рэгулярна вымяраць ціск. Можна змяніць дозу прэпаратаў, але толькі пасля кансультацыі з урачом.
Калі надвор’е за акном уносіць у жыццё негатыў, можна заняцца загартоўкай арганізму. Добра дапамагае плаванне, спартыўная хадзьба. Пажадана пабольш выходзіць на свежае паветра і нават больш спаць. Падчас рэзкай змены надвор’я нельга пераядаць, лепш пазбягаць нагрузак, як эмацыйных, так і фізічных. А яшчэ пазбягаць сітуацый, якія ўзбуджаюць нервовую сістэму да стрэсавага стану.
Пры метэазалежнасці можна ўжываць лекавыя травы. Для гэтага падыдзе такі збор: плады шыпшыны, глогу, лісце мяты, рамонак і сардэчнік заварваюць як чай. Гэты настой прыемны на смак. Таксама гэта добры сродак пры бяссоніцы, ён мацуе імунітэт і падтрымлівае сардэчна-сасудзістую сістэму.
Калі вы — сапраўдны «барометр» і працэс вострай рэакцыі на перапады надвор’я зайшоў далёка, магчыма, спатрэбяцца лекавыя прэпараты. У некаторых сітуацыях — седатыўныя сродкі (часцей за ўсё мяккія на аснове валяр’яны, сардэчніка), але часам неабходны транквілізатары, антыдэпрэсанты і лекі для заспакаення нервовай сістэмы.

Аб тым, што надвор’е ўплывае на самаадчуванне, людзі зразумелі даўным-даўно. Яшчэ старажытныя кітайцы выявілі, што суставы «не любяць» дождж і вецер, а Парацельс сцвярджаў, што многія хваробы абвастраюцца ў непагадзь.


А вось гіпатонікам, наадварот, патрэбны адаптагенныя прэпараты, якія падтрымліваюць тонус: настойкі жэньшэню, эхінацэі, лімонніку, араліі. Пры вегетасасудзістай дыстаніі ўрач можа прызначыць курс ін’екцый з вітамінамі групы В. Выкарыстоўваецца і фізіятэрапія (напрыклад, электрафарэз з лекавымі прэпаратамі), іголкарэфлексатэрапія, а таксама заняткі з псіхатэрапеўтам.
Добры эфект даюць лячэбныя ванны і ёга.
Дапамагае знізіць метэазалежнасць і спецыяльнае харчаванне (з улікам мікраэлементаў і вітамінаў, якія спрыяюць умацаванню сэрца і сасудаў). У неспрыяльныя дні не варта есці шмат мясной, тлустай і смажанай ежы. Таксама выключыце з рацыёну вострыя прыправы і алкаголь. А вось стравы з рыбы, марской капусты, фасолі, сачэўкі, а таксама буракі, бульба ў мундзірах, печаныя яблыкі, журавіны рэкамендуюцца.
Гутарыў Алег СІДАРЭНКА.