Среда, 30 сентября 2020

На конкурсе «Молодой учитель Брестчины» Дмитрий Арабчик получил диплом в номинации «Лучший мультимедийный урок»

820

На прафесійным конкурсе “Малады настаўнік Берасцейшчыны” наш раён прадстаўляў настаўнік матэматыкі і інфарматыкі СШ №5 Дзмітрый Арабчык. Дарэчы, адзіны матэматык сярод 21 удзельніка конкурсу.
Калі ў некалькіх словах спыніцца на самім конкурсе, то варта сказаць, што сёлета ў ім прынялі ўдзел ажно 10 настаўнікаў англійскай мовы (з-за гэтага давялося выбіраць асобнага пераможцу сярод іх). Удзельнікі, акрамя перамогі ў сваіх раёнах яшчэ праходзілі тэсціраванне, праводзілі ўрок у незнаёмым класе і выступалі з маналогам “Мае настаўніцкія дасягненні”. У выніку Дзмітрый Станіслававіч атрымаў дыплом у намінацыі “Лепшы мультымедыйны ўрок”. І гэта вельмі адметна, бо, па яго прызнанні, было самым складаным заданнем. Памяркуйце самі: у філолагаў намнога больш магчымасцей зрабіць урок цікавым і пры гэтым якасна данесці матэрыял.

— Сучасная школа практычна-арыентаваная. Усе тлумачэнні ў ідэале павінны паказаць дзецям, як прымяняць навуку на практыцы. Для свайго мультымедыйнага ўроку я зрабіў віртуальнае падарожжа па Пружанскім ільнозаводзе, пазнаёміў брэсцкіх шасцікласнікаў з нашым раёнам і на прыкладзе канкрэтнай вытворчасці растлумачыў тэму “Рацыянальныя лічбы”, — падзяліўся Дзмітрый Станіслававіч.
— Пэўна ўсе настаўнікі, якія ішлі на конкурс, мелі, што расказаць у маналогу аб уласных дасягненнях?
— Гэта так. Нягледзячы на нязначны працоўны стаж, у многіх шмат заслуг. Асабіста я ішоў на конкурс, у першую чаргу, па новы вопыт. Многае з убачанага буду выкарыстоўваць на сваіх уроках, ёсць над чым задумацца.
Што тычыцца маіх дасягненняў, то амаль штогод мае вучні займаюць прызавыя месца на раённай прадметнай алімпіядзе. Спадзяюся, што ў хуткім часе заявім пра сябе і на больш высокім узроўні. Тое ж тычыцца і навукова-даследчых работ. У маналогу я расказваў і пра работу ў інтэграваным класе. Не кожны настаўнік мае такі досвед, таму калегам было цікава мяне слухаць. Распавёў і пра “гора і радасць” настаўніка – класнае кіраўніцтва. З уласных дасягненняў я адзначыў сваё званне магістра фізіка-матэматычных навук. Дарэчы, такое званне ёсць толькі ў двух матэматыкаў раёна: у мяне і ў маёй жонкі Алены. Магчыма, калі падгадуем сына, то возьмемся за напісанне кандыдацкіх (мы пісалі работы па падобных тэмах і пасля нас іх ніхто больш не даследаваў).
— А наогул, Вы марылі стаць настаўнікам?
— Спачатку я планаваў звязаць сваё жыццё з фізікай, ды ў рэшце рэшт спыніўся на матэматыцы. Калі паступаў ва ўніверсітэт, то ведаў, што буду працаваць менавіта настаўнікам матэматыкі.
— Як Вы можаце пракаментаваць тое, што сёння можна паступіць на бюджэтнае навучанне і стаць настаўнікам некаторых прадметаў, набраўшы вельмі мала балаў?
— Цэнтралізаванае тэсціраванне – вялікая латарэя. Можа не пашанцаваць таму, хто добра вучыцца, але часцей можа пашчасціць тым, у каго мала ведаў. Я нават чытаў артыкулы, дзе прыводзіліся алгарытмы дзеянняў, дзякуючы якім “проста так” можна атрымаць мінімальны бал. Але нават калі вельмі пашанцуе і абітурыент паступіць, напрыклад, на фізічны факультэт, ён проста не зможа там вучыцца, калі не возьмецца за розум. Вучыцца на факультэтах дакладных дысцыплін складана.
— Цікава Ваша меркаванне і наконт гатовых адказаў на заданні па ўсіх прадметах, што ёсць у падручніках, якія дзеці знаходзяць у інтэрнэце.
— Яшчэ адна “палка аб двух канцах”. Уявім, што дзіця хварэе і шмат прапускае. У такім выпадку “рашэба” разам з правіламі з падручніка дапаможа разабрацца ў тэме і рашэнні задач. І гэта безумоўны плюс. Спадзяюся, што такі варыянт дапамагае РАЗАБРАЦЦА і тым, хто па нейкіх прычынах не засвоіў матэрыял на ўроку. Ну а калі вучань (а здараецца, што і бацькі) проста перапісваюць рашэнне, то так яны робяць горш толькі сабе. Настаўніка не падманеш, я зразумею ўсё па адказах на ўроку, па выніках пісьмовай работы. А вось вучню будзе толькі цяжэй засвойваць наступны матэрыял.
— Дзмітрый Станіслававіч, а міф ці праўда, што матэматыка больш пакараецца хлопчыкам?
— У мяне вучыцца шмат разумных дзяўчынак, якія выдатна паспяваюць па маім прадмеце. Больш таго, паўтаруся, мая жонка — магістр фізіка-матэматычных навук. І ўсё ж гэта — не міф. З вышыні свайго, няхай і не надта вялікага, педагагічнага вопыту скажу, што хлопчыкі сапраўды хутчэй асвойваюць прадмет. І сярод тых, хто паказвае высокія вынікі, намнога больш юнакоў. Але растлумачыць гэта не магу.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.